Дар`я Домрачава і Святлана Алексіевіч — самыя ўплывовыя жанчыны Беларусі

Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне Дар`я Домрачава прызнаная самай уплывовай жанчынай Беларусі па выніках экспертнага апытання, праведзенага БелаПАН напярэдадні свята 8 сакавіка.
Да ўдзелу ў апытанні быў запрошаны 51 эксперт з розных сфер грамадскага жыцця (26 жанчын і 25 мужчын — сімвалічнае абазначэнне дэмаграфічнай няроўнасці ў краіне). Кожнаму прапаноўвалася назваць тройку кандыдатаў (ачкі налічваліся па сістэме 3—2—1). Дапушчалася называць менш, а таксама ставіць некалькіх чалавек на адно месца.

Домрачава набрала 53 ачкі, атрымаўшы 13 першых, 5 другіх і 4 трэція месцы. Яна апярэдзіла кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлю Качанаву — 45 балаў (9, 7, 4) і лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 2015 год пісьменніцу Святлану Алексіевіч — 37 (8, 3, 7).

У першай дзясятцы таксама прэс-сакратар прэзідэнта Наталля Эйсмант — 33 ачкі (7, 5, 2), старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына — 33 (6, 7, 1), публіцыст Святлана Калінкіна — 14 (3, 2, 1), віцэ-спікер Савета Рэспублікі Мар`яна Шчоткіна — 7 (0, 2, 3), маці загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча Святлана Коржыч, рэдактар сайта «Хартыя`97» Наталля Радзіна — па 6 (2, 0, 0), журналістка Ірына Халіп — 5 (1, 1, 0). Усяго было названа 49 кандыдатур.

Падрабязныя вынікі апытання апублікаваныя ў інтэрнэт-газеце БелаПАН Naviny.by. Там жа за суткі да абвяшчэння вынікаў было запушчана «народнае галасаванне» за самую ўплывовую жанчыну краіны. Выбіраць можна было з першай дзясяткі прэтэндэнтак па выніках апытання экспертаў.

На 11 гадзін раніцы 8 сакавіка прагаласавала роўна 1.000 чытачоў Naviny.by. З вялікім адрывам перамагае Святлана Алексіевіч (51,3% галасоў). За ёй ідуць Дар`я Домрачава (15,6%), Наталля Эйсмант (6,6%), Святлана Калінкіна (5,8%), Лідзія Ярмошына і Наталля Радзіна (па 4,6%). Дзесятку замыкаюць Наталля Качанава, Ірына Халіп (па 3,3%), Святлана Коржыч (2,8%) і Мар`яна Шчоткіна (2,1%).

Паводле Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-03-09 08:23:32
Эх, эксперты... Домрачава калі і мае ўплыў, то толькі ў спартовай сферы (прыблізна на ўзроўні нам. міністра). Наконт Алексіевіч - таксама спрэчна. Шумавінне вакол яе "Нобеля" даўно сціхла, і нешта спадарыня закінула нават свой інтэлектуальны клуб (гл. http://belisrael.info/?p=14383 ). Чаму б, дарэчы, кар. "НЧ" не спытацца, што з клубам будзе далей?
Вось Эйсмант - тая сапраўды ўплывовая (больш за Д. і А., разам узятых).

Каментаваць