Да загінулых дзяцей прызвычаіцца нельга

Чаму сярод беларускіх ратавальнікаў няма жанчын? Якія правіла бяспекі часцей за ўсё парушаюць беларусы? Напярэдадні Дня пажарнай службы мы завіталі ў адзін з пажарных аварыйна-ратавальных атрадаў, каб пачуць адказы на гэтыя і шмат іншых пытанняў.



Размова з ратавальнікамі выдалася шчырай — часам сумнай, часам вясёлай, як і жыццё кожнага з нас.




«Слабакоў тут не трымаюць»


Працоўная вахта ратавальнікаў пачынаецца ў 7.45 і заканчваецца праз суткі.

— Мы мусім быць звышлюдзьмі: не спаць суткі, хутка рэагаваць, падымаць вялізную вагу. Слабакоў тут не трымаюць, — распавядае 39-гадовы камандзір ПАРА Валянцін Неруш, які ладзіць нам адмысловую экскурсію.




Пад яго кіраўніцтвам мы наведваем мясцовую сталовую, пакоі адпачынку і псіхалагічнай разгрузкі, гараж, а таксама трэнажорны зал.

— О, без гэтага аніяк! — усміхаецца Валянцін. — Займаемся ў ім па некалькі разоў за дзяжурства. Вы наша абмундзіраванне бачылі? Адзін ізалюючы адгазнік важыць мінімум 16 кілаграмаў! А з ім часам даводзіцца хутка падымацца на, скажам, 11 паверх, а потым яшчэ і чалавека адтуль на сабе несці…



Ратавальнік, сапраўды, мусіць быць дужым чалавекам. Наш суразмоўца ўзгадвае, як аднойчы яму давялося разам з калегамі ратаваць жанчыну, якой стала дрэна ў ванне:

— Нас выклікала хуткая дапамога, бо самім было не пад сілу. Жанчына была вельмі мажная — дзесьці пад 150 кілаграмаў, а ванны пакой  — маленькі. Да таго ж, калі чалавек губляе прытомнасць, яго вельмі складана падняць, нават пры невялікай вазе: цягліцы ўсе расслабленыя, і ён у цябе літаральна выслізгвае з рук. Складаны быў выпадак, што і казаць, але ўсё скончылася добра.



Гэта адна з прычын, чаму сярод ратавальнікаў няма жанчын. Яны працуюць дыспетчарамі ці на якой іншай пасадзе, але толькі не на выкліках.

 — Нават сярод замежных калег я яшчэ пакуль ніколі не сустракаў жанчын, — адзначае Валянцін. — Мужчыны больш моцныя і з фізічнага, і з псіхалагічнага пункту гледжання. Вось наколькі вы гатовыя ўбачыць рассечанага на кавалкі чалавека? Памятаю, у метро на прыпынку «Парк Чалюскінцаў» пажылая жанчына кінулася пад цягнік. І трэба было дастаць тое, што ад яе засталося. Прыехала дзяўчына-медык, каб пры неабходнасці аказваць нам псіхалагічную дапамогу. Яна нас падтрымлівае: «Хлопцы, вы — малайцы, давайце, працуйце!» І тут я раптам на перон перад ёю паклаў руку загінулай. Дык гэтую дзяўчыну саму давялося падтрымліваць.


«Эмацыйна пераключыцца дапамагае іншая праца»


— У нашай прафесіі — усё складана, — падкрэслівае Валянцін. — Зразумела, бываюць больш вольныя гадзіны, але, паколькі наш атрад знаходзіцца ў цэнтры горада, выклікаў шмат. Часам цэлыя суткі з машыны не вылазім: то адзін выклік, то другі… Мы мусім быць гатовымі за лічаныя хвіліны. Асабліва, калі прыязджаеш на пажар, трэба аператыўна прымаць рашэнні, каб паспець выратаваць людзей. Памятаю, старэйшы дасведчаны калега мяне вучыў: «Няхай цябе пакараюць за тое, што не выканаў нейкія даручэнні, але галоўнае, каб ты не загубіў людзей».  

Валянцін і яго калегі прызнаюцца, што дома яны зусім іншыя.



— Я імкнуся не блытаць працу і дом, таму вельмі не люблю пра свае працоўныя будні распавядаць родным, — кажа Валянцін. — Прызвычаіцца можна да ўсяго, толькі не да выгляду загінулых дзяцей. 22 гады працую ратавальнікам, але і дагэтуль кожны выпадак успрымаю блізка да сэрца. Цяжка…

— Маё эмацыйнае выгаранне адбылося ўжо падчас першага выкліку, — далучаецца да размовы 25-гадовы камандзір аддзялення ПАРА Станіслаў Нагорны. — Тады я ўпершыню пабачыў адразу чатыры трупы: маці, бацьку і іх двух дзяцей. Яны потым тыдні два мне мроіліся ў снах. А потым я прывык да ўсяго. Выпадковых людзей у нашай справе няма. Яны тут максімум год прапрацуюць. Справа не ў грошах — іх тут, зразумела, шмат не заробіш, мне асабіста падабаецца рызыка і адрэналін, якія я атрымліваю ад працы.



— Вельмі дапамагае эмацыйна пераключацца іншая праца, — дапаўняе 27-гадовы старшы пажарны ратавальнік Аляксандр Пракаповіч. — На адну зарплату з сям’ёй складана пражыць, таму многія маюць дзве працы: працуюць звычайна на аўтамыйках, вадзіцелямі. Да таго ж, наш графік нам гэта дазваляе — суткі праз двое. А падчас дзяжурстваў кожны па-рознаму эмацыйна адпачывае: хтосьці кнігі чытае, музыку слухае, а хтосьці навіны ў інтэрнэце лістае, увечары ёсць на гэта вольная гадзіна.

Валянціна Неруша, як самага старэйшага з нашых суразмоўцаў, хвалюе пытанне пенсійнага ўзросту.

—  Раней мы выходзілі на адпачынак у 45 гадоў, што будзе зараз праз павышэнне пенсійнага ўзросту — не ведаю. Але, па шчырасці, мне цяжка ўявіць, як я ў 48 гадоў шпарка падымаюся на 16-ы ці 20-ы паверх у поўным абмундзіраванні, а потым спускаюся з чалавекам на руках. Але ж будзем працаваць, як інакш?




«Калі гэты шчанюк паклаў мне на плечы лапы, стала не па сабе»


Часам ратавальнікі сутыкаюцца і з даволі незвычайнымі выпадкамі.

 — Калісьці давялося тушыць адну сталічную сауну, — распавядае Валянцін. — Ходзім, ходзім і раптам бачым вялізнага ўдава. Ну, думаем, усё яму — сканаў. Выносім яго на свежае паветра, кладзём на зямлю. Праходзіць літаральна некалькі хвілін, і ён ачуняў! Жывучы аказаўся.

Але часцей за ўсё Валянцін з калегамі сутыкаецца са звычайнай флорай і фаунай, калі іх выклікаюць гаспадары хатніх жывёл:

— З коткамі бываюць складанасці. Вось залезе сабе на дрэва, а гаспадары ў паніцы нам тэлефануюць: «Ратуйце! Дапамажыце!» Лезеш небараку здымаць, а яна як скокне на суседняе дрэва… Я, прынамсі, пакуль не сустракаў каціных шкілетаў на дрэвах. Як есці захоча — сама злезе. А ад незнаемых людзей яна толькі і скача ад страху з дрэва на дрэва!



Таксама часта выцягваем жывёл, якія трапляюць у люкі, асабліва сабак. Аднойчы ў мікрараёне Малінаўка давялося лезці ў люк за сабакам. Яго гаспадыня казала нам, што ён яшчэ маленькі шчанюк. А ўнутры люка цёмна, з зямлі адразу і не пабачыш, дзе і які ён там. Спускаюся туды, і калі гэты «маленькі» шчанюк паклаў мне на плечы лапы, стала не па сабе. А гэта аказаўся дог… Ну, неяк дастаў гэтага шчанюка.

Са слоў ратавальнікаў, апошнім часам досыць часта даводзіцца выязджаць на ліквідацыю асіных гнёздаў, якія могуць быць вельмі небяспечнымі для людзей.

— Гаспадары кватэр і дамоў спачатку і не здагадваюцца, што адбываецца, — працягвае Валянцін. — Да іх залятаюць час ад часу восы. Ну і што? А тыя ўжо актыўна вядуць будаўніцтва. Звычайна — у драўлянай старой падлозе альбо ў балконных шафах, куды нячаста заглядваюць гаспадары. Літаральна ўчора ліквідавалі гняздо ў звычайным савецкім стале-кнізе. Гаспадары паставілі яго для зручнасці на балконе… Вы не ўяўляеце, як восы хутка могуць пабудаваць вялізныя гнёзды! У парку імя Горкага аднойчы выклікалі нас па гэтай справе ў мясцовы цэнтр дзіцячай творчасці. Падняліся мы на гарышча, а там такое! Ніколі б не падумаў, што асіныя гнёзды могуць быць памерам па некалькі метраў…



Ратаўнікі папярэджваюць, што нельга самастойна знішчаць гняздо:

— Калі атрымаць шмат укусаў, можна і памерці. А калі ў чалавека ёсць алергія, хопіць і аднаго-двух укусаў. Самыя небяспечныя ў гэтым сэнсе шэршні. Нават здаровага чалавека могуць сваімі ўкусамі звесці ў магілу, — падкрэслівае Валянцін. — Неяк выклікалі нас ноччу на ліквідацыю асінага гнязда. У гаспадароў кватэры іх было два. Спачатку яны замовілі нейкай прыватнай службе іх ліквідацыю. Расплацілся за адно і вырашылі, што гэта задорага, маўляў, самі справімся. У выніку, прыйшлося выклікаць нас. Прыязджаем. Гаспадары ратуюцца хто дзе, а ўсе пакоі ў агрэсіўных восах…



— Шмат надзвычайных сітуацый адбываецца праз парушэнне элементарных правілаў бяспекі, — з сумам адзначае Станіслаў. — Асноўны біч для беларусаў — гэта “нецвярозае” паленне ў ложку ці на балконе, калі па нядбайнасці кідаюць уніз бычок, а ён залятае ў суседнюю кватэру і выклікае пажар. А раней часта гарэлі падвалы дамоў, дзе знаходзілі сабе прытулак бамжы. Зараз такое здараецца вельмі рэдка, бо яны ўсе зачыненыя.

Напрыканцы сустрэчы нашы суразмоўцы прызналіся, што самая галоўная ўзнагарода для іх — выратаваныя жыцці. Дзеля гэтага варта не спаць цэлыя суткі, рызыкаваць уласным здароўем і бяспекай. А выратаваныя людзі і іх родныя вельмі часта потым знаходзяць сваіх ратавальнікаў, каб падзякаваць за ўсё. Дзякуюць нават у тых выпадках, калі яны дапамаглі захаваць маёмасць.

Фота Уладзіслава Рубанава і Віталія Дэмбоўскага



Каментаваць