Ці не занадта мы любім грошы?

Калі я чуў меркаванні палітолага Андрэя Суздальцава пра магчымасць здзяйснення ў Беларусі новых тэрактаў, я яму не верыў. Аказваецца, дарма.
 



Тады Суздальцаў казаў пра тое, што, як толькі Беларусь фінансава прыціскаецца — Масквой ці Захадам, як толькі ўзнікае неабходнасць аддаваць крэдыты, у беларускай улады знаходзяцца іншыя (і вельмі важныя!) справы. Тэракт у метро ў 2011 годзе, на думку палітолага, мабілізаваў беларускае грамадства вакол улады ў час эканамічнага крызісу. «Вось пабачыце, калі ў Лукашэнкі настане час аддаваць крэдыты ці зноў спатрэбяцца грошы, на мяжы з Літвой альбо Польшчай з’явіцца нейкі партызанскі атрад, які зноўку трэба будзе лавіць і абараняць Маскву ад палякаў, якія з шаблямі ідуць захапіць Крэмль», — заяўляў Суздальцаў.


Шмат хто ставіўся да гэтага скептычна. Але зараз падобна на тое, што прагноз палітолага спраўджваецца.


Не так даўно Масква заявіла пра планы скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь у чацвёртым квартале 2012 года з 5,3 да 4 мільёнаў тон у адказ на «растваральны» бізнэс, якім беларускі бок займаўся ў першым паўгоддзі. Нафтапрадукты, вырабленыя ў Беларусі з расійскай сыравіны, экспартаваліся ў Еўропу пад выглядам разбавіцеляў і растваральнікаў, што не абкладаюцца экспартнай пошлінай. Паколькі гэтая пошліна павінна была паступаць у расійскі бюджэт, Расія недалічылася буйной сумы. 29 кастрычніка стала вядома, што Масква патрабуе ад Беларусі кампенсаваць 1,5 мільярда долараў у якасці недаатрыманай пошліны ад «растваральнага» бізнэсу.


Урадавая дэлегацыя неадкладна выехала ў Маскву. 2 лістапада віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка паведаміў, што з расійскім бокам дасягнута дамоўленасць аб пастаўцы ў Беларусь 5,3 мільёна тон нафты.


5 лістапада намеснік міністра энергетыкі Расіі Павел Фёдараў заявіў, што разглядаецца магчымасць пастаўкі ў Беларусь да канца гэтага года 4,8 мільёна тон нафты ва ўвязцы са зваротнымі пастаўкамі 200 тысяч тон бензіну.


6 лістапада прэс-сакратар кампаніі «Транснафта» Ігар Дзёмін паведаміў, што ў лістападзе ў Беларусь плануецца дадаткова паставіць 315 тысяч тон нафты, у снежні — 420 тысяч тон. Апрача таго, дадаў ён, «на снежань шукаецца магчымасць павелічэння дадатковых аб’ёмаў да 600 тысяч тон». «Але пакуль яе няма», — падкрэсліў прэс-сакратар. На лістапад, паводле слоў Дзёміна, ужо аформлены 275 тысяч тон з 315-ці. «Шукаем дадатковыя 40 тысяч тон», — сказаў ён. У цэлым па квартале «пакуль атрымліваецца пастаўка ў Беларусь у аб’ёме 4,75 мільёна тон». «Калі ў снежні атрымаецца знайсці дадатковы аб’ём у 600 тысяч тон, то квартальныя пастаўкі ў Беларусь складуць 4,9 мільёна тон», — сказаў прэс-сакратар «Транснафты».


У той жа час, калі нашы нафтавікі абмяркоўвалі пастаўкі сыравіны, у Беларусі адбываюцца дзіўныя здарэнні, якія прымушаюць узгадаць словы Суздальцава.


5 лістапада раптам з’яўляецца інфармацыя, што ў раёне другой заставы Гродзенскай памежнай групы на адным з участкаў беларуска-польскай мяжы адбыўся выбух. Пазней было ўстаноўлена, што выбух адбыўся ў перыяд з 21.10 да 21.20 4 лістапада. «Вынікі вывучэння слядоў на мясцовасці дазваляюць вылучыць версію аб датычнасці да выбуху асоб, якія рабілі спробу або ўчынілі незаконнае перамяшчэнне праз мяжу», — сказаў прэс-сакратар КДБ Антановіч.


6 лістапада з’яўляецца паведамленне, што двое чачэнцаў, грамадзян Расіі, былі затрыманы 4 лістапада на ўчастку адной з застаў Брэсцкай пагранічнай групы. Незвычайнасць здарэнню надало тое, што каўказцы спрабавалі нелегальна перасячы мяжу не з Беларусі ў Польшчу, а з Польшчы ў Беларусь.


Ну чым не «партызанскі атрад чачэнскіх баевікоў з выбухоўкай»? І акурат падчас перамоваў па нафце! Ці гэта супадзенне? А можа Суздальцаў меў рацыю? І зараз афіцыйны Мінск будзе скарыстоўваць чачэнцаў як дэманстрацыю Маскве: маўляў, мы абаранілі вас ад тэрарыстаў, дайце грошай.


А калі не дадуць грошаў — адключым нафту. Прыблізна ў 11.00 4 лістапада адбыўся разрыў нафтаправода Унеча — Мазыр рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба» канцэрна «Белнафтахім». Разрыў здарыўся каля вёскі Ігаўка Добрушскага раёна. Нафта разлілася на плошчы прыкладна 100 квадратных метраў.


Так што трэба Беларусі тэрмінова латаць транзітную трубу, на што таксама патрэбныя грошы. Альбо іх з Масквы дадуць, альбо хай прабачаць нам 1,5 мільярда долараў пошліны. Інакш мы не адказваем за наступствы і стабільную працу нафтаправода.


Пакуль што выбіваецца з гэтага лагічнага шэрагу напад на пасольства Літвы ў Мінску. Інцыдэнт адбыўся позна вечарам 6 лістапада — невядомыя кінулі бутэлькі з запальнай сумессю на тэрыторыю пасольства Літвы. Узгаранне пагасілі літоўскія паліцэйскія.


Адразу ж следчы камітэт распачаў бурную дзейнасць. Для расследавання крымінальнай справы ў сувязі з атакай невядомых на пасольства Літвы ў Мінску створана следчая група з ліку найбольш кваліфікаваных следчых. Органам унутраных спраў даручана правядзенне аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Пытанне аб перадачы відэазапісу з камер назірання вырашаецца ва ўстаноўленым законам парадку ў адпаведнасці з міжнароднымі нормамі. Крымінальная справа пакуль распачата за хуліганства.


Калі б гэты інцыдэнт адбыўся з расійскім пасольствам — можна было б будаваць канспіралагічныя версіі ў падтрымку Суздальцава. Калі б, як раней, на тэрыторыю пасольства Літвы кінулі б улёткі з напамінам пра 7 кастрычніка, таксама было б усё зразумела. Пакуль што ніводная з больш-менш радыкальных арганізацый адказнасць за гэта на сябе не ўзяла — ні РНЕ, ні нацыянал-бальшавікі, ні анархісты. Варта адзначыць, што беларуская міліцыя ніводнага разу не знайшла тых, хто раней закідваў пасольства Літвы пляшкамі з фарбай альбо ўлёткамі.


Можа, гэтым разам знойдуць і пакажуць Еўропе, што ў нас таксама ідзе барацьба з міжнародным тэрарызмам? А можа, гэта спроба паказаць той жа самай Маскве, што ў нас і без іх клопату багата, і «дайце грошай, а то вашы «тэрарысты» «падвіснуць»?


У сувязі з гэтым узнікае пытанне: а ці не занадта мы любім грошы, калі за гэта гатовы на ўсё — на выбухі, на закідванне пасольстваў «кактэйлямі Молатава»? Гэта ж і для нас небяспечна.

Каментаваць