Ці дазволяць «Астравецкі шлях» у Заслаўі?

Акцыі супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС, пра якія было заяўлена падчас "Чарнобыльскага шляху", плануецца праводзіць 26 дня кожнага месяца ў гарадах паміж Мінскам і Астраўцом. Першы населены пункт, дзе плануецца мітынг і шэсце, — Заслаўе.
ЧШ-2018. Фота Арцёма Лявы

ЧШ-2018. Фота Арцёма Лявы



11 траўня арганізатары падалі заяўку на правядзенне акцыі ў мясцовы выканкам, але рэакцыі ўладаў да гэтага часу няма.

"26 траўня мы збіраемся сабраць усіх неабыякавых да праблемы будаўніцтва АЭС на паўгадзіннай мітынг, — распавядае намеснік старшыні Беларускай партыі "Зялёныя" Дзмітрый Кучук. — Пасля гэтага хочам прайсці шэсцем па вуліцах Заслаўя. Акрамя асноўнай праблемы, збіраемся нагадаць чыноўнікам пра палігон ТБА, які знаходзіцца фактычна на тэрыторыі горада і які трэба зачыняць. Таксама многія людзі скардзяцца на якасць пітной вады ў Заслаўі і на састарэлую сістэму ачысткі каналізацыі".

Дзмітрый Кучук звярнуў увагу на тое, што экалагічных праблем, якія трэба вырашаць, хапае ва ўсёй Беларусі, але выбар гарадоў, па якіх у выпадку адабрэння ўладаў пройдзе так званы "Астравецкі шлях", не выпадковы.

"Заслаўе, Вілейка, Маладзечна, Ашмяны, Смаргонь — самыя буйныя гарады, якія мы праязджаем па шляху ў Астравец, — патлумачыў ён. — Менавіта там мы збіраемся праводзіць акцыі кожнае 26 чысло. Апошнюю плануем правесці ў Астраўцы, калі туды будуць завозіць атамнае паліва. Але пакуль чакаем дазволу з Заслаўя. Надзея на станоўчы адказ маленькая, але ў нас ёсць запасны план".

Калі акцыя ў Заслаўі сарвецца, арганізатары правядуць сустрэчу з мясцовымі жыхарамі ў фармаце "круглага стала", куды запросяць экспертаў у галіне экалогіі, або паспрабуюць дамовіцца аб нейкім вялікім памяшканні, каб магчымасць прыйсці і абмеркаваць мясцовыя праблемы была ў кожнага неабыякавага чалавека.

euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць