«Чытачы ад нас не адвярнуліся»

Інтэлектуальны часопіс «ARCHE» фактычна прыпыняе свой выхад, пакуль не будзе адноўлены банкаўскі рахунак. Пададзены дакументы на перарэгістрацыю часопіса. Рэдакцыйны калектыў спадзяецца, што ў выпадку станоўчага адказу з Мінінфармацыі гэта дапаможа аднавіць выхад «ARCHE».

 



«Рэдакцыя часопіса цяпер прыкладае ўсе намаганні, каб наша выданне, якое за гады свайго існавання стала важным складовым элементам таго, што называецца беларускай інтэлектуальнай прасторай, яе не пакінула. Але ў той жа час мы не лічым сумленным браць на сябе новыя абавязкі перад сваімі падпісчыкамі ў той час, калі не выкананыя яшчэ і старыя (5 нумароў за другое паўгоддзе 2012 года ў друк выпусціць нам так і не ўдалося). І менавіта таму, да высвятлення сітуацыі, самі вырашылі адмовіцца ад уключэння нашага выдання ў падпісны каталог на 1-е паўгоддзе 2013 года, а таксама прасіць «Белпошту» аб вяртанні падпісчыкам «ARCHE» грошай за 2-е паўгоддзе 2012 года. Гэтае рашэнне далося нам нялёгка, але яно прынята, бо іншага выйсця няма. Будзем рэалістамі: пры цяперашніх умовах аднаўленне выхаду папяровай версіі «ARCHE» — справа не некалькіх дзён ці тыдняў, а як мінімум некалькіх месяцаў», — гаворыцца ў адмысловым звароце рэдакцыі да чытачоў часопіса.

Нагадаем, з сярэдзіны верасня да часопіса «ARCHE» пільную ўвагу праявіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэта дзяржаўнага кантролю. Праводзіцца паглыбленая праверка гаспадарчай дзейнасці «ARCHE», яго супрацоўнікі выклікаюцца на размовы ў ДФР, дзяржаўнае тэлебачанне паказала сюжэт, у якім гістарычныя матэрыялы, надрукаваныя на старонках часопіса, ахарактарызавалі як экстрэмісцкія. Быў заблакаваны банкаўскі рахунак «ARCHE».

«Цяпер ідзе паглыбленая праверка Дэпартамента фінансавых расследаванняў наконт таго, як вяліся фінансавыя справы часопіса і кніжных выданняў, што былі затрыманыя ў Лагойскім раёне. Перспектывы гэтых праверак нам не вядомыя. Можа, абмяжуецца сполахам, калі пасля праверкі скажуць, што ўсё ў парадку. Але можа быць і варыянт крымінальнай справы, — гаворыць выконваючы абавязкі галоўнага рэдактара Алесь Пашкевіч. — Час пакажа, ці пераслед часопіса — хаатычны выпад супраць недзяржаўнай прэсы. Калі ж мы акажамся першымі, а потым па апрабаванай падобнай схеме прыйдуць да іншых СМІ, тады, канешне, можна будзе гаварыць, што гэта сістэмны падыход».

Алесь Пашкевіч патлумачыў, што з прычыны паралізаванай дзейнасці рэдакцыі (банкаўскі рахунак заблакаваны, і любыя фінансавыя аперацыі немагчымыя) калектыў «ARCHE» цяпер спрабуе змяніць выдаўца і заснавальніка. У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, для гэтага трэба прайсці перарэгістрацыю. Дакументы ў Мінінфармацыі былі пададзеныя 14 лістапада, прыкладна праз месяц будзе вядома, у які бок зрушылася справа.

Разважаючы аб магчымым уплыве грамадскай думкі на рашэнне дзяржчыноўнікаў у справе «ARCHE», Алесь Пашкевіч заўважыў, што цяпер «дзяржава мацнейшая, але мы абавязаныя праяўляць салідарнасць».

«Чытачы дасылалі нам і вусныя, і пісьмовыя словы падтрымкі. Пыталіся, чым могуць дапамагчы, пыталіся, ці трэба матэрыяльная дапамога. Добра, што ў цяжкую хвіліну нашы чытачы ад нас не адвярнуліся», — гаворыць выконваючы абавязкі галоўнага рэдактара часопіса «ARCHE».

Каментаваць