«Чарнобыльскі шлях»: малалюднасць як традыцыя?

Сёлетні Чарнобыльскі шлях быў традыцыйным у самым сапраўдным сэнсе гэтага слова. Але гэта тыя традыцыі, якія, пэўна, трэба мяняць.

Фота Арцёма Лявы

Фота Арцёма Лявы

За паўгадзіны да пачатку шэсця на пляцоўцы ля кінатэатру «Кастрычнік» не было амаль нікога апроч журналістаў — і тых нешматлікіх. Мінгарвыканкам даў дазвол на збор удзельнікаў акцыі ў гэтым месцы. Пэўна, з традыцыйнай агаворкай: лозунгі і транспаранты павінны адпавядаць заяўленай мэце акцыі. А паколькі мэта — нагадаць пра экалагічныя праблемы, то, бачна, з «парушальнікамі спакою» загадзя правялі тлумачальную працу.

Фота Дзіяны Пінчук

Першыя дэманстранты — менавіта дэманстранты, — з’явіліся на супрацьлеглым баку праспекта Незалежнасці, ля будынку Акадэміі навук. Пяць чалавек трымалі партрэты беларускіх палітычных зняволеных.
Да іх падцягнуліся журналісты і міліцыянты, але асаблівага ажыятажу ні ў тых, ні ў другіх гэты ўчынак не выклікаў. Журналісты, мяркуючы міжсобку, што гэтых дэманстрантаў хутка забяруць, пераважна назіралі за імі з супрацьлеглага боку дарогі. Але міліцыянты арыштоўваць іх не спяшаліся. Можа быць, іх і папярэдзілі пра адказнасць за «несанкцыянаванае мерапрыемства», а можа быць, ім проста надакучыла «вінціць» Вольгу Нікалайчык і Максіма Вінярскага.

Фота Дзіяны Пінчук

Фота Дзіяны Пінчук

Гэтая група асобаў рабіла, што хацела: выгуквалі ў мегафон патрабаванні свабоды палітвязням, запальвала рознакаляровыя дымавыя шашкі… Але арышту яны так і не дачакаліся. Прынамсі, яны не былі затрыманыя адразу — некаторых з іх бачылі ўжо напрыканцы «Чарнобыльскага шляху» на мітынгу ля капліцы на вуліцы Карастаянавай.

Народ збіраўся на пляцоўцы павольна. Падыходзілі групамі і адзінкамі. Найбольш крэатыўна, як заўсёды, да акцыі падышлі «зялёныя». Яны прыцягнулі з сабою макет рэактара АЭС. Гэты «рэактар» людзі, апранутыя ў робы працаўнікоў, перыядычна «ранялі» і шкрабалі — што намякала на якасць працаў па збудаванні АЭС у Астраўцы і вядомы інцыдэнт з рэактарным блокам, які з-за таго, што яго «ўпалі», давялося замяняць.
Фота Дзіяны Пінчук

Фота Дзіяны Пінчук

Парадаваў Алесь Талстыка. Актывіст прыйшоў на «Чарнобыльскі шлях» з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі, да якога былі прымацаваныя сцягі еўрапейскіх краінаў. Зразумела, гэта выклікала цікавасць у мінакоў і ўдзельнікаў акцыі. Талстыка тлумачыў: ён бы хацеў пачуць пад час нядаўняга паслання народу і парламенту ад Аляксандра Рыгоравіча падзяку Еўропе за тое, што яна дапамагала — і вельмі шмат дапамагала — у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Апроч таго, Талстыка спасылаўся на нейкіх чыноўнікаў, якія патрабавалі ад апазіцыянераў падзякі кіраўніку краіны за тое, што ён дазволіў «Свята Незалежнасці» 25 сакавіка. Вось Талстыка такім чынам і вырашыў выказаць гэтую падзяку, а потым паглядзець, колькі партрэтаў Лукашэнкі будзе на бліжэйшым афіцыйным свяце — 1 мая.

Фота Дзіяны Пінчук

Фота Дзіяны Пінчук

Што дзіўна — ніхто не патрабаваў ад Талстыкі прыбраць выяву кіраўінка дзяржавы ці адысці некуды падалей з гэтым партрэтам. Актывіст і прайшоў з ім увесь «Чарнобыльскі шлях».
Фота Арцёма Лявы

На момант пачатку шэсця дэманстрантаў было да 500 чалавек. Калі кажацца «да 500», гэта значыць — «не больш за 500». На розных этапах акцыі журналісты вялі падлікі, і ніводнага разу за паўтысячы колькасць удзельнікаў «Шляху» не пераваліла.

Такую колькасць удзельнікаў не спішаш на нейкія «перашкоды ўлады» — у мінулым годзе гэтыя перашкоды сапраўды былі, а народу выйшла больш. Не спішаш гэта і на кепскае надвор’е — у мінулым годзе «Шлях» праходзіў пад дажджом, і людзей было паболей. Не апраўдаешся тым, што «людзі паехалі саджаць бульбу» — акцыя праходзіла не ў выходны дзень.

І час пачатку шэсця быў не 18 гадзін, а 18.30 — і працоўныя, калі б жадалі прыняць удзел у акцыі, павінны былі да яе даехаць. Што ж здарылася? Чаму народ не прыйшоў?

Падаецца, што арганізатары акцыі, якімі выступалі, найперш, палітычныя структуры, занадта расслабіліся пасля Дня Волі. Яны падумалі, што маштабнае святкаванне 100-годдзя БНР аўтаматычна надасць ім колькасць удзельнікаў «Шляху». Але «аўтаматычна» нічога не бывае. Людзям трэба паведамляць пра акцыю, запрашаць іх, надаваць акцыі розгалас… І рабіць гэта трэба не ў інтэрнэце.

Сёлета я нідзе ў Мінску не бачыў улётак і налепак з аб’явамі пра «Чарнобыльскі шлях». Уся агітацыя засяродзілася на сайтах і ў сацыяльных сетках. Адпаведна, адбылося тое, пра што казалі сто разоў: людзі так і засталіся глядзець на шэсце і мітынг на сайтах і ў сацыяльных сетках. Інтэрнэт — гэта не тая пляцоўка, заклікі ў якой могуць вывесці людзей «у рэал». Працаваць трэба з народам, а не з «фрэндамі» і «фаловерамі».

Адпаведна, невялікая колькасць людзей задала і агульны настрой акцыі. Як ні імкнуліся арганізатары «раскачагарыць» народ воклічамі «Жыве Беларусь» альбо «Астравец — другі Чарнобыль», — не атрымлівалася. Лозунгі мала хто падхопліваў. «Шлях», збольшага, прайшоў у цішыні, пад самотныя гукі «Чарнобыльскага звона».

Фота Дзіяны Пінчук

Традыцыйна ўжо на мітынгу ля Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай адсутнічала гукаўзмацняльная апаратура. Ну, як адсутнічала… Там былі калонкі, стойка для мікрафона, генератар… Але ці то яны засталіся з папярэдняга ўскладання кветак, альбо арганізатары не здолелі іх наладзіць. Прамоўцы выступалі праз практычна «сеўшы» мегафон. У каго голас быў больш зычны, як у старшыні БНФ Рыгора Кастусёва — таго было больш-менш чуваць. У каго голас быў слабейшы, не было чуваць ужо ў 5 — 7 метрах ад месца выступу.


І мала хто пачуў пра абвешчаную Паўлам Севярынцам маштабную акцыю «Астравецкі шлях». Яна палягае ў тым, каб 26-га кожнага месяца рухацца з акцыямі пратэсту супраць запуску АЭС па рэгіянальных гарадах — Заслаўе, Маладзечна, Смаргонь, і тыя, што між імі, — да Астраўца. І закончыць пратэст у ім акцыяй у лістападзе.

Карацей, «Чарнобыльскі шлях» прайшоў. Хіба, гэта адзінае дасягненне яго арганізатараў. Ім трэба ўсё ж зразумець: нішто не робіцца «аўтаматычна». Над кожнай акцыяй трэба працаваць, хай яна нават сто разоў «традыцыйная», і, падавалася б, вядомая ўсім.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Хорхе
  • 2018-04-27 00:00:13
Отличный репортаж с неудачной акции)
  • Хорьх
  • 2018-04-27 07:45:21
На концерт пришло 5 тысяч, на ЧШ - 500 человек. На концерт собрали 106%, на ЧШ - 6%. Что-то не так)

Каментаваць