Цела немаўляці знайшлі ў смеццевым кантэйнеры ў Баранавічах

Гэта ўжо трэці выпадак у краіне з пачатку чэрвеня, калі знаходзяць у сметніцах нежывых немаўлят.



Труп нованароджанага быў знойдзены раніцай 10 чэрвеня ў смеццевым баку ў двары дома, паведамілі Intex-press у прэс-службе Баранавіцкага ГАУС.

У Полацку 31 траўня ў сметніцы каля аднаго з жылых дамоў горада было знойдзенае цела немаўляці. Па словах медыкаў, дзіця нарадзілася здаровым.

У Мінску 5 чэрвеня ў смеццеправодзе студэнцкага інтэрната БДТУ № 4 па вуліцы Беларускай быў знойдзены труп немаўляці. Эксперты ўстанавілі, што дзіця нарадзілася жывым.

У Еўропе праблему кінутых немаўлят вырашаюць з дапамогай бэбі-боксаў. У Беларусі пытанне адкрыцця бэбі-боксаў актыўна абмяркоўвалася з 2009 года. З падобнай ініцыятывай выступіла Генеральная пракуратура, прапанову падтрымала Міністэрства аховы здароўя. Але да адзінага рашэння ў вярхах тады так і не прыйшлі.

«Акно жыцця» або т.зв. babybox — гэта спецыяльна абсталяванае ў медыцынскай установе месца ў выглядзе акенца з боку вуліцы са спецыяльнай калыскай з унутранага боку будынка. Адкрываючы «акно жыцця» звонку, дзіця кладуць на адмысловы ложачак, пасля чаго дзверцы зачыняюццца. Каля бэбі-бокса няма ні відэакамер, ні аховы. Пра пакінутае дзіця ўнутры памяшкання даведваюцца па трывожным званку і мігценню лямпы.

Каментаваць