Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Ці будзе ў беларусаў сваё праваслаўе?

У грамадстве абмяркоўваюць заяву прадстаяцеля Беларускай праваслаўнай царквы, мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла аб немагчымасці нацыянальнай праваслаўнай царквы ў Беларусі.


Сваю заяву прадстаяцель Беларускай праваслаўнай царквы і патрыяршы экзарх усяе Беларусі зрабіў у 3 студзеня 2017 года ў інтэрв'ю праваслаўнай тэлекампаніі «Саюз». Словы мітрапаліта Паўла выклікалі неадназначную рэакцыю ў сацыяльных сетках. Кіраўніцтва Беларусі, у сваю чаргу, імкнецца не даваць рэзкіх каментароў з гэтай нагоды.

Меркаванне мітрапаліта
Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ), якая падпарадкоўваецца Маскоўскаму патрыярхату Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ), выказаў меркаванне, што Беларусі не патрэбна нацыянальная царква. Ён параўнаў ідэю нацыянальнай царквы са спакусай Евы д'яблам. «Адбываецца тое ж самае, кажуць: вы паглядзіце, як выдатна, каб была царква нацыянальная, свая ... Сёння пад добрапрыстойнай падставай — свабода, незалежнасць — спрабуюць навязаць новую ідэю, якая не аб'ядноўвае людзей, а раз'ядноўвае», — заявіў царкоўны іерарх.

У гэтым кантэксце ён таксама выказаўся і наконт «рускага свету»: «Калі мы кажам пра рускі свет, то тут няма ніякай палітыкі. Гаворка ідзе пра тых, хто жыў у тыя далёкія часы — аб русах, якія выйшлі з дняпроўскай купелі, у якіх адна вера, адна царква, адна культура, адзін алфавіт, адна мова».

Пратэсты ў інтэрнэце

Словы кіраўніка БПЦ выклікалі дыскусію ў інтэрнэце і СМІ. Праваслаўны святар з Мінска Аляксандр Шрамко лічыць словы мітрапаліта Паўла «недальнабачнымі». Як тады ставіцца да ўсіх іншых праваслаўным цэркваў — грузінскай, сербскай, румынскай, задаецца пытаннем Шрамко. Паводле яго слоў, гэта нармальна, каб у краіне была свая царква, каб яна была ў добрых адносінах з цэрквамі іншых дзяржаў. «Гэта ў агульнай традыцыі праваслаўнай царквы, гэта натуральны працэс. І наадварот, калі кіруючы цэнтр царквы знаходзіцца ў іншай краіне, гэта выклікае недавер, стварае напружанасць», — лічыць святар. А палітолаг Уладзімір Мацкевіч выказаўся больш катэгарычна: «Прысутнасць на тэрыторыі Беларусі РПЦ ўяўляе пагрозу суверэнітэту».
 
На дыскусійнай пляцоўцы talks.by з'явіліся таксама крытычныя заўвагі з гэтай нагоды: «Вельмі шкада, што праваслаўныя святары замест таго, каб памаліцца за душы вернікаў, займаюцца палітыкай, прычым вельмі няўдала, трэба быць мудрэй». «Не трэба рэлігіі змешвацца з палітыкай. Патрыярха Кірыла непрыемна бачыць побач з Пуціным на ўсякіх сходах і нарадах. Яго месца — у Храме».

На сайце незалежнай газеты «Наша ніва» з'явіліся такія каментары: «Без нацыянальнай беларускай царквы не будзе і нацыянальнай беларускай дзяржавы», «Таварыш Павел забыўся, што прынцып пабудовы праваслаўных цэркваў — памеснасць. Гэта значыць — кожная краіна, народ маюць права на сваю незалежную праваслаўную Царкву».

Даўняя дыскусія

З тэзісам аб неабходнасці існавання ў Беларусі нацыянальнай праваслаўнай царквы згодны сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, праваслаўны па веравызнанні. Што тычыцца прадстаяцеля БПЦ, то палітык звяртае ўвагу, што гэты іерарх прызначаны патрыярхам маскоўскім Кірылам і дасланы ў Беларусь з Расіі ў 2013 годзе. «Ён да гэтага часу не разбіраецца ў спецыфіцы праваслаўя ў Беларусі. Яму здаецца, што праваслаўе, якое з'явілася ў Маскве, і праваслаўе ў Беларусі — гэта адно і тое ж. На самой справе, праваслаўе тут больш старое, больш дэмакратычнае і адкрытае для іншых веравызнанняў, чым расійскі варыянт, схільны да ксенафобіі і шавінізму», — лічыць Севярынец.

Паводле яго слоў, гэта дзве розныя праваслаўныя царквы, але царква — гэта не дзяржава і не палітычная партыя. Таму пытанне нацыянальнай царквы вырашаецца саборна, шляхам доўгіх кансультацый, каб мірна і без канфліктаў усё адбывалася больш-менш натуральна.

Рэакцыя кіраўніка дзяржавы

7 студзеня, падчас наведвання Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мінску, Аляксандр Лукашэнка спакойна выказаўся з нагоды нацыянальнай царквы. На яго думку, «жыццё ўсё расставіць на свае месцы». «Ніколі не трэба бегчы наперадзе паравоза. Нам абсалютна не перашкаджае сёння тое, што мы з брацкімі народамі — расейцамі, украінцамі, іншымі народамі і народнасцямі, якія пражываюць у нашых дзяржавах, ва ўлонні праваслаўя знаходзімся разам», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час, адзначае палітолаг Валер Карбалевіч, кіраўнік Беларусі вельмі хацеў бы, каб БПЦ была больш самастойнай і калі і не падпарадкоўвалася яму, то хаця б ім кантралявалася. Але ісці далёка ў гэтым кірунку Лукашэнку было б складана. Гэта, кажа эксперт, азначала б атрымаць канфлікт з РПЦ, а, значыць, і з Расіяй. Па-другое, можна пачаць рух ў гэтым кірунку, але атрымаць адмоўны вынік, як гэта відаць на прыкладзе Украіны.

«Украінская праваслаўная царква стала на шлях аўтакефаліі, атрымала падтрымку дзяржавы, але нават прыхільнікі незалежнасці не спяшаюцца пакідаць тую царкву, якая знаходзіцца пад Маскоўскім патрыярхатам. І гэта прывяло да сур'ёзнага расколу ў грамадстве», — канстатуе Карбалевіч.

Па дадзеных Міністэрства замежных спраў Беларусі, вернікамі лічаць сябе 58,9% насельніцтва краіны. З іх 82% — праваслаўныя, 12% — каталікі, 6% — прадстаўнікі іншых 23 канфесій, у тым ліку мусульман, пратэстантаў, іўдзеяў, уніятаў і іншых.


Паводле dw.com

Каментаваць