Цёмныя справы робяцца цішком

Адзіны ў Беларусі штомесячны незалежны гуманітарны часопіс на беларускай мове апынуўся пад пагрозай закрыцця. Прадстаўнікі рэдакцыі “ARCHE кажуць, што закрыццё выдання будзе непапраўнай стратай для інтэлектуальнай супольнасці краіны.
 



Пасля інцыдэнту, які адбыўся 14 верасня на прэзентацыі кнігі Яна Шумскага “Саветызацыя Заходняй Беларусі. Навука і прапаганда на службе ідэалогіі ў Гродна паміж галоўным рэдактарам часопіса Валерам Булгакавым і мясцовымі падаткавікамі, пачалі разгортвацца падзеі, якія цяпер пагражаюць існаванню часопіса “ARCHE. Дэпартамент фінансавых расследаванняў шукае парушэнні ў дзейнасці выдаўца ды апелюе да незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

Разам з тым прадстаўнікі рэдакцыі адзначаюць, што ў прэтэнзіях да “ARCHE ўжо выразна прасочваецца палітычная замова. Днямі Беларускае тэлебачанне ў праграме “Зона Х паказала сюжэт, у якім выказваліся прэтэнзіі да кніжных выданняў “ARCHE. Журналіст Аляксандр Вярбіцкі распавядаў пра “сумнеўны змест выданняў, якія быццам бы пераацэньваюць падзеі Другой сусветнай вайны ды займаюцца прапагандаю фашызму. У якасці ілюстрацыі да адпаведных каментараў паказвалі, напрыклад, кнігі Яна Станкевіча “Язык і языкаведа, Уладзіміра Ляхоўскага “Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове ХІХ — 1-й палове ХХ ст. (да 1939 г.). Кандыдат гістарычных навук Уладзімір Ляхоўскі накіраваў у рэдакцыю Беларускага тэлебачання ліст з патрабаваннем публічных прабачэнняў.

“Пагром інтэлектуальнага асяродку “ARCHE, закрыццё часопіса нанясе непапраўную шкоду інтэлектуальнай супольнасці. Калі ўлады зачыняць часопіс, то прастора для выказвання інтэлектуальнай, акадэмічнай думкі яшчэ больш звузіцца, — канстатуе адзін з заснавальнікаў часопіса “ARCHE Андрэй Дынько. — Сёння ўлады зачыняюць часопіс “ARCHE, потым — літаратурны часопіс А, пасля — штотыднёвік В, інтэрнэт-партал С. У гэтай сітуацыі мы мусім звяртацца да міжнароднай падтрымкі і салідарнасці.

Старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў Жанна Літвіна гаворыць, што прагназаваць развіццё падзей вакол часопіса “ARCHE цяжка, бо гэта палітычнае рашэнне. “Але мы не адзін раз сутыкаліся з сітуацыяй, калі спачатку па Беларускаму тэлебачанню выходзіць адпаведны матэрыял, што як бы фарміруе грамадскую думку, а потым улады прымаюць у дачыненні да суб’екта жорсткія рашэнні. Часопіс “ARCHE выбітны, і страціць мы яго не можам. Часопіс фармуе інтэлектуальнае поле і тым самым стварае перашкоды дзяржаўнай ідэалагічнай лініі, — кажа кіраўніца БАЖ. Яна падкрэслівае, што цяпер для выдання і медыйнага поля Беларусі вельмі важная салідарнасць і галоснасць, бо “ўсе цёмныя справы робяцца цішком па цёмных кутках.

Прадстаўнікі “ARCHE кажуць, што нічога не прадказвала такой хады падзей. Адзінае, супадзенне ці не, але ганенні на “ARCHE пачаліся адначасова з прэсінгам на гісторыкаў Гродзеншчыны.
 

Каментаваць