Цяжкі груз дэмакратыі

Палітычная кампанія ва Украіне — 28 кастрычніка абіралі дэпутатаў парламента — абяцае працягвацца ў традыцыйным для гэтай дзяржавы рэчышчы: скандалы, інтрыгі, сенсацыі... Разам з тым сацыялагічныя даследаванні і агульная атмасфера ў краіне паказваюць, што людзі зняверыліся як ва ўладзе, так і ў апазіцыі (тым больш, што яны паспелі памяняцца  за кароткі час месцамі) і шукаюць сабе трэцюю, альтэрнатыўную, сілу.



У адрозненне ад Беларусі, ва Украіне галасы лічаць павольна. Так, толькі на трэці дзень было апрацавана 98,01% пратаколаў. Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама Украіны, у Вярхоўную Раду Украіны патрапяць прадстаўнікі наступных палітычных сілаў: за кіруючую Партыю рэгіёнаў прагаласавалі 30,23% выбаршчыкаў, за ВА «Бацькаўшчына» — 25,37%, за партыю «УДАР» Віталя Клічко — 13,86%, за Камуністычную партыю Украіны — 13,26%, за УА «Свабода» — 10,35%.

Нацыянальны exit-poll–2012 паказаў блізкія да ЦВК вынікі: Партыя рэгіёнаў — 28,6% галасоў выбаршчыкаў, аб’яднаная апазіцыя «Бацькаўшчына» — 24,7%, партыя «УДАР» Віталя Клічко — 15,1%, Камуністычная партыя Украіны — 11,8%, УА «Свабода» — 12,3%.

Цікава, што партыя-пачатковец «УДАР» з першай спробы патрапіла ў парламент. Натуральна, з аднаго боку гэтаму спрыяла асоба яе лідара — вядомага баксёра Віталя Клічко. З другога — аналітыкі тлумачаць такое волевыяўленне грамадзянаў іх спробаю знайсці альтэрнатыву палітыкам, якія нясуць расчараванні. Хаця усеагульны апатычны стан быў відавочны: запалу і аганьку ў вачах, з якімі ўкраінцы рабілі сваю «памаранчавую рэвалюцыю» ў 2004 годзе, і блізка не было. Людзі прагнуць вырашэння іх сацыяльных праблем, палітыкі ж прапануюць прыгожы папулізм.

«Адносіны да палітычнага жыцця скептычныя, бо большасць мяркуе, што выбары не будуць сумленныя, што выбары нічога не зменяць, удзел у іх таксама ні на што не паўплывае. Ёсць стан агульнай расчараванасці ў выбарах, у палітыцы, у даверы да палітыкаў, — распавяла напярэдадні «дня Х» украінскі сацыёлаг, спецыяліст у галіне палітычнай і электаральнай сацыялогіі Ірына Бекешкіна. — Менавіта таму гэтыя выбары, нягледзячы на жорсткую барацьбу ў мажарытарных акругах, праходзілі вяла. Напрыклад, за месяц да выбараў крыху больш за палову апытаных у межах сацыялагічнага даследавання грамадзянаў ведалі, што будзе дадатковы бюлетэнь з мажарытарнымі кандыдатамі, а сярод тых, хто планаваў пайсці на выбары, пра гэта не ведалі 17 працэнтаў увогуле».

Тым не менш нізкая абазнанасць у палітычным працэсе не перашкодзіла ўкраінцам пайсці і выказаць сваю пазіцыю (паводле інфармацыі ЦВК, яўка на парламенцкіх выбарах склала блізу 58%, што лічыцца нармальнай актыўнасцю грамадзянаў). Сацыёлаг Ірына Бекешкіна гаворыць, што пры ўсёй расчараванасці ўкраінцы не гатовыя да байкоту ці ігнаравання выбараў. «Гэта дакладна нічога не можа даць, бо калі я не пайшла на выбары, то сама сабе заткнула рот», — аргументуе эксперт і свой візіт на выбарчы ўчастак.

Можна сказаць, што бліжэйшым часам Украіну чакаюць новыя неспадзеўкі ў палітычным моры, якое, у супрацьвагу беларускаму, бруіць і хвалюецца, нібы падчас шторму. Ужо ў ноч пасля выбараў прадстаўнікі палітычных сілаў па тэлебачанні ў прамым эфіры бурна абмяркоўвалі магчымасці імпічменту для прэзідэнта Віктара Януковіча, разважалі, у каго якія шанцы на аб’яднанне і стварэнне кааліцыі. Шчыра прызнацца, гэтая перадазіроўка галоснасці ды эмацыйнасці ўкраінскіх палітыкаў нават стамляе беларусаў, спакойных і не прывучаных да публічных скандалаў. А яшчэ ўпэўнена падводзіць да высновы, што мала займець дэмакратыю ў розных яе праявах. Трэба навучыцца цывілізавана карыстацца яе дабротамі.

Ёсць адзін цікавы аспект палітычнага жыцця і яго аналізу ў нашых паўднёвых суседзяў. Беларускія аналітыкі бачаць выразныя званочкі і ўхіл палітычнай сістэмы Украіны ў бок аўтарытарызму, гэтак званай «лукашынізацыі». Аргументы гэтай небяспекі — і парушэнні падчас выбараў, і абмежаванні для апазіцыі, і ўзмацненне прэзідэнцкай улады.

Аднак большасць украінскіх экспертаў (прынамсі, маіх суразмоўцаў) падкрэслівалі, што паўтарэнне «беларускай мадэлі» ва Украіне немагчымае. Гэтаму перашкаджаюць і наяўнасць багатых, уплывовых людзей, і падзел Украіны паводле геапалітычных прыхільнасцяў, і багатая на «гецьманшчыну» ўкраінская гісторыя.

«Цягнік аўтарытарызму тут ужо сышоў. Цяпер ва Украіне не толькі шмат багатых людзей, сфарміраваліся ліберальныя правілы для вядзення бізнэсу, але і вырасла пакаленне людзей, якія адчуваюць смак свабоды. І алігархі хутчэй аб’яднаюцца супраць сілы, якая захоча іх аслабіць, чым дазволяць стварыць адзіны цэнтр», — гаворыць палітолаг Святлана Кананчук.

Бліжэйшым часам ва Украіне будуць дзяліць міністэрскія партфелі, разбірацца, з кім і супраць каго можна сябраваць у Вярхоўнай Радзе, даказваць сваю рацыю ў выніках падліку галасоў. На Беларусь, хутчэй за ўсё, гэтыя эмацыйныя працэсы ніяк не паўплываюць. Аднак ёсць і меркаванні, што калі ўкраінскай палітычнай эліце ёсць чаму павучыцца ў беларускага кіраўніцтва, то ў нейкі момант той, каго беларускі лідар раіў праверыць на вашывасць, можа звярнуцца ў Беларусь па кансультацыі.

У бліжэйшых нумарах «НЧ» мы прапануем нашым чытачам экспертныя ацэнкі і прагнозы наконт таго, як хутка па-за паўднёвымі межамі Беларусі адбудзецца вызначэнне з геапалітычным курсам і што гэта прынясе айчыннай стабільнасці.
 

Каментаваць