Ці дапаможа «ахоўны ліст»?

Уступіў у дзеянне абноўлены закон «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў». Галоўная навацыя — прафілактыка хатняга гвалту. Закон прадугледжвае жорсткія меры да дэбашыраў, якія парушаюць спакой у сям’і.



Хатні гвалт, лічаць праваахоўнікі — вялікая праблема для, здавалася б, ціхай і мірнай Беларусі. Напрыклад, колькасць асоб, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін, у 2013 годзе павялічылася на 4% у параўнанні з 2012-м. З зарэгістраваных у гэтым годзе забойстваў (113) блізкімі людзьмі здзейснена кожнае пятае. Гэтая праблема, нароўні з праблемай цяжкіх цялесных пашкоджанняў на падставе «бытавой сваркі», найбольш востра стаіць для сельскай мясцовасці, дзе зарэгістравана 36,8% такіх злачынстваў.

У адпаведнасці з новым законам, гвалт у сям’і — гэта «наўмысныя дзеянні фізічнага, псіхалагічнага, сэксуальнага характару члена сям’і ў адносінах да другога члена сям’і, якія парушаюць яго правы, свабоды, законныя інтарэсы і якія наносяць яму фізічныя і (або) псіхічныя пакуты». Іншымі словамі, калі адзін сямейнік пастаянна ўціскае іншага, абражае яго, падымае на яго руку, стварае невыносныя ўмовы, да яго можна будзе прыняць чатыры асноўныя меры ўздзеяння. Гэта прафілактычная размова, афіцыйнае папярэджанне, прафілактычны ўлік і ахоўнае прадпісанне. Ахоўнае прадпісанне тут — новая фішка. Але працэдура такой аховы даволі марудная.

Найперш, для таго, каб атрымаць «ахоўны ліст», трэба прайсці тры першыя этапы. Прафілактычная гутарка ў міліцыі амаль ні да чаго не абавязвае — грамадзяніна проста папярэджваюць, каб ён не рабіў глупстваў. Афіцыйнае папярэджанне — гэта ўжо пісьмовае тлумачэнне аб недапушчальнасці правапарушэнняў. Прафілактычны ўлік — назіранне за паводзінамі грамадзяніна. Усе тры этапы «ўздзеяння» зоймуць каля года.

Ахоўнае прадпісанне ж выносіцца толькі тады, калі, па-першае, усе тры этапы не далі вынікаў, а па-другое, калі чалавек ужо здзейсніў гвалт у сям’і і за гэта адміністрацыйна асуджаны. Прычым, адміністрацыйная кара павінна быць прызначаная толькі па трох артыкулах: дробнае хуліганства, абраза, пабоі і прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання, якое не прывяло да шкоды здароўю.

Ахоўным прадпісаннем грамадзяніну, у дачыненні да якога яно вынесена, забараняецца прадпрымаць спробы высвятляць месца знаходжання грамадзяніна, пацярпелага ад ягоных дзеянняў, калі той знаходзіцца ў месцы, невядомым агрэсару; наведваць месцы знаходжання пацярпелага; мець зносіны з пацярпелым, у тым ліку па тэлефоне і з выкарыстаннем інтэрнэту. Ахоўнае прадпісанне можа нават абавязаць агрэсара «часова пакінуць агульнае з ахвярай жылое памяшканне і не дазваляе распараджацца агульнай сумеснай уласнасцю». То бок, адсяліць гвалтаўніка ад ахвяры. Згаданыя абмежаванні могуць быць устаноўлены на тэрмін ад 3 да 30 сутак.

Што здзіўляе ў гэтым законе? Найперш, гэта тое, што трэба дачакацца «адміністрацыйна караных» дзеянняў агрэсара — то бок збіцця, моцнай абразы, хуліганства. Другое — «маруднасць» атрымання ахоўных мераў. І трэцяе — відавочна малы тэрмін «ахоўнага ліста». Першыя «папераджальныя меры» дзейнічаюць недзе на працягу года, і, калі «драпежнік» не звяртаў на іх увагі, то цяжка чакаць, што ён выправіцца за 30 дзён.

Ці не трэба было б хаця б зрабіць ахову больш працяглай у прасторы і ў часе? Як у Штатах, дзе забаронена набліжацца да асобы, пацярпелай ад хатняга гвалту, бліжэй за кіламетр?

«Патрэбнымі, але палавінчатымі» назваў гэтыя меры былы следчы, а зараз праваабаронца Алег Волчак. Праўда, зазначыў ён, да гэтых зменаў сітуацыя была ўвогуле ахавай — суд мог забараніць «хатняму драпежніку» толькі ўваходзіць у дом ахвяры, і больш амаль нічога. Праваабаронцу таксама непакоіць і кароткі тэрмін «ахоўнага ліста», і тое, што гэты ліст выносіцца шляхам «расцягненага ўздзеяння» на гвалтаўніка. І яшчэ больш яго турбуе, што гэтыя «ахоўныя лісты» зноў кладуцца на плечы міліцыі: фактычна, на ўчастковых. «Гэта значыць, супрацоўнік міліцыі будзе і ажыццяўляць нагляд за выкананнем, і вызначаць, каму ахоўны ліст патрэбны, ён павінен быць і псіхолагам, і ў нейкай ступені сацыёлагам, і юрыстам. А ў нас міліцыянты не ўсе маюць нават юрыдычную адукацыю. Дзе мы возьмем настолькі падрыхтаваныя кадры?» — задаецца пытаннем Волчак.

Не кожны пацярпелы ад хатняга гвалту звернецца ў міліцыю, бо, з аднаго боку, сорамна выносіць «смецце з хаты». З іншага, не давяраюць нашы людзі міліцыянтам. Дый часцяком бывае і так, што спачатку жонка выкліча міліцыю на «сямейную сварку», а потым сама ж абараняе «суджанага» ад праваахоўнікаў.

Па меркаванні Волчака, «ахоўныя лісты» павінен выдаваць суд, і яны павінны быць больш працяглымі — ад 1 года да 1,5 гадоў, як у Даніі альбо Канадзе. Але ўсё ж такі трэба прымаць больш комплексныя меры ў барацьбе з хатнім гвалтам. «Гэта, канешне, «незаўважная» праблема нацыянальнага маштабу, і меры павінны быць адпаведныя. У нас ужо год шэсць у парламенце ляжыць някепскі закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту — з улікам міжнароднага досведу. У парламентароў да яго рукі ніяк не дойдуць. Трэба прымаць не «прафілактычныя дапаўненні», а цэльны закон альбо комплекс законаў у гэтым рэчышчы», — лічыць Волчак. 

Каментаваць