Ці быў Джэк Патрашыцель палякам?

Справа Джэка Патрашыцеля — адна з самых загадкавых у гісторыі крыміналістыкі. Дасюль не зразумела, хто стаяў за шэрагам жудасных забойстваў ва Усходнім Лондане ў 1888 годзе. 



Ахвярамі серыйнага забойцы, нагадаем, сталі жанчыны, якія, як правіла, займаліся вулічнай прастытуцыяй. Забойца пераразаў ім горла перад тым, як успароць жывот.
 
 
Каго толькі ні падазравалі ў тых жудасных забойствах. Акрамя розных маргіналаў, псіхапатаў і прайдзісветаў у дакументах сышчыкаў фігураваў нават Льюіс Кэрал — аўтар «Прыгодаў Алісы ў краіне цудаў». Часам высоўваліся самыя фантастычныя тэорыі. Напрыклад, спрабавалі шукаць забойцу ў арыстакратычных кварталах, капаючы пад унука каралевы Вікторыі князя Альберта.
 
І вось новая версія. Не так даўно шэраг СМІ паведаміў, што сапраўднае імя Джэка Патрашыцеля змог даведацца пісьменнік і дэтэктыў-аматар Расэл Эдвардс пры дапамозе адмыслоўца ў галіне ДНК-аналізу, малекулярнага біёлага Яры Лухелайнена.
 
 
Па словах Эдвардса, была праведзена генетычная экспертыза слядоў спермы на шалю адной з ахвяр Джэка Патрашыцеля. Гэты шаль, які, як выявілася, ніколі не мылі, Расэл Эдвардс набыў на аўкцыёне ў нашчадкаў Кэтрын Эдоўз, адной з ахвяр забойцы. У выніку аналізаў Лухелайнен да высновы: Джэкам Патрашыцелем быў польскі імігрант Арон Касмінскі.
 
 
Арон Касмінскі (1865–1919) — польскі яўрэй, які працаваў у Лондане цырульнікам, быў адным з галоўных падазраваных. Паколькі, нібыта, быў злоўлены на месцы аднаго са злачынстваў. Цікава, што ў прэсе таго часу менавіта Арона Касмінскага найбольш часта называлі Джэкам Патрашыцелем. На момант злачынстваў (у 1888-м) яму было 23 гады. Пазней Касмінскі праходзіў па справе за спробу зарэзаць сваю сястру, пасля чаго стаў пацыентам дому вар’ятаў. 
 
 
Навіна пра тое, што Джэкам Патрашыцелем мог быць Касмінскі, стала бомбай у польскай прэсы і выклікала шмат крытыкі. Тэма рэабілітацыі Касмінскага мае палітычны прысмак, паколькі ў Лондане пражывае вялікая польская калонія, якая часта з’яўляецца ахвярай ксенафобскіх забабонаў. Таму шмат хто пабачыў тут адзнакі новай кампаніі супраць эмігрантаў. Тым больш, што брытанскі ўрад мае намер пазбавіць працоўных мігрантаў з ЕС сацыяльных правоў. І навіна пра тое, што Джэк Патрашыцель, быццам, быў палякам-імігрантам, безумоўна, стварае спрыяльны для рэформы фон. 
 
 
Папулярная тэорыя пра тое, што сапраўдным забойцам быў нехта з каралеўскай сям’і. Быццам, паліцыя нарэшце даведалася пра гэта, аднак кампраметаваць каралеўскую асобу, натуральна, было немагчыма. Таму і вырашылі прышыць справу нейкаму маргіналу, якім аказаўся бедны паляк. Прыхільнікі такой версіі ахвотна цытуюць аднаго з брытанскіх гісторыкаў, які, па яго словах, шмат разоў чытаў спіс рэчаў, якія былі знойдзены на месцах забойстваў, і ніякага шалю ў тым спісе, быццам, няма. 
 
 
Так ці інакш, на польскіх інтэрнэт-форумах узнікла цэлая армада абаронцаў Касмінскага. Фактычна, яны праводзяць паралельнае следства. Напрыклад, «дэтэктывы» звярнулі ўвагу на прафесію Касмінскага. «А можа, яго ДНК трапіла на шаль, паколькі Касмінскі працаваў цырульнікам?» — лічыць адзін з іх. 
 
 
Даволі цікавая версія папулярнага часопіса «Neesweek». Журналісты звярнулі ўвагу на тое, што Расэл Эдвардс не так даўно анансаваў публікацыю сваёй кніжкі пра Джэка Патрашыцеля. Медыйны шум вакол асобы забойцы, відавочна, дапаможа ўзняць продажы твору Расэла. 
 
 
Тыя, хто нешта разумее ў біялогіі, маюць сумнеў у тым, што праз сто гадоў можна дакладна выявіць ДНК забойцы на аснове аналізу шаля. Калі верыць абаронцам такога тэзісу, ДНК цяжка выявіць, нават калі рабіць даследаванне касцей або зубоў. Што ўжо казаць пра адзенне, якое за сто гадоў маглі патрымаць у руках сотні людзей. 
 
 
Не абышлося без праяваў антысемітызму. Польскія правыя заклікаць, каб Касмінскага перасталі называць палякам, падкрэсліваючы яго яўрэйскае паходжанне. Таксама прапануюць выводзіць нацыянальнасць Касмінскага паводле пашпарту. Відавочна, што да эміграцыі з Польшчы, якая ўваходзіла ў склад Расійская імперыі, у Арона быў пашпарт з выявай двухгаловага арла. Адпаведна, Касмінскага, на думку нацыяналістаў, трэба называць не палякам, а расіянінам. Самыя буйныя антысеміты патрабуюць, каб падазраванага ў забойствах цырульніка называлі «расійскі яўрэй». 
 
 
Між тым, на гэтым тыдні, на радасць польскай грамадскасці, у прэсе з’явілася інфармацыя пра тое, што Яры Лухелайнен, быццам, падчас сваіх даследаванняў мог дапусціць памылку.
 
 
Група вучоных, сярод якіх і прафесар Алек Джэфрыс (вынаходнік генетычнай дактыласкапіі), лічыць, што Лухелайнен дапусціў «памылку ў наменклатуры» пры выкарыстанні базы ДНК для выяўлення супадзенняў. Таму вынікі не могуць быць сапраўднымі. Такім чынам, даследаванне наконт сапраўднага прозвішча Джэка Патрашыцеля, хутчэй за ўсё, будзе працягнутае. 
 
 
І часам думаецца, нават калі імя злачынцы назавуць, адразу з’явіцца шмат іншых версій. Падаецца, што законы масавай культуры патрабуюць, каб пошукі таго серыйнага забойцы працягваліся вечна. Дарэчы, у спісе асноўных падазроных па справе Джэка Патрашыцеля прысутнічае яшчэ адзін паляк, а таксама і рускі. 
 

Каментаваць