Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Цуд на Каляды

У апошнія дні года мы падводзім вынікі і чакаем чагосьці чароўнага, цудоўнага, дзіўнага. Большасць з нас ведае, што Дзеда Мароза не існуе. Але мы ўсё адно спадзяемся на цуд. І гэты цуд мы можам зрабіць самі, варта толькі захацець...

Амаль скончыўся чарговы год. Для кожнага ён быў свой. Для кагосьці — шчаслівы, для кагосьці — не вельмі ўдалы. У гэтыя дні мы азіраемся назад, згадваем, што было ў нас добрага і дрэннага. Добрага — каб яшчэ раз парадавацца за сябе і за блізкіх, — якія мы былі малайцы ў гэтым годзе! І не вельмі добрага — каб такога не здарылася ў будучыні.


І заўсёды чакаем нечага светлага. Надзея, кажуць, памірае апошняй. Насамрэч, яна не памірае ніколі.

Мы чакаем у гэтыя дні цудаў. Добрага настрою, калядных падарункаў. Нават калі з падарункамі праблемы, дык проста цудоўнага настрою. І мары, што ўсё палепшыцца, усё будзе добра.

Большасць з нас ведае, што Дзеда Мароза не існуе. Але мы ўсё адно спадзяемся на цуд.

Насамрэч, цуды мы ствараем самі. Дзедам Марозам можа стаць кожны. І неабавязкова для гэтага чакаць Новага года.

Згадваючы мінулы год, мы бачым маленькія цуды, якія мы ствараем уласнымі рукамі.

Мы пісалі пра тое, як жыхары вёскі Праснакі нечакана былі пастаўлены перад фактам, што іх дзіцячы садок зачыняецца. Пасля публікацыі ў НЧ дзіцячы садок быў уратаваны, а грузчыкі вымушаныя былі занесці ў яго мэблю, якую раней з будынку вынеслі.

У Слуцку жыхары скардзіліся на могілкі галубоў на паддашшы. Пасля артыкулу ў НЧ камунальнікі працавалі тры дні, але дохлых галубоў прыбралі.

Сёлета ў Беларусі на дзяржаўным узроўні прайшоў «Дзень вышыванкі».  Гэта тое, што мы разам з «Арт-сядзібай» прапагандавалі некалькі гадоў запар.

Такіх прыкладаў багата. Гэта і ёсць маленькія цуды, якія змушаюць верыць у плённасць нашай працы і выніковасць нашых з вамі стасункаў.

Для таго, каб зрабіць маленькі цуд, трэба проста азірнуцца, агледзецца, і пабачыць тых, каму ты можаш дапамагчы. І не проста пабачыць, а сапраўды дапамагчы. Гэтая дапамога патрабуе вельмі невялікіх высілкаў, але, робячы камусьці дабро, вы і самі становіцеся больш шчаслівымі.

Для гэтага не трэба чакаць Калядаў. Бо можна папросту не паспець.

За год ад нас адышлі ў лепшы свет шмат нашых сябраў. Няма з намі палітыка Юрася Хадыкі, праваабаронцы Сяргея Ханжанкова, літаратара Ніла Гілевіча, мовазнаўцы Змітра Саўкі, музычнага крытыка Вітаўта Мартыненкі, мастацтвазнаўцы Сяргея Гваздзёва, лекара і журналіста Генадзя Шэршаня, гісторыка Анатоля Валахановіча, пісьменніка і даследчыка сталінскіх рэпрэсій Леаніда Маракова… Яны былі нашымі прыхільнікамі, сябрамі, аўтарамі…

Мы абавязкова ўзгадаем гэтых светлых людзей за святочным сталом. Як і ўзгадаем усіх іншых, хто адышоў у лепшы свет за гэты год.

І яшчэ шмат часу будзем адчуваць, што мы іх недалюбілі, недаацанілі, недагутарылі з імі і недачыталі іх…

Гэта яшчэ адна нагода, каб спяшацца рабіць цуды. Маленькія цуды, якія кагосьці зробяць больш шчаслівымі. А значыць, зробяць больш шчаслівымі і нас.

Дзякуй вам, шаноўныя чытачы, што былі з намі гэты няпросты год! Дзякуй, што верыце ў нас і падтрымліваеце. Са святамі вас! З Калядамі і Новым годам!

Рэдакцыя «Новага Часу»



Каментаваць