Ці парк Жыльбера сапраўды гісторыка-культурная каштоўнасць?

Парк Жылібера ў цэнтры старога Гродна ў жыхароў горада выклікае супярэчлівыя пачуцці: кагосьці цешаць атракцыёны ды магчымасць выпіць каву ў любую гадзіну сутак, іншыя ўздыхаюць па дзясятках спілаваных дрэваў ды ўтульнай атмасферы 20-30-гадовай даўніны.
Ігар Трусаў

Ігар Трусаў


Адзінае, у чым меркаванні сыходзяцца, дык гэта ў пытанні гістарычнасці парку: ад яго старога выгляду XVIII ці нават ХІХ ст. ужо нічога не засталося. Але з якой нагоды тады парк мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці?.. Гісторык архітэктуры Ігар Трусаў тлумачыць, чаму нельга называць парк Жылібера паркам XVIII ст., і прапаноўвае свае варыянты яго аднаўлення.

Пра апраўданасць такога статусу, перспектывы аднаўлення парку па стане ў часы Жылібера або ХІХ ст., каруселі і кавярні мы паразмаўлялі з гісторыкам архітэктуры Ігарам Трусавым.


Увесь міф трымаецца на агародзіку Жылібера


Вы сапраўды лічыце, што наяўны ў парку Жылібера статус гісторыка-культурнай каштоўнасці — гэта памылка?


— На мой погляд, такі статус неправамерны. Для нейкай аховы тут проста няма падставаў. З пункту гледжання навукі аб рэстаўрацыі, казаць, што мы маем парк XVIII ст. — нельга.



То бок наш парк нельга лічыць паркам XVIII ст.?


— Гродзенскі стараста Антоні Тызенгаўз напрыканцы XVIII ст., як вядома, запрасіў да нас у горад не толькі архітэктара Сакка і батаніка Жылібера, але яшчэ і архітэктара Спампані. Ён, верагодна, і спраектаваў парк. Менавіта Спампані распрацоўваў парк у Шчорсах пад Наваградкам і, мажліва, парк у Свяцку. Там сапраўды былі спраектаваныя і разбітыя паркі.


Тут жа гэтага не было: меркаваць пра планіроўку парка ў 1780-90-я гады наогул немажліва — няма аніводнага інвентару XVIII ст., які б апісваў парк. Калі такі інвентар, канешне, знойдзе нехта з даследчыкаў — калі ласка — але я вельмі сумняюся…


Дарэчы, па часе Спампані мог толькі спланаваць парк. Дрэвы ў любым выпадку не паспелі б вырасці, бо ўжо хутка пачаліся змены: Рэч Паспалітая была падзеленая, горад перайшоў у іншыя рукі. То бок нават саджанцы не паспелі вырасці, як ужо прыйшлі расейцы, перапланавалі і зрабілі па-свойму.


А як жа батанічны сад Жылібера?


— Батанічны сад — гэта фактычна градкі, дзе раслі лекавыя расліны, якія яму дасылалі з усіх канцоў Еўропы. Гэта градкі, аранжэрэя, што заўгодна, але не парк. Знаходзілася ўсё гэта, дарэчы, бліжэй да дома-музея Багдановіча, дзе зараз месцяцца атракцыёны. Датычна ж парка, ніхто з даследчыкаў пакуль не знайшоў ані графічных крыніцаў, ані інвентароў. Што аднаўляць?


Уявіце сабе, што архітэктар Спампані нешта спланаваў, але раптам скончылася фінансаванне. Тызенгаўза ж адхілілі ад усіх гарадзенскіх справаў у 1785 годзе. Не факт нават, што тады дарожкі паспелі разбіць. Таму ўвесь міф трымаецца на агародзіку лекавых раслінаў, які тут зладзіў Жылібер.



— Ну а як жа хаця б ясень XVIII ст., які быў канчаткова спілаваны зусім нядаўна?


— Мы, зноў жа, нічога пра яго не ведам. Так, гэта ясень XVIII ст. Але ці быў ён прадугледжаны ў парку? Ці адпавядаў ён тагачаснаму праекту? Там, дзе ён стаяў, парк ужо сканчаўся, між іншым.



Да вайны ў парку гралі аркестры ды прадавалі марозіва: не больш!


— А што наконт аднаўлення Губернатарскага саду, які існаваў тут у ХІХ — пачатку ХХ стст.?


Тут значна больш дадзеных: ёсць графічныя матэрыялы, ёсць нават здымкі. Дарэчы, наконт назвы тут ёсць блытаніна: Губернатарскі сад існаваў каля палаца губернатара, які згарэў падчас І Сусветнай вайны. А поруч з былой медыцынскай школай Тызенгаўза, якая ўжо належыла Друцкім-Любецкім, у княгіні быў свой сад, які яна пасля падарыла гораду.


Толькі ў выніку зліцця гэтых двух садоў у ХІХ ст. і паўстаў Гарадскі публічны сад. Дарэчы, толькі пасля гэтага ён і стаў “публічным”, то бок гуляць тут ужо мог кожны гараджанін.



Добра, але аднавіць парк па стане на ХІХ ст. рэальна?


Уявіце сабе, там, дзе мы сядзім (цэнтральны фантан), стаяла драўляная альтанка, дзе гралі палкавыя аркестры тых частак, якія стаялі ў горадзе. Людзі тут наўпрост гулялі ды слухалі музыку. Не было сучаснай танцпляцоўкі, атракцыёнаў, кавярні… А зараз давайце пагаворым пра грошы. Парк у Шчорсах, напрыклад, дзе я працаваў, можна аднавіць. Але пасля: што з ім рабіць? Калі не будзе кавярняў, каруселяў і ўсяго іншага — які прыбытак ён будзе прыносіць? Гэта будзе страшэнна стратнае прадпрыемства.


Аднавіць, тэарэтычна, можна ўсё, што заўгодна. Напрыклад, у парку ў Бальценіках Семянчук знайшоў нават дарожкі XVIII ст., пасыпаныя гравіем! Пры жаданні можна і тут знайсці, гэта праца спецыялістаў. Але я больш пра сэнс кажу. Навошта?



— А што з паркам міжваеннага перыяду?


У нашым музеі захоўваецца план, паводле якога палякі перарабілі парк напрыканцы 1920-х. Заўважце, што частка дрэваў т.зв. Губернатарскага саду была ўжо тады вырубленая. Але тады трэба і помнік Элізе Ажэшцы вяртаць на яго першапачатковае месца – каля лялечнага тэатра. А што рабіць з брацкай магілай і агнём, якія не падлягаюць пераносу?..


У парку міжваеннага часу, дарэчы, прадавалі толькі марозіва з вазочкаў — ніякіх крамаў, зноў жа, не было. За плотам корпуса сучаснага аграрнага ўніверсітэта быў батанічны сад — як у Жылібера.



Можам пакінуць усё як ёсць і не “выдзелвацца”…



Такім чынам, якія шляхі для парку Вам бачацца?


Ёсць два варыянты. Вось першы: тэарэтычна мы можам аднавіць гарадскі сад станам на ХІХ ст. або міжваенны перыяд. Але калі парк знаходзіцца на балансе ўпраўлення культуры, то, як вядома, культура ў нас мае прыносіць грошы: танцпляцоўка, тыр, кавярні ды каруселі грошы прыносяць. А адкуль браць грошы, калі ўсё гэта знікне? Праблема.


А вось другі. Мы можам пакінуць усё так, як ёсць і не “выдзелвацца”, што мы маем парк XVIII ст. Тады ўжо можна рабіць тут усё, што заўгодна. Гэта будзе шчыра, як мінімум.



Даволі песімістычная карціна…А ёсць нейкія пазітыўныя ідэі або пажаданні?


У нас ёсць цалкам нядзеючы Каложскі парк, пра які ўсе забыліся. Зараз у людзей машыны ёсць, ды і наогул дабрацца туды зусім няцяжка. Туды трэба перанесці ўсе атракцыёны і кавярні — і не проста перанесці, а зрабіць там гэтага больш у некалькі разоў, чым тут. Цэнтр побач, узбярэжжа Нёмана побач — цудоўная лагістыка.


А ў парку Жылібера, пасля прыборкі атракцыёнаў, можна было б зрабіць агромністы прыгожы сквер. Няхай эклектычны, які будзе несці ў сабе элементы розных перыядаў. Тады паступова можна будзе падсаджваць дрэвы, якія тут былі ў ХІХ ст. ды ў 1920-30-х гадах. Калі будынак былой медыцынскай школы купяць, уявіце, што парк будзе пачынацца адразу ж ад заезду ў камендатуру.



Пакуль жа… Мы маем фактычна парк культуры і адпачынку савецкага гатунку. Калі мы гэта прызнаем і не кажам пра XVIII ст. — то ўсё ок. Адзінае, што тут месца мала нават на парк адпачынку: яшчэ тры кафэ паставіць і дрэваў не застанецца…


grodno.greenbelarus.info

Фота: Васіль Малчанаў

Каментаваць