Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Чэмпіянат па хакеі 2021 года: Білеты заменяць візу

Падчас чэмпіянату свету па хакеі 2021 года ў Беларусі будзе бязвізавы рэжым. «Білеты заменяць візу», — паведаміў прадстаўнік федэрацыі хакея Беларусі Сяргей Ганчароў.

У 2021 годзе Беларусь разам з Латвіяй прыме Чэмпіянат свету па хакеі. Пры гэтым, асноўныя гульні пройдуць менавіта ў нас, а адпаведна, мы прымем і асноўную плынь хакейных аматараў.  Гэта будзе другое сусветнае першынство ў нашай краіне (першае было ў 2014 годзе), адзначае euroradio.fm.

На думку рэдактара газеты “Турызм і адпачынак”, эксперта ў галіне турызму Ліліі Кобзік, чэмпіянат 2014 года, які прайшоў у Мінску, зрабіў для Беларусі нямала. Напрыклад, была наладжаная інфраструктура, з’явіліся гатэлі з сусветнымі імёнамі. Але гэтага, на жаль, было недастаткова, каб прыцягваць турыстаў.

Калі быў чэмпіянат у 2014 годзе, турыстаў у нас не вельмі паболела, ― кажа Лілія Кобзік. — Хоць аматараў да нас прыехала 25 тысячаў. Але іншыя турысты да нас чамусьці не паехалі. Здаецца, і чэмпіянат прайшоў класна, і гатэлі з’явіліся, і імідж краіны быў палепшаны, дык давайце, прыяжджайце! Але гэтага не адбылося! Бо мы тэму паспрабавалі, і кінулі, развіваць яе ўжо не сталі. Да таго ж, там былі падзеі, якія ад нас ужо не залежалі: крымскія падзеі, фінансавы крызіс. Гэта быў пераломны год для ўсяго рэгіёна”.

Увогуле, Лілія Кобзік здзіўляецца, чаму мы чакалі наплыву турыстаў пасля чэмпіянту свету па хакеі. Маўляў, гэта разавая падзея, якая не можа цягам доўгага часу прыцягваць замежнікаў. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, рэдактар “Турызму і адпачынку” перакананая, што на ўвядзенне ў Беларусі бязвізавага рэжыму для 80 краін свету ўдала праведзенае хакейнае спаборніцтва амаль ніяк не паўплывала.

“Гэта ўсё ж рашэнне, абгрунтаване эканамічна, бо грошай у нас няма, і думаецца, што на мяжы стаяць інвестары з чамаданамі з грашыма і чакаюць, калі адкрыюць мяжу. Але, гледзячы па ўсім, спадзяванні не спраўдзіліся. Бо мы бачым, хто да нас паехаў! Гэта былыя грамадзяне, людзі, якія прыяжджаюць да сваякоў, якія маюць жаданне сюды прыехаць, нешта паглядзець, але пры гэтым грошай вялікіх яны тут не пакідаюць. Але гэта не значыць, што бязвізавы рэжым ― дрэнна. Мы мусім рабіць паступовыя крокі, калі не можам адразу ўзяць і адкыць мяжу”, — лічыць Лілія Кобзік.

У той жа час, Лілія Кобзік не выключае магчымасці, што бязвізавы рэжым у Беларусі можа знікнуць. Бо зараз чыноўнікі палічаць, прааналізуюць і ўбачаць, што губляюць грошы на тых жа візах, бо бязвізавыя турысты амаль нічога не прыносяць. І наступным крокам можа стаць павелічэнне бязвізавых дзён, каб турысты маглі адпачыць у нашых аграсядзібах ды санаторыях, а можа стаць і рашэнне аб адмене гэтага бязвізавага рэжыму, бо ён не спрацаваў.

Новы Чэмпіянат свету па хакеі, на думку Ліліі Кобзік, усё ж можа прынесці станоўчыя дэвідэнты, але ўладам ужо цяпер трэба вырашаць, на развіцці якога турыстычнага адгалінавання рабіць акцэнт.

“Калі будзем развіваць спартовы турызм, то над гэтым таксама трэба вельмі рупліва працаваць, рэкламаваць, развіваць, а гэта выдаткі. Калі гэта будзе бізнес-турызм, пра які ўвесь час гавораць, то ў нас нават няма ніводнай пляцоўкі, разлічанай на міжнародныя канферэнцыі. Ёсць невялічкія гатэлі, дзе ёсць магчымасць правесці невялікі карпаратыў, сустрэчу, каб паразмаўляць, і ўсё! Карацей, трэба вызначацца і працаваць у гэтым накірунку, а там ужо паглядзім”.

Паводле euroradio.fm

Каментаваць