Да 100-годдзя Барыса Кіта

Сотні прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай грамадскасці адзначылі 6 красавіка 100-годдзе слыннага сына зямлі беларускай Барыса Уладзіміравіча Кіта. З гэтай нагоды ў сталічным Палацы мастацтваў адбылася ўрачыстая вечарына.

Сотні прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай грамадскасці адзначылі 6 красавіка 100-годдзе слыннага сына зямлі беларускай Барыса Уладзіміравіча Кіта. З гэтай нагоды ў сталічным Палацы мастацтваў адбылася ўрачыстая вечарына.

У залі, дзе ладзілася гэтая святочная імпрэза, як кажуць, яблыку не было дзе ўпасці — туды прыйшлі і простыя людзі, і вядомыя грамадскія і палітычныя дзеячы, навукоўцы, літаратары, мастакі, журналісты — усе тыя, хто паважае гэтага неардынарнага, таленавітага, непаўторнага і мужнага чалавека, якому лёсам сталася наканавана размяняць адзінаццаты дзесятак.

Пра жыццё і дзейнасць Барыса Кіта распавядалі шматлікія архіўныя і сучасныя фотаздымкі, аформленыя ў адмысловую выставу, слайды, якія штохвілінна мяняліся на вялікім экране за подыумам. Старшыня Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская і кіраўнік аргкамітэту па святкаванні стагоддзя Барыса Кіта пісьменнік Васіль Якавенка распавялі пра складаны і выбітны жыццёвы шлях, пра яскравую навуковую і грамадскую дзейнасць юбіляра. Алена Макоўская згадала тых людзей, дзякуючы якім імя Кіта «вярнулася ў Беларусь», — гэта Васіль Быкаў, Лідзія Савік, Васіль Якавенка, Петр Краўчанка, Вацлаў Мацкевіч, Дыяна Чаркасава, Валер Каліноўскі, Вольга Іпатава, Адам Мальдзіс, Радзім Гарэцкі, Сяргей Законнікаў ды іншыя.

Лідзія Савік, якую называюць даверанай асобай Барыса Кіта ў Беларусі і першым яго біёграфам, зачытала вітальны ліст Барыса Уладзіміравіча да ўдзельнікаў урачыстай вечарыны. «Вельмі шкадую, што з прычыны свайго не вельмі моцнага здароўя не змог прыехаць да вас у Мінск, каб разам з вамі адзначыць мой дзень народзінаў. Узгадваючы сваё жыццё, я шырэй бачу панараму пакутнага, а ў нечым і шчаслівага стагоддзя, якое мне давялося перасягнуць. Можа, Бог пакінуў мяне на гэтай грэшнай зямлі надоўга якраз для таго, каб я, апроч усяго іншага, змог пакінуць сведчанні пра дарагіх майму сэрцу незабыўных светлых людзей і падзеі», — напісаў віноўнік урачыстасці.

Сярод тых, хто казаў цёплыя словы пра юбіляра, былі пісьменнік Уладзімір Арлоў, паэт Сяргей Законнікаў, бард Алесь Камоцкі, акадэмік Радзім Гарэцкі, сваімі ўражаннямі ад нядаўніх сустрэч з Барысам Кітом у нямецкім Франкфурце-на-Майне, дзе зараз жыве гэты вялікі чалавек, падзяліліся першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч і галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч.

А прадстаўнік Міністэрства культуры Віктар Маліноўскі зачытаў вітальны ліст да юбіляра кіраўніка гэтага дзяржаўнага ведамства Паўла Латушкі (сам міністр не змог прысутнічаць на вечарыне, бо знаходзіўся ў Маскве).

Пры канцы імпрэзы перад прысутнымі выступілі барды Алесь Камоцкі і Таццяна Беланогая, а таксама оперны спявак, кіраўнік «Беларускай капэлы» Віктар Скарабагатаў.

Каментаваць