Да Андрэя Саннікава зноў не пусцілі адваката

Да экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава 8 снежня зноў не дапусцілі яго адваката. Зараз палітзняволены адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі “Віцьба–3, што непадалёк ад Віцебска.

Да экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава 8 снежня зноў не дапусцілі яго адваката. Зараз палітзняволены адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі “Віцьба–3, што непадалёк ад Віцебска.

Як распавяла “Новаму часу жонка Андрэя Саннікава Ірына Халіп, гэта была ўжо чацвёртая спроба адваката наведаць яе мужа за апошні месяц. “Калі раней яны яшчэ хоць спрабавалі прыкрывацца нейкімі паперамі, то зараз не робяць нават і гэтага, — адзначыла жонка палітвязня. — Адвакат пакінуў запіс у кнізе скаргаў у калоніі, пасля чаго паехаў падаваць скаргу ў пракуратуру Віцебскае вобласці, а таксама ў мясцовае ўпраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў. І гэта ўжо па невядома якому кругу.

Апошнім разам спроба сустрэцца з Саннікавым яго адваката была прадпрынятая 23 лістапада, але з такім жа вынікам. “Я сама хадзіла нядаўна ў Дэпартамент выканання пакаранняў. Там мне сказалі, што ў іх цяпер праводзіцца пракурорская праверка па маёй скарзе, таму яны зараз нічога не могуць зрабіць для таго, каб адвакат сустрэўся з Андрэем. Але мы будзем і надалей рабіць усё, каб сустрэча адваката з маім мужам адбылася. І будзем пакідаць запісы ў кнізе скаргаў, падаваць новыя скаргі, каб яны потым не змаглі сказаць, што нічога такога не было, — падкрэсліла Ірына Халіп.

Нагадайма, што 14 мая 2011 года суд Партызанскага раёна Мінска прыгаварыў экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава да пяці гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі (масавыя беспарадкі) за падзеі 19 снежня 2010 года ў Мінску пасля завяршэння выбараў кіраўніка дзяржавы. Міжнародная і беларуская дэмакратычная супольнасць патрабуюць вызвалення і рэабілітацыі Саннікава ды іншых людзей, асуджаных на пазбаўленне волі па палітычных прычынах.



 

Каментаваць