Ці не апынецца беларускі дэсант ва Украіне?

З аэрадрому ў Мачулішчах у Краснадарскі край Расіі накіраваліся каля двух дзясяткаў вайскоўцаў аднаго з падраздзяленняў 38-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады.



Ваенны кантынгент беларускіх сілаў спецаперацыяў возьме ўдзел у батальённым тактычным вучэнні паветрана-дэсантных войскаў Узброеных сілаў Расіі, якое пройдзе 2-5 верасня на навучальна-трэніровачным палігоне «Раеўскі»  непадалёк ад Наварасійска. Гэта афіцыйная інфармацыя.  

Вось толькі мяне бянтэжыць сам факт адлёту нашых дэсантнікаў у Расію ў той момант, калі тая пачала наўпроставыя ваенныя дзеянні ва Украіне. Кепскія адчуванні ўзніклі пасля прагляду і прачытання выступаў расійскіх дэсантнікаў, якія трапілі ў палон прадстаўнікоў Антытэрарыстычнае аперацыі. 
 
 
Маладыя расійскія жаўнеры, прынамсі, некаторыя з іх, нават не здагадваліся, што іх сарвалі з пастаяннага месца дыслакацыі дзеля таго, каб адправіць на вайну ва Украіну. Ім таксама казалі, што яны нібыта едуць на вучэнні ў Растоў на нейкія там трое сутак. І пачыналі разумець, што знаходзяцца на тэрыторыі чужой краіны і не на вучэннях толькі пасля таго, як у іх танк, БТР ці грузавік траплялі снарады, выпушчаныя ўкраінскімі вайскоўцамі, якія абараняюць сваю краіну ад усходняга агрэсара.  
 
 
Беларусь, «дзякуючы» шматгадоваму інтэграцыйнаму свярбенню свайго нязменнага кіраўніка, апынулася ў ваенным хаўрусе з Расіяй у цалкам падначаленым становішчы. Як і ў поўнай эканамічнай і палітычнай залежнасцьі ад Масквы. 
 
 
Гэта азначае, што Крэмль можа рабіць з афіцыйным Мінскам усё, што захоча. І нельга асбалютна выключаць, што беларускіх дэсантнікаў праўдамі ці няпраўдамі могуць закінуць на тэрыторыю Украіны, каб тыя «набіраліся досведу» удзелу ў баявых дзеяннях. Ці проста дзеля таго, каб запляміць іх рукі крывёю ўкраінцаў і тым самым прыкаваць да сябе беларускае кіраўніцтва, якое яшчэ спрабуе падавацца ў якасці міратворцы і носьбіта нейтралітэту, крываваю кругавою парукаю. 
 
   
Цынізм і бязглуздасць паводзінаў расійскага правадыра і ягоных памагатых пакідаюць багатае поле для развагаў. Таму і нечаканы і несвавольны ўдзел хоць і невялікае колькасці беларускіх вайскоўцаў у расійска-украінскай вайне не падаецца такім ужо фантастычным развіццём падзеяў.  Верагодна, беларускім кіраўнікам варта было б да поўнага ўрэгулявання канфлікту на поўдні ад нашай мяжы цалкам устрымацца ад усіх дзеянняў і мерапрыемстваў, звязаных з расійскай мілітаршчынай.
 
 
Міжнародная супольнасць нас бы зразумела і ўхваліла. Інакш недалёка ад таго, што Масква запатрабуе праявы і пацвярджэння «адданасці саюзніцтву» ад сваіх беларускіх хаўруснікаў на «поле брани» з усімі зразумелымі і жахлівымі наступствамі. 
 
 
P.S. Беларусы яшчэ не забыліся, што такое «Груз-200» і цынкавыя труны з Афганістану. А ён быў ад нас значна далей за Украіну. Не дай Бог паўтору. 

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2014-08-29 16:03:09
У "МаШулішчах"?
  • Бамбр
  • 2014-08-29 17:53:43
Машулічшах ці Мачулішчах, абы вайны не было.

Каментаваць