Дачок забралі, а сына кінулі за краты

Гісторыя пра тое, як бацьку чатырох прыёмных дзяцей пазбавілі апякунства, праляцела праз інтэрнэт. СМІ літаральна крычалі пра несправядлівасць да сям’і Захарычаў. Пасля ўсё сціхла. А Сяргей Захарыч працягвае змагацца.



Малюнак Дашы для таты


Нагадаем, працуючы ў аддзеле адукацыі, прыёмны бацька Сяргей Захарыч выехаў з Беларусі на некалькі дзён па закупы ва Украіну, не папярэдзіўшы пры гэтым аддзел адукацыі. Ва Украіне жонцы, па сумяшчальніцтву апекуну Таццяне Захарыч, стала кепска, і сям’я была вымушана затрымацца праз на тэрыторыі іншай краіны на пэўны час. Па прыездзе ў Беларусь Захарычы не знайшлі ў сябе дома дзетак, якіх забрала раптам завітаўшая праверка.

Пасля была доўгая і заблытаная судовая справа, у выніку якой дзеці былі назаўжды адабраныя ў бацькоў, Сяргей звольнены з працы, а Таццяна пазбаўленая статусу апекуна.

Пасля судовых разборак прайшло амаль два гады. Узгадаць сямейную трагедыю Захарычаў нас прымусіў ліст, які даслалі ў рэдакцыю. У ім Сяргей Захарыч шукае справядлівасці. Просіць рэдакцыю звярнуць на гэту справу ўвагу кіраўніка дзяржавы, маўляў, магчыма ён, калі даведаецца, такой несправядлівасці не дапусціць. Некалькі гадоў судовых разбіральніцтваў выцягнулі з Захарычаў не толькі процьму грошай (на адвакатаў, аплату судовых пошлінаў і г.д.), але і прывялі да таго, што родны сын Віктар апынуўся за кратамі.

Сяргей Захарыч

У такіх справах, як у Захарычаў, заўсёды шмат акалічнасцяў. Часам складана разабрацца, на чыім баку праўда, асабліва толькі з ліста. Таму я вырашыла наведаць сям’ю Захарычаў у Смілавічах, што пад Мінскам, каб паспрабаваць усё высветліць.

У прыёмных сем’яў свая канкурэнцыя

«Вы прабачце нас за наш дом, — кажа жонка Таццяна Захарыч перад парогам свайго жытла, — грошай няма, каб нешта культурнае зрабіць, на адвакатаў за два гады пайшло дзесьці каля ста мільёнаў». Але ж дом у сям’і вялікі. А пакой былых прыёмных дачок цяпер падобны на музей — Захарычы водзяць па ім, паказваючы ўсім паўсюль расклееныя фотаздымкі і дзіцячыя карткі.

Па словах Таццяны, суд не паверыў, што сям’я паехала ва Украіну па закупы. «Яны думалі, што мы адпачываць паехалі, — кажа Таццяна. —  Маю даведку, якую мне выпісалі ў лякарні ва Украіне, праігнаравалі. А ў мяне рак».

Я не паспела і маргнуць, як жанчына агаліла свае грудзі, якія перажылі аперацыю і перасадку тканіны з жывата Таццяны.

Таццяна Захарыч

Па законе, прыёмныя бацькі павінны паведамляць пра свой ад’езд у аддзел адукацыі. Дзяцей жа на гэты перыяд размяркоўваюць па сем’ях або па дамах-інтэрнатах. І гэта тычыцца не толькі доўгатэрміновых паездак. Пра ад’езд на некалькі дзён таксама трэба паведамляць. Але Сяргей не паведаміў. А тут яшчэ раптам у адзін з тых дзён, калі Захарычы былі ва Украіне, прыехала праверка. Што гэта, супадзенне ці нечыя адмысловыя захады?

На гэтыя думкі Захарыч мне адказаў наступнае: «Я проста дабіваўся справядлівасці — хацеў, каб дзеці ездзілі адпачываць, лячыцца ў санаторый. Я не толькі для сваіх дзетак стараўся, але для ўсіх прыёмных дзетак з нашага раёна. Я пісаў скаргі, калі нехта жыў не ў адпаведных умовах. Шчыра кажучы, я даўно ведаў, што не падабаюся мясцовым уладам».

«Няўжо знайшоўся такі барацьбіт за справядлівасць?» — пранеслася ў маёй галаве. У гэты час Захарыч дастаў другую тоўстую папку, якая наскрозь была запоўнена скаргамі і апеляцыямі.

Пасля паўгадзіннай гутаркі стала зразумела, што сем’і, якія займаюцца выхаваннем прыёмных дзетак, жывуць у асобным свеце са сваімі непісанымі законамі і правіламі. Хтосьці з такіх сем’яў плануе «ўрваць» больш дзетак для таго, каб атрымаць паболей грошай (на кожнага выхаваўца дзяржава выплачвае дапамогу), хтосьці — дзеля таго, захаваць дом, які дзяржава дае прыёмным сем’ям. «Ці не пераследуе адну з гэтых мэт сям’я Захарычаў?» — падумалася мне.

Аказалася — вялікі дом, дзе жыла вялікая калісьці сям’я, — уласнасць Захарычаў. Ды і Таццяна не мае патрэбы ў дзяржаўных выплатах на дзяцей, яна атрымлівае добры заробак у Нацыянальным аэрапорце. Так што найперш Захарычамі рухала жаданне даць дзеткам сваю любоў і сапраўдную сям’ю.

Але вернемся да справы. Пасля таго, як Захарычы вярнуліся з Украіны і ў іх забралі дзяцей, яны не здаліся, а пачалі доўгі шлях змагання. А дзяржаўная машына пачала змагацца з імі.

Вераніка

На судзе былыя выхаванцы Захарычаў сказалі, што бацькі прымушалі іх глядзець парнаграфічныя фільмы. У папцы ж доказаў Захарыча маюцца паперы, у якіх дзеці адмаўляюцца ад сваіх паказанняў, кажучы, што іх прымусілі казаць гэта яшчэ на допыце. Падчас і пасля суда стала бунтаваць старэйшая дачка — тады трынаццацігадовая Вераніка. Па словах маці, яна пісала ў гэты ж дзень смс-паведамленні са слёзнымі просьбамі «даць адваката, каб распавесці, як яе прымушалі падпісваць паперу». Вераніку накіравалі ў прыёмную сям’ю да Гарнастаеў. А пасля — забралі ў інтэрнат у Радашковічы.

«Сказалі, калі не падпішу, мяне пасадзяць»

Разам з Захарычамі мы паехалі ў інтэрнат да Веранікі. Пасля 8,5 гадоў шчаслівага сямейнага жыцця ў прыёмных бацькоў былі два гады «перакідаў» то ў бальніцу, то ў школу, то ў новую сям’ю. Гэта для падлетка было нялёгка, таму дзяўчына асабліва не хацела ўзгадваць мінулае. Але тое-сёе распавяла.

«Калі нас забралі з сям’і, то да мяне адразу падышлі два чалавекі і прымушалі падпісаць пратакол, дзе напісана, што мы разам з бацькамі глядзім парнаграфічныя фільмы. Маленькія дзяўчаты на судзе гэта і сказалі. Я таксама спужалася. Яны сказалі, калі я не падпішу, мяне пасадзяць», — кажа Вераніка.

Дарэчы, Вераніку не знянацку перавялі з сям’і Гарнастаеў у інтэрнат. Дзяўчына па сакрэце расказала маме пра дзіўную гульню ў «мамы-таты», дзе «мамы» скачуць верхам на «татах» і наадварот. А пасля напужаная Вераніка паведаміла Таццяне пра тое, што да яе ноччу прыйшоў у ложак пятнаццацігадовы сын Марыны Гарнастай, і стаў да яе заляцацца.

Таццяна Захарыч маўчаць не стала. Яна пайшла разбірацца з новымі прыёмнымі бацькамі Веранікі. У выніку дзяўчына апынулася ў Радашковічах. «Чаму цябе паслалі сюды?» — Вераніка паціснулі плячыма: «Можа быць таму, што я стала паліць? Але, шчыра кажучы, мне тут лепей, чым у Гарнастаеў».

Сексуальнаму інцыдэнту з Веранікай Захарычы значэння надаваць не сталі. Яны толькі паразмаўлялі з прыёмнымі бацькамі.

Але затое Марына Гарнастай палічыла, што яе пакрыўдзілі. Яна напісала заяву на роднага сына Сяргея і Таццяны Віктара, абвінавачваючы трыццацігадовага мужчыну ў тым, што той займаўся сексам з чатырма сваімі непаўнагадовымі прыёмнымі сёстрамі, прымушаўшы іх глядзець парнаграфічныя фільмы. Пасяджэнне суда, на якім разглядалася гэта заява, было закрытым, таму адвакат адмовілася каментаваць нам судовы вырак.

З доказаў боку абвінавачвання былі прадстаўлены здымкі, на якіх Віктар абдымаў дзяўчат, а таксама словы мясцовага пратэстанцкага пастыра, які сведчыў, што на споведзі Віктар сказаў, «што больш не будзе глядзець парнаграфічныя фільмы». Але глядзеў ён іх адзін ці прымушаў глядзець і сясцёр — засталося таямніцай. Дзяўчаты прайшлі медыцынскую праверку, якая паказала, што ўсе яны цнатлівыя. Тым не менш Віктару далі дзесяць год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Зараз ён знаходзіцца ў Шклове.

«Яны забудуць вас праз два месяцы»

«Калі мы пачыналі змагацца за нашых дзяўчат, мясцовы пастыр сказаў нам: «Перастаньце, яны забудуць вас праз два месяцы, — узгадвае Таццяна. — Але нашы дзеці памятаюць нас дагэтуль».

Захарычы беражліва паказваюць паштоўкі і цыдулкі, якія дзяўчаты зрабілі, знаходзячыся ў іншых сем’ях.

Пакуль мы ехалі ў прытулак да Веранікі, Таццяна адкрыла перада мной пакет і стала паказваць: «Глядзіце, вязем красоўкі новыя, куртку купілі. Вераніка і пудру нават папрасіла. І тэлефоны мы набылі нашым дзяўчатам, праўда, карыстацца яны свабодна імі не могуць. Тых дзяўчат, хто жыве ў сем’ях, кантралююць, таму можам размаўляць толькі зрэдку».

Як толькі мы прыехалі, Вераніка, якая ўбачыла машыну, з усіх ног пабегла да маці, каб абняць свайго самага роднага чалавека. «Хочаш дадому?» — пытаюся. — «Вельмі, — скрозь ужо дарослыя і сур’ёзныя вочы зазіхацела сляза. — Але мне засталося няшмат. Паступлю на кухара ў Смілавічы і буду жыць дома».

Жыццё Захарычаў зараз пераўтварылася ў перманентны пошук новых доказаў і фактаў. Яны тэлефануюць Вераніцы — і запісваюць размову на дыктафон. Тэлефануюць сыну — таксама запісваюць размову на дыктафон. Калі атрымліваюць жаданыя доказы, складаюць чарговую паперу, якую наўрад ці хто разгледзіць.

У аддзеле адукацыі, куды я, зразумела, прыйшла за каментарам, мне адразу ж адказалі: «Наконт справы Захарычаў мы каментараў не даем. Гэта загад».

Ці перамогуць Захарычы дзяржаўную машыну, якая ўжо па жывому пранеслася па іх жыцці? Яны не губляюць надзеі, калі ў чарговы раз складваюць у тэчку доказы і паціху збіраюць грошы на адваката. А тым часам дзеці чакаюць, калі мама з татам забяруць іх дамоў.

Каментаваць