Ці будзе каму дапамагаць?

Кампанія назірання за выбарамі “Права Выбару” ў чарговы раз заявіла пра тое, што выбараў у Беларусі няма і бліжэйшым часам не будзе. Прынамсі, ні па якую дэмакратызацыю выбарчага працэсу гаворка не ідзе, заявілі сябры сакратарыяту “Права выбару” Ігар Лялькоў і Дзяніс Садоўскі.



Гэткая заява была зроблена па выніках двух этапаў мясцовай кампаніі — рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты і фарміравання ўчастковых выбарчых камісій — тых камісій, якія непасрэдна займаюцца працэсам галасавання і падліках галасоў выбаршчыкаў.

Як вядома, “Права выбару” аб’ядноўвае ў сябе сем палітычных партый і апазіцыйных структур. Сярод іх — немаленькія Партыя БНФ, Рух “За Свабоду”, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыя “Зялёныя”, а таксама хоць і не зарэгістраваныя, але аб’ёмістыя “Гавары праўду!” і аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Карацей, гэта беларускія палітычныя “цяжкавікі”. Зразумела, што ўсе яны былі зацікаўленыя ў тым, каб забяспечыць ва ўчастковых камісіях сваё прадстаўніцтва. Як паведаміў Дзяніс Садоўскі, участковыя камісіі налічваюць у сваім складзе 67 тысяч 69 асобаў. На гэтыя 67 тысяч з сямі арганізацый “Права выбару” ў гэтыя камісіі было ўключана толькі восем (!!!) чалавек!!!

Паказальная ў гэтым плане сталіца. Тут упершыню за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі ні ў адну выбарчую камісію ўсіх узроўняў — ад тэрытарыяльных да ўчастковых, не ўключылі ні аднаго (!!!) прадстаўніка ад апазіцыйных партыяў ці арганізацый. Па словах Садоўскага, гэта сведчыць пра тое, што ўлады намагаюцца правесці “максімальна стэрыльна”. “Гэта значыць, што ні пра якую дэмакратычнасць і адкрытасць гэтых выбараў казаць няма чаго — выбары будуць праходзіць па ранейшым сцэнары, калі не будуць самымі горшымі за ўсе папярэднія выбары”, — лічыць Садоўскі.

Прыкладна тое ж самае можна казаць і пра рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты. Нагадаем, што “Права выбару” стваралася менавіта для таго, каб наладзіць “дэпутацкае” назіранне: то бок, працаваць у цеснай звязцы з апазіцыйнымі кандыдатамі ў дэпутаты, аказваючы ім падтрымку, а таксама сумесна з імі супрацьстаяць фальсіфікацыям. Але там, дзе “Права выбару” меркавала разгарнуць найбольш плённую працу, супрацоўнічаць ужо няма з кім. Як паведаміў Ігар Лялькоў, было 218 акругаў, а якія была сканцэнтраваная ўвага назіральнікаў. Але рэгістрацыю прайшла роўна палова гэтых кандыдатаў — 109 чалавек.

Асабліва жорсткі “адсеў” праводзіўся ў Гомелі — там вылучалася 36 кандыдатаў, якія мелі планы супрацоўнічаць з назіральніцкай ініцыятывай, але незарэгістраваны быў 31 чалавек. Таксама ў Гомелі павінен быў быць праведзены “другі тур” выбараў у парламент. Галіна Краўчанка, якую падтрымлівалі “праваабаронцы”, таксама не была зарэгістраваная. Дарэчы, Гомельская гарадская выбарчая камісія ўстанавіла і абсалютны рэкорд па “адсеву” прэтэндэнтаў — яна не зарэгістравала ў якасці кандыдатамі ў дэпутаты 61 чалавека.

Ненашмат лепш прайшла рэгістрацыя ў Віцебскі гарсавет — з 13 прадстаўнікоў кампаніі “Права выбару” па-за бортам мясцовай кампаніі засталіся 9 чалавек.

Ігар Лялькоў, дарэчы, пацвердзіў тое, пра што казалі надоечы сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец — у першую чаргу ўлада “выбівае” з гонкі наймацнейшых. “Нават пры прызначаных і абсалютна “стэрыльных” ад апазіцыянераў выбарчых камісіях не былі зарэгістраваныя найбольш моцныя кандыдаты: Тацяна Севярынец у Віцебску, Таццяна Караткевіч у Мінску, тая ж Галіна Краўчанка з Гомелю, Дзяніс Садоўскі, Хрыстафор Жэляпаў, Аляксей Гаўруцікаў, намеснік старшыні партыі “Зялёныя” Дзмітрый Кучук, лідарка маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч, і гэтак далей. Відавочна, што мясцовае чыноўніцтва проста баіцца тых людзей, якія сваёй папярэдняй дзейнасцю пацвердзілі здольнасць вырашаць мясцовыя праблемы, і да таго ж маюць сталыя каманды прыхільнікаў і назіральнікаў. Наменклатурныя “кандыдаты” проста баяцца канкураваць з такімі нефармальнымі лідарамі”,  — лічыць Лялькоў.

Такім чынам, у “Права выбару” паўстала пэўная дылема. Спачатку імкнуліся назіраць, дапамагаць кандыдатам, супрацьстаяць фальсіфікацыям і гэтак далей. Але зараз высветлілася, што дапамагаць не будзе каму. Прынамсі, разлічвалі на ўдвая большую працу, а асноўных удзельнікаў выбарчай кампаніі ўжо выбілі з працэсу. Што рабіць?

Найперш, канешне, усе кандыдаты будуць абскарджваць сваю нерэгістрацыю ў судовым парадку. “Спадзеваў на беларускае правасуддзе ў нас няма, але гэты этап яны прайсці мусяць”, — лічыць Лялькоў. А потым, хутчэй за ўсё, будзе “класічнае” назіранне за выбарчым працэсам. “Мы гатовыя працягнуць сваю працу па тых акругах, дзе зарэгістраваныя нашыя кандыдаты ў дэпутаты. Аднак, нашая мэта застаецца ранейшай — мы разлічваем, што будзем назіраць не менш чым на 750 участках галасавання, і прыцягнем 1500 назіральнікаў. Гэта будзе “скразное” назіранне: то бок, і ў час папярэдняга галасавання і ў асноўны дзень выбараў”, —  адзначыў Дзяніс Садоўскі.

Дарэчы, назіральнікі як сапраўдныя “суправаджальнікі працэсу” кажуць не толькі пра негатыў. Як “станоўчы момант” Лялькоў ацаніў змену палажэння ЦВК у плане таго, што назіральнікі ад грамадскіх аб’яднанняў могуць накіроўвацца на мясцовыя выбарчыя ўчасткі не толькі рашэннем тэрытарыяльнага аддзялення грамадскага аб’яднання, але і ягоным цэнтральным органам. То бок, напрыклад, Рух “За свабоду” ў Мінску можа накіраваць назіральніка некуды ў Магілёўскую вобласць.

Але ўсё роўна, па словах Ляльков, гэта мала што мяняе ў працэсе працы назіральнікаў: яны знаходзяцца за пяць — дзесяць метраў ад стала, дзе лічацца бюлетэні. Да таго ж, сябры камісіі лічаць кожны свой стос бюлетэняў, таемна, на паперцы, перадаюць вынікі старшыні камісіі, і той ужо іх сумуе і аб’яўляе вынік. Пакуль назіральнікі знаходзяцца далёка, а падлік вядзецца негалосна, усе гэтыя пастановы ЦВК не маюць сэнсу.

І, нягледзячы на тое, што мяжа яўкі на мясцовых выбарах адмененая, назіральнікі “Права выбару” ўсё ж будуць сачыць за яўкай выбаршчыкаў. “Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне, каб на выбары прыйшло не менш за 70% маючых права голасу. Мы будзем лічыць, колькі прыйдзе насамрэч, і якім чынам камісіі будуць “нацягваць” ці “маляваць” гэтую яўку. Я сам збіраў подпісы за сваё вылучэнне, хадзіў па кватэрах, і ведаю настрой людзей. Па Мінску аб’ектыўная яўка можа быць у межах 10—15%. Таму і гэты момант для нас вельмі цікавы”, —  паведаміў Садоўскі.

Вынік мы пабачым ужо праз месяц. Выбары — 23 сакавіка.

Каментаваць