Ці варта стымуляваць нараджальнасць у Беларусі?

Чаго не ведаюць пра беларускія сем'і дзяржаўныя органы? Лічбы, за якімі хаваюцца рэальныя праблемы.

Колькасць насельніцтва Беларусі ў пачатку гэтага года складала амаль 9,5 мільёнаў чалавек (на 600 тысяч менш, чым у 1996 годзе). Людзей працаздольнага ўзросту засталося прыкладна столькі ж: 5,7 мільёну ў 1996 годзе і 5,5 мільёны — у 2016-м. Пры гэтым у апошнія гады шмат гаворыцца пра нарастаючую нагрузку на эканамічна актыўнае насельніцтва.

Беларусы сталі пазней уступаць у шлюб і нараджаць дзяцей. Сярэдні ўзрост новаспечаных мужа і жонкі ў 2015 годзе быў 25,5 гадоў для жанчын і 27,5 гадоў для мужчын.

Самая вялікая ўзроставая група ў краіне: людзі ва ўзросце 50–60 гадоў. Таму ў грамадстве растуць хваляванні: як жа працоўныя беларусы змогуць забяспечыць усіх пенсіянераў.

Аднак, па дадзеных Белстата, па колькасці блізкая да «перадпенсійнай» узроставая група 25–34 гады.

Менавіта гэтая група дае прырост нараджальнасці, якую дзяржаўныя органы ставяць у залік дэмаграфічнай палітыцы краіны. У мінулым годзе ў Беларусі нарадзілася 119,5 тысячы дзяцей — абсалютны рэкорд за апошнія 20 гадоў.

На думку кіраўніка праекта па дэмаграфічнай бяспецы Марыяны Сакаловай, за многімі лічбамі, якія атрымліваюцца ў выніку даследаванняў, нічога не стаіць, таму што не хапае іх якаснага аналізу і паглыблення ў вывучэнне пытанняў, што пры гэтым узнікаюць.

У выніку маючы вялікую колькасць статыстычных дадзеных аб беларускім грамадстве, сям'і і дэмаграфічных працэсах, адказныя ведамствы могуць не здагадвацца пра рэальныя праблемы хатніх гаспадарак.

Куды рухаецца Беларусь?

Цяпер лічыцца, што па дэмаграфічнай сітуацыі і змене паводзін грамадства ў пытаннях стварэння сям'і Беларусь знаходзіцца ў межах агульнаеўрапейскіх тэндэнцый. Так і выклікі, якія стаяць перад беларускімі сем'ямі, блізкія да праблем іншых краін.

У першую чаргу сацыёлагі адзначаюць, што ў сувязі з ростам працягласці жыцця і скарачэннем колькасці народжаных у адной сям'і дзяцей, генеалагічныя дрэвы ў еўрапейскім рэгіёне становяцца даўжэй, але танчэй.

Істотны рост разводаў (у Беларусі, па статыстыцы, разводзіцца кожная другая сям'я) адлюстроўваецца на узроўні адукацыі дзяцей, іх адносінах да пытання стварэння сям'і, даверу процілегламу полу. Гэта таксама негатыўна ўплывае на сацыяльна-эканамічны статус усіх чальцоў сям'і. Рост колькасці людзей, якія ствараюць сям'ю па-за афіцыйным шлюбам, ставіць перад урадамі краін пытанне аб дадатковай абароне такіх саюзаў і народжаных у іх дзяцей.

Але не выключана, што ў Беларусі ёсць свае тэндэнцыі і слабыя пункты, на якія варта звярнуць дадатковую ўвагу, распрацоўваючы праграмы па дэмаграфічнай бяспецы і падтрымцы сем'яў.

Нават якасныя, але кропкавыя і вузкія даследаванні часта не дазваляюць убачыць узаемасувязь пэўных працэсаў. Напрыклад, чаму дзяржорганы ўпэўненыя, што варта стымуляваць рост нараджальнасці, які ў бліжэйшыя дваццаць гадоў яшчэ больш павысіць нагрузку на эканамічна актыўнае насельніцтва? Як адбіваецца на кар'еры і імкненні да прафесійнага росту павышэнне росту дапамогі па догляду за дзіцём і трохгадовы дэкрэтны адпачынак? Да гэтага часу застаецца малазразумелым, чаму беларускія бацькі практычна не бяруць удзел у даглядзе за дзіцём у першыя тры гады, калі яны таксама могуць узяць дэкрэтны адпачынак? Ці звязана гэта толькі з тым, што мужчыны ў краіне атрымліваюць больш высокую заработную плату або гэта адгалоскі архаічных поглядаў на сям'ю? Як можна развіваць інфраструктуру і сетку паслуг для ўсё большай колькасці сталых людзей, каб улічыць іх інтарэсы і патрэбы?

Адказаць гэтыя пытанні, на думку экспертаў, дапаможа маштабнае даследаванне, якое стартуе ў пачатку 2017 года. Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ будзе вывучаць як запланаваныя, так і рэальныя паводзіны людзей і хатніх гаспадарак. Намеснік прадстаўніка Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (UNFPA) Алена Касько лічыць, што гэта дазволіць ацаніць выніковасць мер сямейнай і сацыяльна-дэмаграфічнай палітыкі дзяржавы па стымуляванні нараджальнасці.

Каб атрымаць больш ясную карціну, сацыёлагі плануюць працаваць з аднымі і тымі ж рэспандэнтамі на працягу 9 гадоў. Першую справаздачу аўтары падрыхтуюць да канца наступнага года.

На думку Марыяны Сакаловай, атрыманыя дадзеныя дазволяць высветліць: ці дапамагаюць вырашыць праблемы прынятыя дзяржаўнымі органамі меры або не. Вынікі даследавання, якое можна будзе параўнаць з дадзенымі іншых краін дапамогуць зразумець: у які бок рухаецца Беларусь.

Паводле Заўтра тваёй краіны


Каментаваць