Адкрыты ліст па вяртанню Курапатам ахоўнай зоны ў 300 метраў

У міністэрствы культуры, замежных справаў і ў Генеральную пракуратуру накіраваны адкрыты ліст да грамадскасці і ўладаў Беларусі наконт вяртання Курапатам ахоўнай зоны шырынёй у 300 метраў.

Адкрыты ліст, ініцыяваны сябрамі аргкамітэту і журы грамадскага творчага конкурсу «Курапаты — народны мемарыял», падпісалі 15 чалавек. Сярод іх — старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, акадэмік Радзім Гарэцкі, праваабаронца Тамара Сяргей, археолаг Валянціна Вяргей, старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Сачанка, пісьменнік Уладзімер Арлоў, мастакі Аляксей Марачкін, Мікола Купава і Алесь Шатэрнік, старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў, старшыня сталічнай Савецкай раённай арганізацыі ТБМ Аляксей Галіч, грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка і грамадскі актывіст Алесь Макаў.    


У лісце, між іншым зазначаецца, што з 2003 па 2014 гады шырыня ахоўнай зоны Курапатаў звузілася з 300 да 50 метраў.


Падпісанты лісту нагадваюць, што ў межах ахоўнай зоны нерухомай матэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння, якой з’яўляюцца Курапаты, законам забаронена ўсялякае новае будаўніцтва, апроч будаўніцтва аб'ектаў на патрэбы самой каштоўнасці.


Нягледзячы на гэта, адбываюцца спробы і надалей звузіць ахоўную зону Курапатаў, дзе ляжаць парэшткі бязвінных ахвяраў сталінізму, расстраляных НКУС у 1930-1940-я гады.


Так, грамадскасці стала вядома, што нядаўна ўнітарнае прадпрыемства “Праектны інстытут Белгіпразем” звярнулася ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з просьбай атрымаць дазвол на адвядзенне зямель для ўзвядзення ў ахоўнай зоне Курапатаў гаспадарча-бытавой каналізацыі для аб’екту “Будаўніцтва лагістычнага цэнтру з пад’язной дарогай да яго, а таксама са складскімі, адміністрацыйнымі і сервіснымі памяшканнямі” каля вёскі Дроздава Мінскага раёна.


Міністэрства культуры патлумачыла заяўніку, што станоўчае заключэнне аб адвядзенні зямель можа быць падрыхтавана пасля ўнясення адпаведнай змены ў дзеючы праект зонаў аховы Курапатаў з улікам «навукова-метадычнага абгрунтавання» гэтай змены.


Такім чынам, Міністэрства культуры дапускае магчымасць далейшага  звужэння ахоўнай зоны каштоўнасці праз «навукова-метадычнае абгрунтаванне» чарговых зменаў у праекце зонаў аховы


Аднак здаровы сэнс падказвае, што навуковымі метадамі можа быць абгрунтаваны толькі адзін памер шырыні ахоўнай зоны Курапатаў — прынамсі 300 метраў. Меншая шырыня ахоўнай зоны каштоўнасці вызначаецца ўжо не навуковымі метадамі.


Праект ахоўнай зоны Курапатаў шырынёй у 300 метраў ёсць, яго аўтары — архітэктары Таццяна Косьціч і Вольга Кукуня з сталічнага інстытуту «Праектрэстаўрацыя» «навукова абгрунтавалі праект, зыходзячы з сусветнага досведу ў падыходзе да помнікаў такога ўзроўню, як Курапаты». Так сказаў на паседжанні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры 20 траўня 2003 года прадстаўнік гэтага міністэрства Ігар Чарняўскі. Праект быў аднагалосна ўхвалены Радай.


Ці з таго часу меркаванне Міністэрства культуры памянялася?


Прадстаўнікі грамадскасці патрабуюць ад дзяржавы аднавіць і зацвердзіць гістарычна абгрунтаваны і адпаведны беларускаму заканадаўству Праект ахоўнай зоны Курапатаў шырынёй у 300 метраў ад 20.05.2003 г.


Пад час падпісання адкрытага лісту падкрэслівалася, што зважаючы на асобную ролю Курапатаў, як нацыянальнага некропалю, ён павінен мець і годную ахоўную зону, што засведчыць знакавасць гэтага народнага мемарыялу ў найноўшай гісторыі Беларусі.



Каментаваць