Дактыласкапія з магчымымі наступствамі

Праваабаронцы заклікаюць абскарджваць неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў МУС, якія датычацца масавай дактыласкапіі жыхароў Беларусі.

Пасля выбуху 4 ліпеня цяпер ужо былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў для расследавання інцыдэнту выдаў распараджэнне №103 ад 26.08.2008 г. аб масавай дактыласкапіі ўсіх ваеннаабавязаных грамадзян ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў. За дзевяць месяцаў павесткі ў міліцыю ці ваенкамат, атрымалі тысячы грамадзян, якім добраахвотна-прымусова прапаноўвалі «адкатаць пальчыкі».



Праваабаронцы заклікаюць абскарджваць неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў МУС, якія датычацца масавай дактыласкапіі жыхароў Беларусі.

Пасля выбуху 4 ліпеня цяпер ужо былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў для расследавання інцыдэнту выдаў распараджэнне №103 ад 26.08.2008 г. аб масавай дактыласкапіі ўсіх ваеннаабавязаных грамадзян ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў. За дзевяць месяцаў павесткі ў міліцыю ці ваенкамат, атрымалі тысячы грамадзян, якім добраахвотна-прымусова прапаноўвалі «адкатаць пальчыкі».

Па звестках праваабаронцаў, гэта кампанія ахапіла як мінімум 20 буйных населеных пунктаў краіны. Было задзейнічана два асноўныя механізмы збору адбіткаў пальцаў: мужчын выклікалі ў ваенкамат, фармальна звяралі іх дадзеныя, пасля бралі адбіткі пальцаў, не ўтойваючы, што гэта звязана з выбухам 4 ліпеня. Выклікалі грамадзян і непасрэдна ў РУУСы. Тут ужо справа датычылася мужчын, жанчын, непаўналетніх. Бралі адбіткі пальцаў і ў былых супрацоўнікаў КДБ.

У пачатку студзеня прадстаўнікі Беларускага Хельсінскага камітэта звярнуліся да генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча з просьбай абагульніць практыку разгляду скаргаў грамадзян на незаконныя дзеянні па дактыласкапіі і адмяніць распараджэнне Навумава як незаконнае. Крыху пазней старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч заявіў, што падтрымлівае ініцыятыву, якая датычыцца дактыласкапіі ўсіх ваеннаабавязаных грамадзян рэспублікі. «Канстытуцыйны суд не бачыць парушэння канстытуцыйных правоў грамадзян пры правядзенні дактыласкапіі», — адзначыў старшыня Вярхоўнага суда.

«Мы лічым, што масавая дактыласкапія парушае канстытуцыйныя правы грамадзян, найперш права на недатыкальнасць асобы, права на асабістае жыццё, — гаворыць праваабаронца Алег Волчак. — Крымінальна-працэсуальны кодэкс дакладна акрэслівае, хто можа быць сведкам па справе: асоба, якая ведае інфармацыю, была сведкам ці відавочцам здарэння. Палова жыхароў краіны не можа праходзіць у якасці сведкі па гэтай справе. Для падобных следчых дзеянняў мусіць быць аператыўная інфармацыя, падставы».

Праваабаронца лічыць, што большасці людзей гэтыя позвы прыносяць маральны дыскамфорт. «Майму сябру, які жыве ў Германіі, таксама прыслалі на беларускі адрас позву. Яго гэта ўсхвалявала. Мы прызвычаіліся да такіх адносінаў да сябе, а ў цывілізаваным свеце гэта выклікае шок. Я прапаную пісаць скаргі на імя пракурора раёна, тым больш, калі на чалавека аказваецца ціск», — заяўляе Волчак.

У скарзе трэба напісаць, што вы не з’яўляецеся сведкамі і не хочаце здаваць адбіткі, пацікавіцца, на якой падставе вас далучылі да ліку сведак. Як правіла, тыя, хто піша падобныя скаргі, пазбаўляюцца настойлівых «запрашэнняў» прыйсці ў аддзяленні міліцыі і «здаць пальчыкі», да таго ж органы пракуратуры хоць неяк кантралююць дзеянні міліцыянтаў.

Праваабаронцы звяртаюць увагу, што большасць позваў аб дактыласкапіі афармляецца няправільна. На позве павінна стаяць прозвішча службовай асобы, пячатка, час, калі вас чакаюць у РУУСе, ваш статус і справа, па якой вы выклікаецеся. На няправільна аформленыя позвы можна не рэагаваць. Калі ж дакумент састаўлены правільна, то лепш прыйсці да следчага. Але кожны грамадзянін можа спаслацца на артыкул 60 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса і 27-ы артыкул Канстытуцыі і адмовіцца даваць паказанні датычна сябе, бо яны могуць быць выкарыстаныя ў далейшым супраць гэтай асобы.

Маральны дыскамфорт — не самае страшнае ў масавай дактыласкапіі. «Вы можаце патрапіць пад аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, — расказвае праваабаронца і былы следчы Алег Волчак. — Адбіткі пальцаў будуць у агульнай картатэцы, дзе імі могуць карыстацца любыя праваахоўныя органы. Любы следчы можа, спасылаючыся на Закон аб аператыўнай дзейнасці, паставіць на праслухоўванне, атрымаць доступ да карэспандэнцыі. Але самае страшнае будзе тады, калі на месцы нейкага злачынства знойдуць, напрыклад, паперку ад марозіва з вашымі адбіткамі пальцаў. Давядзецца апраўдвацца і тлумачыць, што і калі вы рабілі ў тым месцы».
 

Каментаваць