Даўгаўпілс. Вілейка. Глыбокае. Мядзел. Паставы.

Даўгаўпілс. Майстры і мастакі

Браслаўскі клуб майстроў і мастакоў “Ля возера, які працуе пры музейным аб’яднанні горада, быў запрошаны на фестываль народных мастацтваў у Даўгаўпілс (Латвія). У рамках фестывалю праводзілася свята ганчарства. Побач з цэнтральнай плошчай была зроблена вялікая печ для абпалу керамікі. Яна была ўрачыста закладзена, і з гэтага моманту пачаўся кірмаш.

Даўгаўпілс. Майстры і мастакі

Браслаўскі клуб майстроў і мастакоў “Ля возера, які працуе пры музейным аб’яднанні горада, быў запрошаны на фестываль народных мастацтваў у Даўгаўпілс (Латвія). У рамках фестывалю праводзілася свята ганчарства. Побач з цэнтральнай плошчай была зроблена вялікая печ для абпалу керамікі. Яна была ўрачыста закладзена, і з гэтага моманту пачаўся кірмаш.

На свяце можна было ўбачыць як сучасныя дэкаратыўна-ўжытковыя, так і аўтэнтычныя экспанаты. Ля пляцоўкі разгарнулі нацыянальныя кухні зямляцтвы ўкраінцаў, літоўцаў, расіян, палякаў, беларусаў. Побач выступалі творчыя калектывы з вышэйназваных краін. Браслаўскія ўмельцы прадставілі на выставу-продаж рэчы з саломкі, гліняныя вырабы, тканыя паясы, габелены, разьбу па дрэве.


Вілейка. Манументальныя “драўляншчыкі спаборнічаюць

З 11 па 20 чэрвеня ў Вілейцы адбываецца Мінскае абласное свята-конкурс майстроў манументальнай драўлянай скульптуры “Сонечная цеплыня дрэва. У конкурсе ўдзельнічаюць 8 лепшых майстроў Міншчыны і 3 умельцы з Брэсцкай вобласці, якія на працягу 10 дзён будуць паказваць сваё майстэрства. Яны павінны стварыць не менш за два вырабы традыцыйнага характару (драўляную скульптуру, дэкаратыўнае пано і інш.), выкарыстоўваючы розныя віды і тэхналагічныя прыёмы мастацкай апрацоўкі дрэва.

Усімі неабходнымі матэрыяламі канкурсанты забяспечаны. Скульптуры, якія будуць зробленыя падчас свята-конкурсу, упрыгожаць Вілейку і іншыя населеныя пункты раёна. Кампетэнтнае журы абярэ пераможцаў у 4 намінацыях — “За захаванне і творчае развіццё традыцый разьбярства па дрэве, “За высокае майстэрства і мастацкі густ, “За творчую фантазію, “За творчы дэбют.


Глыбокае. Барды спявалі ў вёсцы

У вёсцы Перадолы 13–14 чэрвеня адбыўся фестываль бардаўскай песні. Ён прайшоў на сядзібе Мар’яна Місевіча, прадпрымальніка з Падсвілля, які вельмі паважае роднае слова, а таксама тых, хто ім карыстаецца, захоўвае гісторыю свайго роду.

Арганізатарамі фестывалю сталі культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча і рэсурснага цэнтр «Барміца» ў асобах іх кіраўнікоў Ады Райчонак і Яраслава Берніковіча. Адкрыла фестываль Ада Райчонак — менавіта яна прыклала найбольш намаганняў, каб гэты фестываль адбыўся. Пасля слоў прывітання выступіў мясцовы бард Антон Марговіч. Ён выканаў чатыры песні на словы паэткі з Падсвілля Марыі Баравік.

Дзве песні былі выкананыя дуэтам, Антону дапамагала Лера Райчонак, унучка Ады Эльеўны. Пасля выступіла знакамітая беларуская спявачка Кася Камоцкая. Пасля выступлення ўдзельнікаў прывітала Яніна Ермалаева, браслаўчанка, якая жыве зараз у Швецыі. Яна падзякавала за магчымасць пачуць беларускія песні, якія людзі спяваюць ад чыстага сэрца, не за грошы. Затым эстафету прыняў Эдуард Акулін, не менш вядомы беларускі паэт і бард.

Пасля прысутных парадавала сваім талентам Вольга Акуліч. Тым больш, што шмат хто з прысутных чуў яе ўпершыню. Яшчэ на большы ўзровень падняў настрой гледачоў знакаміты беларускі бард Андрэй Мельнікаў, які ўзяў слова пасля Вольгі. І завяршыла першую частку праграмы наша зямлячка палачанка Лера Сом. У заключэнне слова ўзяла Ада Райчонак. Яна падзякавала выканаўцам за беларускую песню, якую зараз мала дзе пачуеш. Нават на вяселлях, як адзначыла арганізатарка, ніхто не спявае беларускіх песень, хаця амаль усе іх ведаюць. Таксама было сказана, што гэта першы бардаўскі фестываль, які адбыўся не за мяжой, а ў Беларусі, і ён абяцае стаць традыцыйным.


Мядзел. Кірмаш рамёстваў


20 чэрвеня ў вёсцы Камарова Мядзельскага раёна адбудзецца чацвёртая выстава-кірмаш народных рамёстваў і промыслаў “Камарова — кола дзён. Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрошаны рамеснікі і суб’екты прадпрымальніцтва з абласцей і сталіцы. Кірмаш разгорнецца на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу.

На кірмашы будзе арганізаваная дэманстрацыя працаў народных рамеснікаў, праведзеныя майстар-класы, тэатралізаванае шоу, святочны канцэрт, дзіцячыя і спартовыя конкурсы. Плануецца правесці круглы стол “Досвед і далягляды правядзення выставаў-кірмашоў у малых гарадах і сельскай мясцовасці.


Паставы. Успамін пра кірзавыя боты

Пабачыла свет новая кніга журналіста з Пастаў Алеся Касцяня “Каменьчыкі ў кірзавым боце. У ёй распавядаецца пра службу аўтара ў савецкім войску ў 70-я гады мінулага стагоддзя. Прачытаць успаміны будзе цікава як тым, хто сам праходзіў службу ў гады СССР, так і маладым людзям. Кніжка выдадзена пры дапамозе рэсурснага цэнтра “Барміца. Дапамаглі ў выданні таксама Зміцер Лупач, Юры Калбасіч, Яраслаў Берніковіч з Глыбоччыны і Міхал Гіль з Пастаў.

Падрыхтаваў Язэп Палубятка

Каментаваць