Да 100-гадовага юбілею БНР — 129 дзён

Застаецца ўжо не болей як 4 месяцы да самай знакавай у айчыннай гісторыі падзеі: абвяшчэння 25 сакавіка 1918 года незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Аднак яшчэ і сёння многімі палітыкамі, прычым і высокага рангу, Беларуская Народная Рэспубліка ўсяляк ігнаруецца, не прызнаецца за нашу першую ў ХХ стагоддзі нацыянальную дзяржаву, стваральнікі якой нават і ў часы нямецкай інтэрвенцыі набраліся смеласці абвясціць незалежнасць роднай Бацькаўшчыны.

Гэта была вартая самай вялікай павагі справядлівая рэакцыя беларускіх палітыкаў на ўпартую адмову бальшавіцкага ўраду Савецкай Расіі даць законнае права нашаму народу на стварэнне ўласнай дзяржавы. У кастрычніку 1917 года ў Расіі адбылася рэвалюцыя, а беларусы, як і раней, заставаліся ў сваім доме недзяржаўным народам, гібелі на незанятай кайзераўскімі войскамі частцы тэрыторыі, што называлася Заходнім краем. Нават у дзённы час са свечкай немагчыма было сярод высокіх савецкіх і партыйных дзеячаў гэтай тэрытарыяльна-адміністратыўнай адзінкі адшукаць аніводнага беларуса.

«Вялікі Кастрычнік» ні ў чым не дапамог нам стаць нацыятворным народам. Такім пасля некалькіх стагоддзяў зрабіла яго 25 сакавіка 1918 года Беларуская Народная Рэспубліка, што юрыдычна зафіксавана ў прынятай ёю ў гэты ж дзень Трэцяй Устаўной Грамаце. Гэты дзень абавязкова некалі будзе прызнаны за самае вялікае ў айчыннай гісторыі свята — Дзень дзяржаўнай незалежнасці Беларусі.

Ужо не першы год з ініцыятывы высокага палітычнага кіраўніцтва Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь святкуецца 3 ліпеня. Гэта яўнае парушэнне традыцый, бо на працягу не аднаго дзесяцігоддзя 3 ліпеня адзначалася як Дзень вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў. І нават да гэтага заставалася яшчэ нямала: у Беласток савецкія войскі ўступілі 27 ліпеня, у Брэст — на дзень пазней. Ні ў першыя гады пасля заканчэння вайны, ні на схіле існавання СССР ні ў партыйных, ні ў савецкіх органах, ні ў самога грамадства не ўзнікала жадання абвясціць 3 ліпеня Днём незалежнасці.

Словам, адсутнічаюць нават сімвалічныя падставы лічыць, што дзень 3 ліпеня 1944 года зрабіў Беларусь незалежнай. Узяць хаця б валюнтарысцкае рашэнне Крамля аб адсячэнні значнай часткі яе этнічнай тэрыторыі — Беласточчыны — на карысць Польшчы.

Толькі поўнай адсутнасцю ўсялякіх прыкмет дзяржаўнай незалежнасці ў БССР пасля 3 ліпеня 1944 года можна растлумачыць, чаму з усіх саюзных рэспублік толькі адна яна па заканчэнні вайны панесла тэрытарыяльныя страты. Вось якую дзяржаўную незалежнасць дало нам 3 ліпеня 1944 года! У складзе СССР Беларуская ССР, як і ўсе астатнія саюзныя рэспублікі, не валодала і грамам нацыянальнага суверэнітэту.


Народ не можа быць нацыянальна суверэнным, будучы з галавой паглынутым чужой культурна-моўнай стыхіяй. Сёння лічаць — і гэта цалкам справядліва, — што такі фармат залежнасці самы небяспечны, бо ён да глыбокіх падвалін разбурае этнакультурны патэнцыял народа, робіць яго зусім няздольным жыць паводле сваіх прыродных традыцый. За пройдзены ў XXI стагоддзі час ніхто не зрабіў такога вялікага ўнёску ў іх разбурэнне, як чыноўніцкі апарат. І яны ж прапанавалі беларусам адзначаць 3 ліпеня як Дзень незалежнасці.

Святкуем яго ўжо ў 20-ы раз, але нічога людскага, акрамя ўсё новых і новых страт у этнакультурнай самабытнасці краіны, не заўважаем. Навязаная ўладамі самарусіфікацыя беларусаў працягваецца, што выклікае толькі задавальненне ў верхніх эшалонах палітычнага кіраўніцтва. Невыпадкова падначаленыя яму спецслужбы так жорстка распраўляюцца з тымі, хто выступае не за сімвалічную, а за рэальную дзяржаўную незалежнасць, шлях да якой першымі пачалі пракладаць у XX стагоддзі стваральнікі БНР — не зважаючы нават на панаванне ў нашым краі кайзераўскага акупацыйнага рэжыму.

Каб не экстрэмальныя ўмовы нямецкай інтэрвенцыі ды бязлітасная барацьба бальшавікоў з беларускім нацыянальным рухам, паспяховае ажыццяўленне выпрацаванай палітыкамі і ідэолагамі БНР канцэпцыі нацыянальнага будаўніцтва немінуча выратавала б нас ад катастрафічных наступстваў русіфікацыі, забяспечыла б нашай краіне рэальную дзяржаўную незалежнасць.

Не віна, а бяда стваральнікаў, дзеячаў БНР, колішніх і сённяшніх пакаленняў беларусаў, што такога ў нас не атрымалася. Але сам факт абвяшчэння БНР незалежнасці заслугоўвае таго, каб яна была прыпісана не да якой-небудзь штучнай даты, а да 25 сакавіка. Лагічнасць такой прапановы бачыцца ў тым, што пасля 25 сакавіка 1918 года прагрэсіўныя нацыянальна-патрыятычныя сілы беларускага народа штогод бесперапынна адзначалі і адзначаюць гэтае свята. Для яго не сталі перашкодай ні вымушаная эміграцыя кіраўніцтва БНР за межы Айчыны, ні савецкія масавыя фізічныя рэпрэсіі, ні цяжкія наступствы Другой сусветнай вайны, ні тэрытарыяльная раскіданасць беларускіх нацыянальна-патрыятычных сіл па планеце ў мірны час.

Хаця яшчэ застаецца і нямала часу да 100-й гадавіны абвяшчэння БНР, аднак да такога вялікага свята неабходна актыўна, абдумана рыхтавацца ўжо сёння. Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб яна ўспрымалася як мага большай колькасцю людзей за найвялікшую падзею ў нашай гісторыі. Роля перыядычнага друку ў такой асветніцкай, тлумачальнай працы надзвычай вялікая, незаменная.

Неабходна максімальна выкарыстаць і патэнцыял навукова-практычных канферэнцый, надаўшы ім і міжнародны характар. На мой погляд, іх неабходна правесці не менш за тры. Першая — па стварэнні БНР і яе дзейнасці на тэрыторыі Беларусі; другая — па раскрыцці яе дзейнасці ў міжваенны перыяд; трэцяя — прысвечаная паказу яе змагання за беларускую справу за ўвесь астатні час. Як на старонках перыядычнага друку, так і ў матэрыялах канферэнцый важна пазнаёміць чытачоў з самымі выбітнымі дзяржаўнымі дзеячамі БНР. Іх жа ў яе легіён!

Ад таго, як мы справімся з гэтай пачэснай, архіадказнай задачай, у многім будзе залежаць сённяшні і заўтрашні стан беларускага нацыянальнага жыцця. З-за страшэннай зрусіфікаванасці сёння яно на ўсе сто адсоткаў задавальняе толькі тых, хто выпрацоўвае і праводзіць палітыку, скіраваную на ліквідацыю нацыянальнай ідэнтычнасці беларускага народа, якую ніколі не пусціла б на звод першая створаная на нашай зямлі ў XX стагоддзі дзяржава — Беларуская Народная Рэспубліка.



Каментаваць