Даціснуць сваіх апанентаў

Савет ЕС па замежных справах пашырае крытэры абмежавальных мер у дачыненні да беларускіх асоб і арганізацый. Афіцыйны Мінск стаў у выразную пазіцыю супрацьпастаўлення — ціск на палітвязняў павялічваецца, рэжым ідзе на канфрантацыю нават у выпадках, калі без страты гонару можна было зрабіць міратворчы крок.

Савет ЕС па замежных справах пашырае крытэры абмежавальных мер у дачыненні да беларускіх асоб і арганізацый. Афіцыйны Мінск стаў у выразную пазіцыю супрацьпастаўлення — ціск на палітвязняў павялічваецца, рэжым ідзе на канфрантацыю нават у выпадках, калі без страты гонару можна было зрабіць міратворчы крок.

«Савет абмяняўся меркаваннямі наконт сітуацыі ў Беларусі. Ён прыняў рашэнне пашырыць крытэры прымянення абмежавальных мер у дачыненні да фізічных і юрыдычных асобаў. Гэта дае магчымасць вызначаць у далейшым тых, хто адказны за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека ці падаўленне грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі, ці тых, хто падтрымлівае рэжым Лукашэнкі ці атрымлівае ад яго выгоды», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Савета ЕС.

«Што тычыцца Беларусі, мы гаварылі пра наша нязменнае імкненне ўзаемадзейнічаць з беларускім народам і нашу сталую занепакоенасць тым, што беларускія ўлады не даюць адказаў на патрэбы народа краіны і тыя важныя пытанні, якія мы ўзнімаем няспынна», — заявіла высокі прадстаўнік ЕС Кэтрын Эштан.

Разам з тым Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле вырак суда першай інстанцыі адносна старшыні «Вясны» Алеся Бяляцкага, якога прыгаварылі да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці за «утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры». Праваабаронцы рыхтуюцца пакінуць памяшканне, дзе месціўся ПЦ «Вясна» больш за дзесяць гадоў. Пакаранні ў выглядзе канфіскацыі маёмасці і абмежавання волі Бяляцкаму суд пакінуў у сіле, нягледзячы на тое, што з грамадскіх ахвяраванняў была кампенсаваная шкода, якую Бяляцкі быццам бы нанёс дзяржаве.

Праваабаронца Таццяна Равяка распавяла, што была інфармацыя, датычная да пасяджэння Савета Еўрасаюза. «Беларуская амбасада ў адной з еўрапейскіх краін ставіла перад міністрамі замежных спраў краін-удзельніц ЕС умову, што прысуд па Бяляцкаму будзе наўпрост залежаць ад рашэння пра санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінска. І паколькі ў панядзелак было прынята рашэнне, што санкцыі будуць працягнутыя і ўведзены новыя, то вось такі вынік мы і атрымалі ў аўторак. Так што пытанне Бяляцкага было пастаўлена ў прамую залежнасць ад санкцый», — падкрэсліла спадарыня Равяка.

Цягам апошніх месяцаў на палітвязняў, што засталіся за кратамі, узмацняецца ціск і ізаляцыя, у больш жорсткія ўмовы ўтрымання, у турмы, былі пераведзеныя экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч і ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. Разам з тым на апошняй прэс-канферэнцыі Лукашэнка заяўляў, што чакае ад палітвязняў прашэнняў аб памілаванні. «Абсалютна канкрэтна вам адказваю — памілую чалавека і магу памілаваць таго, які да мяне звярнуўся за памілаваннем. Не звернуцца, будуць сядзець у турме... Я магу памілаваць, магу і не памілаваць. Хоць і тут ёсць пэўныя фактары, што як стрымліваюць, так і падштурхоўваюць мяне да гэтага. Маё права канстытуцыйнае», — падкрэсліў Лукашэнка. Жонка Андрэя Саннікава Ірына Халіп распавяла пасля спаткання з мужам, што катаванні і пагрозы «па выбіванні з яго прашэння аб памілаванні» пачаліся ў верасні. У выніку яшчэ 20 лістапада, знаходзячыся на чарговым этапе ў магілёўскай турме, экс-кандыдат напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Але ніякай рэакцыі з боку ўладаў на прашэнне Саннікава пакуль не паступіла.

Ва ўмовах маўклівай згоды на падобныя ўнутраныя справы расійскага хаўрусніка і адсутнасці пільнай патрэбы кантакту з Захадам улада мае магчымасць даціскаць сваіх апанентаў, вымагаючы маральную сатысфакцыю і на ўнутраным, і на знешнім полі, ды аспрэчваць ультыматумы Еўропы. Зрэшты, і ЕС у сваіх патрабаваннях не катэгарычны. Раз-пораз з’яўляецца інфармацыя, што нават «неўязным» робяцца паблажкі ў выглядзе візаў. Апошні інцыдэнт — неўязны міністр унутраных спраў Куляшоў наведаў штаб-кватэру Інтэрпола ў Францыі.

Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Дзяніс Мельянцоў апублікаваў артыкул, у якім піша, што эфектыўнасць «чорных спісаў» Еўрасаюза вельмі нізкая. «За 15 гадоў санкцыяў сітуацыя не толькі не палепшала, але працягвае пагаршацца. На пашырэнне абмежавальных мер з боку Захаду Мінск адказвае ўзмацненнем рэпрэсіяў і антызаходняй рыторыкай. Ізаляцыя з боку ЕС вядзе да ўсё большага збліжэння Беларусі з Расіяй. Разам з тым, усё больш беларускіх і заходніх экспертаў падкрэсліваюць, што для лібералізацыі краіны патрэбны дыялог і супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, а не санкцыі і ізаляцыя, — прыводзіць аргументы палітолаг, бо, паводле яго ацэнак, на паўнавартасныя санкцыі ЕС не здольны, адпаведна, і займацца безвыніковай справай не мае сэнсу. — Меры, што ўжываюцца Еўрапейскім саюзам да Беларусі, могуць называцца санкцыямі толькі ўмоўна». Паводле палітолага, самая моцная санкцыя сёння — супрацоўніцтва.

На погляд іншых аналітыкаў і палітыкаў, гэта вельмі сумнеўная аргументацыя, якая знаходзіцца на мяжы адкрытага калабарацыянізму, свядома ці не свядома працуе на карысць рэжыму, яго самазахавання. Не гаворачы ўжо пра маральны бок праблемы ў адносінах да палітвязняў.

Беларусь застаецца для Еўропы праблемнай кропкай, і ні адзінай стратэгіі паводзінаў, ні разумення, як трэба сябе паводзіць з вышэйшым кіраўніцтвам дзяржавы, няма. Няўцямныя паводзіны Захаду, фінансавая падтрымка і патуранне Расіі ствараюць добрую глебу для дрэйфу Беларусі ў абдымкі Крамля і вынішчэння апанентаў дзейснага рэжыму цяпер і ў перспектыве.

Еўрапейскім палітыкам і дыпламатам застаецца толькі прызнавацца, што «Еўропа ўжо стамілася ад дрэнных навінаў з Беларусі», але як пераламаць гэтую завядзёнку — не вядома.
 

Каментаваць