ДАІ патлумачыла, навошта ўводзіць штрафныя балы за парушэнне ПДР

Кожны беларус сёння можа выказаць сваё меркаванне і паўплываць на дарожную абстаноўку, перакананыя ў ДАІ. 



Фота pdd.adrive.by

Увядзенне штрафных балаў накіравана на прафілактыку сістэматычнага парушэння Правіл дарожнага руху. Аб гэтым 13 мая ў праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" паведаміў намеснік начальніка УДАІ МУС Беларусі Аляксандр Цагельнік, каменціруючы праект змяненняў у закон "Аб дарожным руху", які цяпер вынесены на грамадскае абмеркаванне.

"Лічу, і гэта пацвярджаецца практыкай, што любое парушэнне, нават самае нязначнае, калі яно паўтараецца шматразова, прывядзе да цяжкіх наступстваў. Гэта значыць, будзе ўчынена ДТЗ, якое прывядзе да гібелі або траўміравання людзей, — адзначыў Аляксандр Цагельнік. — Мы хацелі б вымусіць задумацца грамадзян і адмовіцца ад сістэматычнага парушэння ПДР".

Плануецца, што за кожнае парушэнне будуць налічвацца балы — ад 1 да 4 у залежнасці ад сур'ёзнасці праступку. Набор 15 і больш штрафных балаў прывядзе да спынення дзеяння правоў кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам на 6 месяцаў. У якасці аргумента за гэты варыянт ДАІ канстатуе пагаршэнне дарожнай сітуацыі ў краіне: з пачатку года здарылася 861 ДТЗ, у якіх загінулі 152 чалавекі і амаль 1 тысяча атрымалі траўмы.

Таксама адной з ініцыятыў з'яўляецца прыём практычнага кваліфікацыйнага экзамену і прадастаўленне права кіравання аўтамабілям з аўтаматычнай каробкай перадач. "Калі гэты варыянт беларусы адобраць і яго падтрымаюць заканадаўцы, то ў такім выпадку вадзіцельскае пасведчанне будзе выдавацца з адпаведнай паметкай. Гэта значыць, што вадзіцель можа кіраваць аўтамабілем выключна з "аўтаматам". Гэту ініцыятыву ўжо даўно агучвалі і самі аўташколы", — дадалі ў праграме.

Акрамя таго, існуе праблема так званых бестэрміновых вадзіцельскіх пасведчанняў, якія выдавалі ў СССР і Беларусі да 1995 года. У такіх дакументах не выстаўляўся тэрмін іх дзеяння.

Часта гэтыя пасведчанні падробліваюць, а іх уладальнікі ігнаруюць працэдуру медагляду. "Устанавіць асобу вадзіцеля па фатаграфіі не ўяўляецца магчымым, 24 гады таму яны выдаваліся, некаторыя 50 гадоў таму. І, вядома ж, немагчыма апазнаць — на фатаграфіі юнак, а ў рэальнасці пенсіянер", — заўважыў Аляксандр Цагельнік. Сёння ДАІ прапануе прызнаць такія дакументы недзеючымі з 2020 года.

Таксама ў праекце змяненняў у закон змешчаны і іншыя навацыі. У прыватнасці, прапануецца выдаваць міжнародныя вадзіцельскія пасведчанні, а таксама ўвесці катэгорыю правоў для ўладальнікаў мотаўсюдыходаў.

"Усе новаўвядзенні, прапановы заснаваны на практыцы жыцця. Акрамя таго, дарожная міліцыя шмат у чым абапіраецца на вопыт замежных калег. Цяпер ініцыятыва знаходзіцца на стадыі грамадскага абмеркавання. А гэта значыць, што кожны беларус сёння можа выказаць сваё меркаванне і паўплываць на дарожную абстаноўку", — рэзюмавалі ў "Галоўным эфіры".

www.belta.by,  zviazda.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць