Ці трэба журналістам звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН?

Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) з Магілёва Аляксандр Буракоў накіраваў індывідуальную скаргу ў Камітэт па правах чалавека (КПЧ) ААН. Ён просіць КПЧ прызнаць факт парушэння з боку Рэспублікі Беларусь яго правоў, гарантаваных артыкулам 19 у сукупнасці з пунктамі 2 і 3 артыкула 2 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.



Буракоў, як паведамляе прэс-служба БАЖ, звярнуўся ў КПЧ ААН пасля праходжання ўсіх судовых інстанцыяў у Беларусі ў спробах абскардзіць свой штраф. 8 кастрычніка 2014 года суддзя Ленінскага раённага суда Магілёва Алена Волкава пакарала на 40 базавых велічынь (6 мільёнаў рублёў). Суд прызнаў журналіста вінаватым у парушэнні часткі 2 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП) Рэспублікі Беларусь (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Падставаю для адміністрацыйнага пакарання паслужыў размешчаны на сайце "Deutsche Welle" (dw.de) 25 жніўня 2014 года артыкул «Тропой контрабандиста: работают ли российские санкции в приграничье?» за подпісам Аляксандра Буракова, які  перакананы, што пры справядлівым і неперадузятым судовым разглядзе штраф быў бы даўно адменены.

Ад беларусаў у КПЧ ААН за апошнія дваццаць гадоў былі накіраваны дзясяткі скаргаў, якія беларускія ўлады проста праігнаравалі. Дык навошта, у прыватнасці, журналістам марнаваць час і высілкі дзеля чарговых зваротаў у гэтую міжнародную структуру?

Як адзначыў у інтэрв’ю «Новаму Часу» старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, гэта пытанне, наколькі ўвогуле мае сэнс змаганне за свае правы прававымі сродкамі, калі ў пераважнай большасці выпадкаў вынік зразумелы.

«З практычнага пункту гледжання ёсць магчымасць, што калі зменіцца ўлада, то ўсе «соображения», як гэта завецца ў КПЧ, будуць прынятыя да ўвагі. Асабіста я спадзяюся, што крытычная маса такіх высноваў КПЧ пэўным чынам уплывае на беларускія ўлады і можа прымусіць іх з цягам часу змяніць практыку, — мяркуе кіраўнік БАЖ. — Нельга казаць, што ўсе нашы высілкі дарэмныя. Мы бачым, што пэўныя вынікі ёсць, умоўна кажучы, сёлета мы налічылі толькі шэсць затрыманняў журналістаў, хаця ў папярэднія гады такіх выпадкаў было значна больш. Хаця зразумела, што да канца бягучага года гэтая лічба можа істотна змяніцца, асабліва на перыферыі. І я спадзяюся, што ціск з боку міжнародных структураў, у тым ліку і рашэнні  КПЧ ААН, могуць паўплываць і на змяненне практыкі прыцягнення да адказнасці журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ».

Сёлета мелі месца ўжо больш за 20 выпадкаў асуджэння журналістаў да вялікіх штрафаў. Наперадзе — новыя суды. Так, як паведамляе Служба маніторынгу БАЖ, у Глыбоцкім раённым судзе будуць судзіць журналістаў Таццяну Смоткіну (9 ліпеня) і Змітра Лупача (10 ліпеня). Пачатак абодвух працэсаў а 10.00. Супраць Таццяны  распачата адміністрацыйная справа за выраб матэрыялу «Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўнымі", размешчанага 9 чэрвеня на сайце «Беларускага Радыё Рацыя» (Польшча). Змітра Лупача вінавацяць за артыкул "Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года", размешчаны на сайце "Еўрарадыё". Пратакол аб правапарушэнні (артыкул 22.9 КаАП) на журналіста, як і на Таццяну Смоткіну, склаў старшы інспектар Вячаслаў Барыла.

«Так, у чэрвені было восем штрафаў, за ўвесь мінулы год — з красавіка да канца года — дзесяць штрафаў. Пакуль спыніць гэтае кола не атрымліваецца, але гэта не значыць, што не трэба рабіць намаганняў, каб спыніць гэта ў будучыні», — упэўнены Андрэй Бастунец. 

Дарэчы, за апошні час суддзі паводле міліцэйскіх пратаколаў ужо 21 раз судзілі журналістаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Агульная сума штрафаў ужо перавысіла 100 мільёнаў беларускіх рублёў.

Каментаваць