Цнота вавілонская

Вядомы эканаміст Валер Дашкевіч некалі вельмі дасціпна вызначыў стаўленне беларускага грамадства да ўласнай эканомікі: бяда не ў тым, што дзяржава можа наладзіць вытворчасць самалётаў, бяда — што яна можа змусіць лётаць на іх.

Хвала Пану Богу, што адмыслоўцы з Адміністрацыі на гэты крок не пайшлі. Няма ў небе беларускіх лайнераў. І калі зверху пасыплецца друз, мы ні пры чым.



Вядомы эканаміст Валер Дашкевіч некалі вельмі дасціпна вызначыў стаўленне беларускага грамадства да ўласнай эканомікі: бяда не ў тым, што дзяржава можа наладзіць вытворчасць самалётаў, бяда — што яна можа змусіць лётаць на іх.

Хвала Пану Богу, што адмыслоўцы з Адміністрацыі на гэты крок не пайшлі. Няма ў небе беларускіх лайнераў. І калі зверху пасыплецца друз, мы ні пры чым.

Таму можна лічыць сумленне прамысловага беларуса амаль што чыстым. Ён робіць толькі тое, чаму яго калісьці вучылі, і робіць гэта не горай, чым дзе-небудзь на постсавецкай прасторы. А тралейбусы ды аўтобусы, мусіць, нават лепей за іншых. Карацей, вядомая песня — камбайны, самазвалы, сеялкі-веялкі, самыя магутныя плугі ў Еўропе. Бачыў неяк натуральны помнік такому плужку. Уражанне — калі на добры трактар, зямлю можна да самых нырак узараць. Што калісьці з вялікім поспехам рабілі меліяратары.

Хай прабачаць прадстаўнікі гэтай паважанай спецыяльнасці, але мне, жыхару неаднаразова меліяраванай вёскі, яны па шкоднасці для навакольнага асяроддзя толькі крыху саступаюць нямецка-фашысцкім захопнікам. Тры разы на маім веку меліяратары нішчылі ўсё навакольная асяроддзе. Пракапалі канавы і зрабілі дрэнаж нават на пагорках. Помнікі Вялікай эпохі — масты з «волноломами» на канавах, дзе вады не бывае нават у самы дажджлівы год. Але стаяць бетонныя клыкі, чакаюць нейкага цунамі. Голая праўда прыходзіць да цябе і глядзіць пранізліва ў вочы. І разумееш, што гэтыя бетонныя, непатрэбныя зямлі зубы зроблены сарамлівымі людзьмі. Ім вельмі хацелася больш зрабіць і атрымаць, таму яны вось такім дурным чынам «асвойвалі» капіталаўкладанні. Гэта сёння могуць замест трох цаглін пакласці дзве, а тады на кожную будоўлю дзяржкантроль з «метрам» прыязджаў. Сачыў, каб народная ўласнасць цалкам клалася ў народную зямлю. Чым болей уклаў, тым болей і атрымаў.

А калі беларусу плацілі вялікія грошы? Неяк раніцай трапіў у Калодзішчы. У кішэні была паперчына намінальнай вартасці ў 50 тысяч рублёў. Але ў кавярні цётка сказала, што з такой велізарнай сумы рэшты ў яе не будзе. Паспрабаваў купіць пачак цыгарэт у шапіку — безвынікова. У канторы Белаграпрамбанка ўвогуле сказалі, што грошай не мяняюць. Каб былі долары, іншая справа...

Размяняў банкноту ў чарзе, якая чакала дурняў, што прынясуць валюту для абмену на беларускія рублі.

Мне гэты факт падаўся вельмі ўразлівым. Вось яна якая, моцная і квітнеючая наша Беларусь, маючы грош на кішэні можна спачуваць сябе доларавым мільярдэрам — бяры любую дзяўчыну і вязі ў Куршавель. Пастаіш, падумаеш і махнеш рукой — вытворчасць ВУП расце з шалёнай хуткасцю, а ты як быў беларусам, так ім і застаўся. Маю на ўвазе прыкрую акалічнасць — самым бедным сярод еўрапейскіх пралетарыяў працаўніком. А з іншага боку, пры такіх заробках ніколі не патрапіш на экзатычныя курорты, дзе розныя цунамі змываюць людзей у акіян. Жыві і радуйся. На нашым сонцы не абгарыш, у сельве Свіслачы кракадзілы не водзяцца. Калі ж каму пашанцуе наконт сэксу, то ў нас ужо амаль усе дзеўкі камсамолкі. То бок істоты высокамаральныя, як гэта было і ў часы КПСС. Дарма кажуць, што тады сэксу не было. Грошай не было — гэта праўда.

Калі напісаць па-руску — «дешевая политика», то гэта прачытваецца даволі абразліва. Усе ж ведаюць, наколькі не простымі праблемамі займаюцца службоўцы ў доме 38 па вуліцы Карла Маркса ў Мінску. А калі па-беларуску — «танная палітыка», то ўсе зразумеюць, што гэтыя дзеячы за малыя грошы спрабуюць вырашыць складаныя праблемы на карысць простых людзей. Тых самых беларусаў, якія зарабляюць меней за усіх белых (па колеру скуры) людзей на свеце, але бясконца любяць сваіх танных палітыкаў. Зразумела, больш за ўсё галоўнага з іх.

І калі па шчырасці, то ёсць за што. Бо насамрэч у гэтай галаве мазгоў на тузін іншых галоў хопіць. Вось падумайце, колькі дзён таму гэты дзеяч падпісаў канчатковую дамову аб далучэнні Беларусі да Мытнага саюза з Расіяй і Казахстанам. І таму сярод іншых выгод беларусы атрымаюць з 1 ліпеня абавязак плаціць такую ж мыту за імпартаваныя аўтамабілі, якую плацяць насельнікі Расіі. Гэта робіцца дзеля таго, каб падтрымаць дзейнасць расійскай аўтамабільнай вытворчасці, прадукцыя якой не здольная па цане і якасці канкураваць нават з патрыманымі іншамаркамі. Такім чынам, беларусаў змусяць купляць «жыгулі» ды іншыя аўто расійскай зборкі па цэнах нашмат вышэйшых, чым зараз каштуюць прыстойныя, хоць ужо і патрыманыя заходнія аўто.

Еш сваё, пі сваё, купляй сваё... Цэлая філасофія ўжо і з расійскім дадаткам. А народ жа вельмі адчувальны да такой павагі да сябе. Добра памятае, як у яго дзяржава адбірала тыя невялікія грошы, якія ён быццам бы і не зарабіў. Таму ў каго было што, а ў каго і не было, павымяталі схованкі, набралі пазыкаў і кінуліся купляць іншамаркі. Возьмеш у рукі — маеш рэч. Таксама філасофія, якая толькі і дазваляла людзям ратавацца ад празмернай увагі ўлады да сваіх пільных патрэб. Толькі за студзень бягучага года, у параўнанні з першым месяцам 2010-га, колькасць імпартаваных легкавікоў падвысілася ў 2,2 разы і дасягнула 15,8 тысяч. З Расіі завезена ўсяго 100 машын, астатнія — з Еўропы.

Цягам усяго мінулага года было жахліва назіраць за тым, як коштам банкаўскіх пазык павялічваюцца заробкі, як будуюцца лядовыя палацы і раздаюцца мільённыя доларавыя «стыпендыі» хакейным гульцам. Якія насамрэч добра гуляць ці не ўмеюць, ці не хочуць. Карацей, нават замежныя прафесіяналы ў Беларусі ўсё робяць абы-як. Дарэчы, знакамітыя савецкія фігурысты Белавусава і Пратапопаў, які некалі з’ехалі за мяжу, не маглі сабе дазволіць раскошы арэндаваць лёд у Швейцарыі. Лёталі трэніравацца ў Канаду, дзе ўсе, звязанае з канькамі, даўно пастаўлена на прамысловую аснову. І таму паслугі каткоў адносна танныя, як гэта і належыць тавару, асвоенаму масавай вытворчасцю. А ў нас дзяцей на хакей заганяюць, каб гульцам сумна не было падчас напружаных спаборніцтваў.

Колькі каштуе матч з удзелам галоўнага і лепшага беларускага хакеіста ўсіх часоў, пра гэта лёгка даведацца з жыроўкі, што атрымлівае кожны з нас. Асвятленне, ацяпленне, магутны халадзільнік. Далей так пойдзе — не хопіць нават той энергіі, якую плануюць атрымаць ад мірнага атаму.

І ўсе такія разумнікі, што хоць святло гасі. Лукашэнка давёў да спадарства глыбокую думку пра тое, што ажыятаж на валютным рынку з 1 ліпеня скончыцца. Бо калі хто захоча набыць легкавік, дастаткова будзе памяняць беларускія рублі на рускія. Мяркуе, што «з налічкай» праблем не будзе?

Як казаў адзін з купалаўскіх дзядзькоў — глупства, пане дабрадзею. Як тая цнота вавілонская.

Каментаваць