Хваля салідарнасці будзе мець працяг

Кампанія — марафон салідарнасці з палітычнымі вязнямі пад назвай "Хваля салідарнасці", якую праводзіў аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", завершаны. Усе задачы, якія ставіліся перад "Хваляй", выкананыя.



Пра гэта 29 сакавіка паведамілі на прэс-канферэнцыі сустаршыня аргкамітэту па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі і адказны сакратар аркамітэту Дзяніс Садоўскі.

Падводзячы вынікі "Хвалі салідарнасці ", Садоўскі паведаміў, што акцыі інфармавання пра палітвязняў, а таксама мерапрыемствы ў іх падтрымку прайшлі ў 33 гарадах Беларусі, замест запланаваных 37. У межах кам паніі былі распаўсюджаныя тысячы асобнікаў улетак пра палітвязняў, напісаныя сотні лістоў ім і ў іх падтрымку, праводзіліся малебны, канцэрты, вывешваліся сцягі і расцяжкі. Што здзівіла арганізатараў акцыі — дык гэта людзі. "Людзі актыўна ішлі на кантакт. Пры тым, што, калі ў Мінску і абласных цэнтрах людзі яшчэ больш-менш ведаюць пра палітвязняў. То ў рэгіёнах не велалі амаль нічога. Тым не менш, людзі актыўна падпісваліся ў абарону палітвязняў і пісалі ім лісты. Супрацьдзеяння нашым актысвістам амаль не было", — кажа Садоўскі.

Амаль не было супрацьдзеяння акцыям салідарнасці і з боку супрацоўнікаў міліцыі. Паводле Садоўскага, толькі ў чатырох гарадах былі затрыманні яе ўдзельнікаў. І тое, у большасці сваёй затрыманыя адпускаліся без складання пратаколаў. Тых жа, каго судзілі за гэтыя акцыі, атрымлівалі максімум штрафы. "Гэта была наша палітыка: мы раілі сваім сябрам праводзіць акцыі так, каб у выніку не атрымалася новых палітвязняў", — жартаўліва казаў Садоўскі.

Нарэшце, акцыя для арганізатараў мела чатыры галоўных вынікі.

Вынік першы: грамадства зараз праінфармавана, што ў краіне існуюць палітвязні, і гэта з'яўляецца вялікай праблемай. Таксама палітвязні адчулі падтрымку простых грамадзян Беларусі, якія дасылалі ім лісты і паштоўкі.

Вынік другі, па словах Садоўскага, — на працягу пяці год ніводная апазіцыйная арганізацыя і ніводная палітычная партыя не праводзіла агульнанацыянальных кампаній такога маштабу. Тое, што гэтая кампанія прайшла паспяхова, сведчыць: "вуліца" яшчэ не канчаткова страчаная для апазіцыі. Апазіцыя можа праводзіць акцыі, якія цягнуцца амаль бесперапынку паўтары месяцы, і людзі, прынамсі, "на месцах" рэагуюць на гэта нармальна.

Вынік трэці. Апазіцыя здольная аб'ядноўвацца на канкрэтных справах. У "Хвалі салідарнасці" прымалі ўдзел сябры не толькі БХД, але і БНФ, АГП, іншых дэмакратычных партый і арганізацый. То бок, апазіцыя, нягледзячы на ўсе прамовы пра яе раз'яднанасць, аб'ядноўвацца здольная, і мае агульныя каштоўнасці. Якія, на думку арганізатараў акцыі, могуць стаць фундаментам для больш глабальнага аб'яднання.

І чацверты вынік — міжнародны аспект кампаніі. Пра яе правядзенне досыць шырока інфармавалася міжнародная супольнасць. У выніку, еўрадэпутат Палецкіс, наведаўшы Беларусь для складання свайго дакладу, на першае месца ставіў пытанне вызвалення і рэабілітацыі палітычных зняволеных. Вызваленне палітвязняў па-ранейшаму засталося галоўнай умовай "размарожвання" адносінаў з Еўропай.

Па меркаванні Віталя Рымашэўскага, гэтае пытанне трэба "паглыбляць". "Мы павінны адназначна і зразумела заявіць: пакуль не будуць адчыненыя дзверы вязніц, пакуль не выйдуць на волю усе палітвязні і яны не будуць рэабілітаваныя, немагрчымыя ніякія перамовы Еўропы наконт таго, каб скасаваць ці зменшыць спіс беларускіх чыноўнікаў, якія з'яўляюцца "неўяздннымі" у Еўропу. Да тых часоў, пакуль у Беларусі існуе хаця б адзін палітвязень, ніякай еўрапейскай візы спадар міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей атрымаць не павінен", — заявіў Рымашэўскі.

Пры гэтым ён адзначыў, што ў той час, як Захад вядзе нейкія перамовы з афіцыйным Мінскам, а Мінск імкнецца прарваць "заходнюю блакаду", умовы ўтрымання палітвязняў у турмах пагаршаюцца. "Скасаванне "чорных спісаў" беларускіх чыноўнікаў нанясе магутны ўдар не толькі па палітвязнях, але і па іміджу Еўропы, і адначасова — па беларускай апазіцыі. І гэты ўдар можа стаць крытычным", — лічыць Рымашэўскі.

Таму ён адкрыта, праз СМІ, звярнуўся да кіраўнікоў іншых апазіцыйных структур і палітычных партый з заклікам адкінуць убок нейкія "другасныя" пытанні, кшталту пытання аб адзіным кандыдаце, а чарговы раз сесці за чарговы стол перамоваў і пацвердзіць сваю пазіцыю ў пытанні вызвалення палітвязняў. Канешне, адпаведную дамову з адпаведнымі пазіцыямі у 2011 годзе падпісала кааліцыя шасці дэмакратычных палітычных сіл, нагадаў Рымашэўскі, але ж зараз павінна пацверджанне гэтай пазіцыі ў значна большым коле "падпісантаў".

"Мы павінны гаварыць з Еўропай адзіным голасам, з адзінай пазіцыі, каб у еўрапейцаў не было ваганняў наконт нашага адзінства ў гэтым пытанні. Пазіцыя дэмакратычных сіл павінна быць у чарговы раз агучаная публічна, каб і людзі не зняверыліся ў дэмакратычных сілах", — зазначыў Рымашэўскі.

А што ж, уласна, з "Хваляй салідарнасці"? Арганізатары ўпэўненыя, што яна будзе мець працяг у форме "народнай падтрымкі". Па-першае, тыя, хто напісаў лісты і паштоўкі палітвязням, атрымаюць ад апошніх адказы і будуць пісаць ім надалей. Па-другое, народ будзе гэта пытанне раз-пораз абмяркоўваць у размовах са сваімі блізкімі і далёкімі знаёмымі, тым самым распаўсюджваючы інфармацыю. Ну і, па-трэцяе, зараз БХД распачало яшчэ адну аналагічную кампаніюкампанію па напаміне аб зніклых у Беларусі вядомых людзях: былым міністры ўнутраных спраў Юрыі Захаранку, былым старшыні ЦВК Віктары Ганчары, бізнэсмэне Анатолі Красоўскім і журналісце Дзмітрыі Завадскім.

У межах гэтай кампаніі палітвязні таксама забытыя не будуць.

Каментаваць