Дамагацца захавання межаў ахоўнай зоны і статусу Курапатаў

Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі круглага стала «Курапаты: праблемы статусу і ахоўных зонаў», што адбыўся вечарам 18 лютага ў Мінску.



На пасяджэнні адзначалася, што галоўную ролю ў захаванні асяроддзя гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 30-40-х гадоў XX стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты” адыгрывае менавіта ахоўная зона гэтага выбітнага помніку трагедыі беларускага народу.
 
 
Але межы гэтай зоны былі ўведзены ў прававое поле пастановай Міністэрства культуры толькі 12 мая 2004 году – праз 11 гадоў пасля таго, як у 1993 годзе на выснове працы археолагаў Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі былі зацверджаны межы самаго мемарыялу і ён быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
 
 
Падрыхтоўка праекту ахоўнай зоны ўрочышча пачалася пасля падзей 2001-2002 гадоў, звязаных з пашырэннем МКАД і супрацьстаяннем ў Курапатах. У 2003 годдзе па заказу Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій архітэктары Таццяна Косціч і Вольга Кукуня з сталічнага інстытуту “Праектрэстаўрацыя” распрацавалі навукова, у тым ліку гістарычна, абгрунтаваны праект ахоўнай зоны Курапатаў з мемарыялізацыяй урочышча. Прычым, аўтары ўбачылі мемарыял у выглядзе парослага збажыною поля — поля жалобы і смутку, па якім віецца апошняя дарога бязвінных ахвяраў — дарога за небакрай. Дарэчы, гэты шлях, так званая “Дарога смерці”, па якой ў 1930-я гады людзей вазілі на “чорных варанках” з Мінска на Курапаты на расстрэл не толькі тапаграфічна вызначаны, але і дагэтуль бачны з космасу на полі паміж урочышчам і Экспабелам.
 
 
 
У 2003 годзе на гэтым полі з усходняга боку Курапатаў распачалася пабудова катэджнага пасёлку “Сонечны” з царквою Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы. Прычым, першую пачалі ўзводзіць менавіта царкву. Але пад уціскам грамадскасці Мінкультуры заставіла суб’ектаў гаспадарання і забудоўшчыкаў адмовіцца ад гэтых планаў. Спынілася ўзвядзенне царквы, яе фундамент быў разабраны, а катлаван засыпаны. Трэба аддаць належнае ўпраўленню па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры, кіраўніцтва якога знайшло ў сабе мужнасць абараніць недатыкальнасць прылеглай да Курапатаў тэрыторыі.
 
 
 
Урэшце толькі пасля гэтых падзей Міністэрства культуры зацвердзіла часовую схему (менавіта часовую схему, а не пастаянна дзеючы праект!) зонаў аховы Курапатаў, якая ўключае зоны ахоўную, рэгулюемай забудовы і аховы ладшафту. Прычым, Мінкультуры значна скараціла прапанаваную Косціч і Кукуняй плошчу ахоўнай зоны помніка з яго усходняга боку.
 
 
Але нават зацвярджэнне схемы зонаў аховы Курапатаў не спыніла юрыдычных асоб і забудоўшчыкаў ад спакусы забудаваць рознымі аб’ектамі прылеглую да мемарыялу тэрыторыю паміж МКАД і дарогай Заслаўе-Калодзішчы.
 
 
Так, ў ахоўнай зоне Курапатаў з іх заходняга боку незаконна пабудаваны чатыры домікі рэстаранна-забаўляльнага комплексу, а аднагалоснае рашэнне нарады з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры, Мінскага аблвыканкама, Генеральнай пракуратуры, заказчыка і іншых зацікаўленых структураў ад 27 снежня 2012 году аб вынасе вышэйназваных домікаў да гэтай пары не выканана. Забудоўшчыкі пасёлку “Сонечны”, узведзенага за дарогаю Заслаўе-Калодзішчы, патрабуюць дапусціць іх на тэрыторыю ахоўнай зоны Курапатаў з іх паўночнага боку.
 
 
Але найбольшую пагрозу для мемарыялу ўяўляюць планы будаўніцтва Міжнароднага выставачнага цэнтру на полі паміж Курапатамі і Экспабелам, частка якога ўваходзіць у ахоўную зону помніка. Грамадскасць лічыць недапушчальнымі любыя праектна-вышукальніцкія працы на тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў, паколькі такія працы прывядуць да знішчэння асяроддзя помніка з яго ўсходняга боку, у тым ліку і “Дарогі смерці”.
 
 
У гэтай сітуацыі грамадскія актывісты накіравалі лісты міністру культуры і генеральнаму пракурору з просьбай забяспечыць выкананне заканадаўства аб непарушнасці межаў ахоўнай зоны Курапатаў. Калі ж адказ будзе адмоўны, грамадскасць мяркуе абскардзіць у судзе дзеянні вышэйназваных структур.
 
 
Удзельнікі круглага стала выказалі надзею, што кіраўніцтва ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры падыдзе да вырашэння праблемы непарушнасці ахоўнай зоны помніку з пачуццём гістарычнай адказнасці і зробіць адзіна правільны выбар у абарону законнасці і Курапатаў.
 
 
У адваротным выпадку вядомы беларускі праваабаронца Гары Паганяйла прапанаваў менавіта праз суд, законна бараніць ахоўную зону Курапатаў. На ягонае меркаванне, сярод заяўнікаў зыску ў суд могуць выступіць як адпаведныя грамадскія аб’яднанні, так і асобныя грамадзяне.
 
 
Удзельнікі пасяджэння падтрымалі прапанову Гары Паганяйлы аб падрыхтоўцы заявак ў Мінгарвыканкам і Мінаблвыканкам аб правядзенні ў Курапатах ці ў іншым месцы сталіцы мітынгу грамадскасці ў абарону ахоўнай зоны народнага мемарыялу.
 
 
Таксама падтрыманыя прапановы вядомага беларускага грамадска-палітычнага дзеяча і мовазнаўцы Вінцука Вячоркі сканцэнтраваць увагу грамадства і незалежнай прэсы на сітуацыі вакол усходняй мяжы ахоўнай зоны Курапатаў, на неабходнасць накіраваць адпаведны ліст ў Беларускую гандлёва-прамысловую палату, а таксама падоўжыць “вельмі эфектыўную практыку” правядзення круглых сталоў па праблемах народнага мемарыялу з удзелам спецыялістаў у розных галінах.
 
 
На пасяджэнні таксама адзначалася, што апошнім часам мусіруецца пытанне аб змене юрыдычнага статусу Курапатаў, як месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў, і наданні яму статусу мемарыяльных могілак ці мемарыяльнага парку, якія, дарэчы, не прадугледжаны айчынным заканадаўствам.
 
 
Вядомы беларускі археолаг, кандыдат гістарычных навук Валянціна Вяргей распавяла, што ў гісторыка-культурным кантэксце паняцце “могільнік” азначае пахаванне людзей згодна нейкай абраднасці, у тым ліку паганскай, юдзейскай, праваслаўнай, каталіцкай і мусульманскай. Прычым, тая ці іншая абраднасць выконваецца пад час пахавання любога чалавека, які памёр натуральнай смерцю, ці загінуў недзе ад насілля, сказала навукоўца. Курапаты ж з’яўляюцца не могільнікам, а месцам згубы (ці гвалтоўнай смерці, пакарання смерцю, пагібелі, забойства, знішчэння, расстрэлу) ахвяраў палітычных рэпрэсій без выканання якіх-небудзь людскіх традыцый, падкрэсліла археолаг.
 
 
Яна звярнула ўвагу на тое, што змена статусу Курапатаў не на карысць помніку і аніяк не паўплывае на яго добраўпарадкаванне, бо для гэтага трэба выдзяленне значных мэтавых сродкаў з бюджэту. А спроба дабіцца такіх сродкаў на мемарыялізацыю Курапатаў у 2001 годзе праз Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу нічога не дала, сказала Валянціна Вяргей.
 
 
Удзельнікі круглага стала прыйшлі да высновы аб неабходнасці захаваць існуючы статус Курапатаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць