Да канца года да інтэрнэту павінна быць падключана не менш як 60% беларусаў

У Беларусі плануецца падключыць да інтэрнэту не менш як 60% карыстальнікаў да канца 2015 года, паведамляе прэс-служба Міністэрства сувязі і інфарматызацыі паводле вынікаў пашыранай калегіі ведамства.



На пасяджэнні калегіі былі разгледжаныя прамежкавыя вынікі рэалізацыі стратэгіі развіцця інфармацыйнага грамадства ў Рэспубліцы Беларусь да 2015 года для ацэнкі наяўнага стану інфарматызацыі і разгляду кірункаў, мэтаў і задач на сярэднетэрміновую перспектыву да 2022 года.

"Завяршэнне рэалізацыі асноўных мерапрыемстваў падпраграмы "Нацыянальная інфармацыйна-камунікацыйная інфраструктура" ў 2015 годзе дазволіць Беларусі дасягнуць выканання адной з асноўных мэтаў, пастаўленых Міжнародным саюзам электрасувязі, — падключэнне да канца 2015 года да сеткі інтэрнэт не менш як 60% карыстальнікаў", — гаворыцца ў паведамленні Мінсувязі.

Паводле ацэнак камісіі Міжнароднага саюза электрасувязі па развіцці шырокапалоснага доступу, зараз Беларусь займае 25-ю пазіцыю па колькасці абанентаў стацыянарнага ШПД (28,8 на 100 жыхароў) і 23-ю пазіцыю па колькасці дамашніх гаспадарак, якія маюць доступ у інтэрнэт (57,1 на 100 дамашніх гаспадарак) сярод 195 краін, якія ўзялі ўдзел у даследаванні.

Як вынікае са справаздачы Міжнароднага саюза электрасувязі 2014 года, Беларусь па значэнні выніковага індэкса развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ) заняла 38-е месца са 157, падняўшыся за год на тры пазіцыі і абагнаўшы Расійскую Федэрацыю (Расія займае 42-е месца, Казахстан — 53-е, Азербайджан — 64-е, Малдова — 61-е, Украіна — 73-е). Беларусь трэці год запар адзначаная як адна з дзесяці эканомік свету з найбольшай дынамікай па паказчыках доступу і выкарыстання ІКТ.

Паводле: БелаПАН

Каментаваць