Дайверы супраць эколагаў

У Нацыянальным парку «Нарачанскі» дайверы спрабуюць арганізаваць адмысловы парк для падводнага плавання. Эколагі б’юць трывогу і папярэджваюць, што задума з’яўляецца «мінай запаволенага дзеяння».



У Нацыянальным парку «Нарачанскі» дайверы спрабуюць арганізаваць адмысловы парк для падводнага плавання. Эколагі б’юць трывогу і папярэджваюць, што задума з’яўляецца «мінай запаволенага дзеяння».

Канфлікт выліўся ў медыйную сферу пасля таго, як у возеры Рудакова, што ўваходзіць у сістэму азёр Нацыянальнага парку «Нарачанскі», затапілі корпус верталёта МІ–2. Арганізатары патлумачылі, што такім чынам ствараецца «падводны парк для апусканняў з аквалангам падводных турыстаў і гасцей краіны, якія захапляюцца дайвінгам».

Аўтар праекта, інструктар па дайвінгу Алег Карцаў расказаў, што ідэя з верталётам узнікла пяць гадоў таму. І сёлетняй зімой у пасёлку Нарач падчас нарады па абмеркаванні праекта Дзяржаўнай праграмы развіцця Нарачанскага курортнага рэгіёну на 2011–2015 гады дайверы прапанавалі стварыць падводны парк для апусканняў з аквалангам на возеры Рудакова.

«Нам далі дабро, каб мы зрабілі цікавую мясціну для пагружэння не толькі беларускіх аквалангістаў, але і гасцей рэспублікі, бо ва ўсім свеце дайвінг вельмі папулярны, — тлумачыць выбар возера Алег Карцаў. — Мы ныралі ў большасці беларускіх азёр — спецыяльна шукалі самае прыгожае для аквалангістаў. У Рудакове найлепшыя ўмовы для пагружэння з аквалангам: вялікая празрыстасць вады, самы прыгожы рэльеф дна, многа водарасцей, рыбы. Гэта вялікі прыродны акварыум. Так што для нас Рудакова — гэта эталонны вадаём. А цяпер яшчэ і знакавае возера. У нас ёсць першы «wreck», як гэта ў дайвінгу называюць. З цягам часу фюзеляж верталёта стане «падводным рыфам», прыцягне ўвагу не толькі рыб, якія яго з задавальненнем заселяць, але і аквалангістаў з Беларусі ды іншых краін».

Ідэя Алега Карцава з падводным паркам трымаецца не толькі на энтузіязме. Пасля таго, як кіраўнік Беларусі падпісаў «Праграму развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна», дайверам выдзелілі пад стварэнне парку ў дадатак да возера 1,5 гектара зямлі на беразе пад будаўніцтва адпаведнай інфраструктуры — гатэлю, комплексу для навучання пачаткоўцаў. Апроч згаданага верталёта на дно возера Рудакова плануецца апусціць яшчэ каля сямі аб’ектаў. Што гэта будзе — пакуль не вядома, але размовы ходзяць нават пра затапленне танка Т–64Б. Што праўда, дайверы абяцаюць не толькі жалеззе тапіць, але і развесці ў возеры рыбу, вычысціць яго тэрыторыю ад смецця.

Аднак эколагі і навукоўцы захапленне Карцава не падзяляюць. Яны нават накіравалі адмысловы ліст міністру прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і генеральнаму дырэктару Нацыянальнага парку «Нарачанскі», у якім выказалі свой пратэст з нагоды стварэння ў ахоўваемай зоне такога комплексу для дайвераў. «Возера Рудакова — гэта не толькі адзін з прыгажэйшых вадаёмаў Нарачанскага рэгіёна. Гэта яшчэ і надзвычай каштоўны ў экалагічным і навуковым дачыненні прыродны аб’ект, — гавораць аўтары ліста.

Яны тлумачаць, чаму нельга ператвараць возера ў сметнік патэнцыйна небяспечных для экасістэмы возера прадметаў: «Рудакова — параўнальна невялікі непраточны вадаём. Корпус верталёта ўтрымлівае значную колькасць такіх металаў, як алюміній, цынк, медзь, свінец і інш. Непазбежны працэс карозіі корпуса прывядзе да ўзбагачэння вады таксічнымі злучэннямі, такімі, як солі алюмінія, цяжкіх металаў ды іншых. Гэтыя злучэнні аказваюць згубнае ўдзеянне на ўсе віды жывёл і раслінных арганізмаў ад бактэрый і водарасцяў да рыб. Такім чынам, затоплены корпус верталёта — гэта міна запаволенага дзеяння, ён уяўляе пагрозу для экасістэмы возера Рудакова».

Навукоўцы звяртаюць увагу, што ў 2008–2009 гадах у Беларускім дзяржаўным універсітэце ў рамках Дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы «Экалагічная бяспека» былі выкананыя адмысловыя даследаванні па распрацоўцы «Стратэгіі кіравання экасістэмай возера Рудакова». Але, калі прымалася рашэнне пра затапленне верталёта, ніхто не палічыў патрэбным пракансультавацца з навукоўцамі, у выніку было прынятае «абсалютна непісьменнае з экалагічнага пункта гледзішча рашэнне».

Пад гэтым лістом падпісаліся шэраг навукоўцаў з Белдзяржуніверсітэта, НАН Беларусі, а таксама дырэктар буйнейшага дайвінг-клуба «Марскі Пегас». Да слова, падпісанты ліста апелююць не толькі да экалагічнага фактару, але і да бяспекі людзей: «Затапленне верталёта на лёгка дасяжнай нырцамі глыбіні ў 10 метраў дае магчымасць і правакуе неарганізаваных дайвераў, без адмысловага абсталявання і страхоўкі з боку інструктара, пранікаць унутр верталёта, што стварае вялікую небяспеку для іх жыцця».

«Мы з вялікім запалам падтрымліваем рашэнне аб стварэнні падводнага парку для дайвераў з мэтай развіцця турызму на Нарачаншчыне і гатовыя прыняць самы актыўны ўдзел у яго рэалізацыі. Але нельга, прыкрываючыся добрымі намерамі, ператвараць адно з унікальных азёраў нашай краіны ў сметнік. Быў бы гэта кар’ер, якіх у краіне шмат, або тэхнічны вадаём, як, напрыклад Лукомль, тады б добра. Але Рудакова — гэтае пакуль яшчэ жывое возера, і, не буду хаваць, адно з самых маіх улюблёных. У ім я перыядычна ныраю ўжо каля 30 гадоў, і мне ёсць з чым параўноўваць. Я бачыў, якім яно было і якім стала, якая празрыстасць вады ў ім была раней і якая зараз, як шмат рыбы вадзілася», — агучыў сваю пазіцыю на партале www.wildlife.by дырэктар дайвінг-клуба «Марскі Пегас» Андрэй Ліхачоў.

Паводле слоў Ліхачова, пасля правядзення незалежнай ацэнкі выявіліся факты нядобрасумленнай падрыхтоўкі аб’екта да затаплення, высветлілася, што фюзеляж верталёта знаходзіцца ў вельмі нездавальняючым стане, і загады Міністэрствы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя не былі выкананыя. Фатаграфіі і відэа, зробленыя яшчэ да моманту апускання, выразна сведчаць пра гэта. «Ідэя стварэння штучных рыфаў не новая, у яе ёсць як прыхільнікі, так і супернікі. Найперш яна патрабуе ўважлівага падыходу ў кожным канкрэтным выпадку. Што тапіць, дзе тапіць, навошта, што з гэтага атрымаецца і г. д. Не ўсё можна апускаць нават у моры і акіян. І ўжо зусім іншае — закрыты непраточны вадаём, куды «закінулі» тэхніку, якая адслужыла свой век. Хаця больш правільна было б затапіць адмысловыя канструкцыі з інертных да воднага асяроддзя і яго насельнікаў матэрыялаў», — лічыць Ліхачоў.

На форуме дайвінгу, падводнага палявання і фрыдайвінга www.divers.by (беларускі рэсурс) прэзідэнт Расійскага некамерцыйнага дабрачыннага фонду развіцця падводных экалагічных праграм «Штучныя рыфы» Сяргей Фядотаў выказаў меркаванне, што «стварэнне штучных рыфаў — шлях неадназначны».

«Праблемы са штучнымі рыфамі са смецця могуць узнікнуць не адразу. Амерыканскі пакрышкавы рыф быў прызнаны экалагічнай катастрофай праз 20 гадоў! Расійскія даследчыкі пакрышак толькі праз 5 гадоў убачылі, што ўсе іх старыя марскія жыхары падыхаюць, — даводзіць пра наступствы памылак Фядотаў. — Калі тапіць алюміній у моры, дык там хоць вада праточная, і труціцца будуць толькі рыбы і крабы, якія пастаянна «пасвяцца» на водарасцях і малюсках, прарослых на самалётах. З замкнёнымі вадаёмамі сітуацыя больш складаная. У азёрах самалёты не ўзлятаюць са дна падчас шторму, але карысна ведаць, што алюміній для тых, хто робіць штучныя рыфы не для эканомікі, а для экалогіі, — пракляты матэрыял. А для тых, хто робіць іх дзеля грошай, — нармалёвы».

Каментаваць