Дарагое лета

Усім вядома, што беларусы ўмеюць і любяць працаваць. Але адпачываць яны таксама любяць, і калі адпачываюць, то ўжо напоўніцу. На тое, што зарабілі сваёй цяжкай працай за год, яны «адцягваюцца» ў летні адпачынак. Але што беларусу добра, тое стварае праблемы для краіны.



Пікам сезону адпачынку традыцыйна з’яўляецца ліпень — жнівень. Дык вось, сёлета сваімі адпачынкамі паважаныя грамадзяне стварылі праблему беларускім банкам. Насельніцтва Беларусі ў ліпені не толькі на фоне адпачынкаў, але і на фоне рэзкага росту дэвальвацыйных чаканняў, забяспечыла банкам рублёвы абвал.

Па дадзеных Нацбанка, у ліпені ўклады насельніцтва ў беларускіх рублях скараціліся на 9,3% (з улікам адсоткаў і пераводных дэпазітаў), або на 3,28 трыльёна беларускіх рублёў (370 мільёнаў долараў).

Частка знятых з дэпазітаў рублёў (максімум 2,57 трыльёна рублёў) пасля канвертавання ў валюту магла сысці ў валютныя ўклады: валютныя дэпазіты фізічных асоб у ліпені выраслі на 4,4%, ці на 290 мільёнаў долараў. Але куды падзеліся беларускія рублі ў эквіваленце 80 мільёнаў долараў?

Аналітыкі лічаць, што прыкметная частка «зніклых» рублёвых дэпазітаў была канвертаваная ў наяўную валюту, «якую насельніцтва адмовілася давяраць банкам». Але, хутчэй за ўсё, людзі проста вырашылі патраціць грошыкі дзе-небудзь на цёплым моры.

Варта нагадаць, што ў ліпені чыстая купля валюты грамадзянамі РБ склала 621 мільён долараў, а для прадухілення крызіснай сітуацыі з адтокам укладаў Нацбанку давялося аператыўна стварыць на рынку дэфіцыт рублёвай ліквіднасці з тым, каб рэзка павысіць працэнтныя стаўкі па рублёвых дэпазітах і тым самым збіць панічную хвалю.

Але за шыкоўным адпачынкам наступае іншая праблема: дзе ўзяць грошы на далейшае жыццё? «Постадпачынкавы» сіндром тых, хто патраціў усё дашчэнту, але заробак атрымае толькі праз месяц, вядомы шмат каму. Пра гэта клапоціцца дзяржава.

Не пра ўсіх, канешне, а пра найбольш абяздоленых. З 12 жніўня падпісаны ўказ аб тым, што студэнцкія атрады змогуць працаваць зараз не толькі ў перыяд летніх вакацыяў, але і на працягу навучальнага года — з верасня па май.

«Указам №356 прадугледжваецца залічэнне вучняў у склад студэнцкіх атрадаў у перыяд з верасня па май па ўзгадненні з кіраўніком установы адукацыі па месцы вучобы студэнта (навучэнца). Пры гэтым захоўваецца паняцце трэцяга працоўнага семестра (з 1 мая па 30 верасня) як найбольш актыўнага перыяду для працы студэнцкіх атрадаў», — гаворыцца ў афіцыйным каментары.

Дакумент прыняты «ў мэтах павышэння эфектыўнасці арганізацыі часовай працоўнай занятасці моладзі ў вольны ад вучобы і асноўнай працы час на працягу ўсяго каляндарнага года».

Гэта цікавая спроба вырашыць адразу дзве праблемы. Адна — падвысіць заробкі студэнтаў. Другая — вельмі важная. Як вядома, шмат будаўнікоў з Беларусі з’ехала на працу за мяжу. Зараз студэнты будуць замяшчаць на айчынных будоўлях тых, хто паквапіўся на доўгі рубель ці долар замежных працадаўцаў.

Але застаецца пытанне: якім чынам створаныя ў вучэбны час будатрады паўплываюць на якасць навучання? Гэтае пытанне ўжо мала каго хвалюе. Сапраўды, «тройку» студэнту заўсёды паставяць, стыпендыю з-за нізкай паспяховасці здымуць, але навошта яму тая стыпендыя, калі ён зарабляе? Гора толькі, калі на прадпрыемствы, у лякарні ды школы прыйдуць такія «маладыя спецыялісты», якія замест вучобы падымалі народную гаспадарку.

Дарэчы, пра гаспадарку і маладых спецыялістаў. Тым, хто размяркоўваецца ў розныя «аграгарадкі», таксама падкінулі цукерачку. Зараз тыя, хто паехаў па размеркаванні ў калгас, будуць атрымліваць штомесячныя даплаты. Маладым спецыялістам з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, прынятым на працу ў арганізацыі АПК, на працягу двух гадоў іх працы ўсталёўваюцца штомесячныя даплаты ў двухразовым памеры тарыфнай стаўкі першага разраду, устаноўленай урадам для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый.

Кіраўнікам і спецыялістам з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія адпрацавалі ў арганізацыях АПК два гады па размеркаванні і якія працягваюць працаваць у гэтых арганізацыях на ўмовах заключаных кантрактаў, усталёўваюцца штомесячныя даплаты на працягу наступных трох гадоў у трохразовым памеры тарыфнай стаўкі першага разраду за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, рыбаводства і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі.

Ці спыняць гэтыя захады марафонскі бег маладых спецыялістаў з месцаў размеркавання? Наўрад ці. Маладыя людзі скардзяцца не толькі на нізкія заробкі, але і на шмат што іншае: на кепскія ўмовы працы, дрэнныя ўмовы пражывання і гэтак далей. Дый кінутая ім «костка» — не вельмі салодкая, бо тарыфная стаўка першага разраду зараз складае толькі 250 тысяч рублёў.

Але ж нашае АПК квітнее, і будзе квітнець надалей, бо пра яго клапоцяцца нават такія людзі, як мэр Мінска Мікалай Ладуцька. Ён наведаў Мінскі падшыпнікавы завод і знайшоў прасвятленне: гэтаму прадпрыемству абавязкова трэба наладзіць «імпартазамяшчальную вытворчасць». Можа, ён прапанаваў прадпрыемству выпускаць нейкія рухавікі? Не! Размова ідзе аб вытворчасці сякер і ручных косаў!

«Цяпер на МПЗ выпускаюць 40 тысяч сякераў на год. А трэба выпускаць 400 тысяч і прадаваць гэтую прадукцыю ў Расію, Украіну. Неабходна зарабляць, таму ўключайцеся ў гэтую працу», — заклікаў працоўных старшыня Мінгарвыканкама.

Больш за тое, як паведамляюць афіцыйныя «Минск-новости», падчас візіту на ААТ «МПЗ» Ладуцьку «прадэманстравалі ўзоры айчыннай і імпартнай прадукцыі, распавялі пра перспектывы працы па ўдасканаленні спажывецкіх характарыстык тавару і павелічэнні аб’ёмаў вытворчасці».

Вось табе і пытаннечка: як удасканаліць і мадэрнізаваць звычайную сякеру? Трэба было да гэтага пытання яшчэ Акадэмію навук падключыць, іншыя холдынгі і канцэрны. То была б у нас нанасякера з сэнсарным дысплеем і лазерным прыцэлам.

Між тым, як сцвярджаецца на сайце МПЗ, Мінскі падшыпнікавы завод — гэта сучаснае, высокатэхналагічнае, экспартаарыентаванае машынабудаўнічае прадпрыемства. ААТ «МПЗ» уваходзіць у дзясятку найбуйнейшых прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь і з’яўляецца адным з вядучых вытворцаў падшыпнікаў ва Усходняй Еўропе і СНД.

Зараз гэта будзе яшчэ і вытворчасць нанасякераў.

Каментаваць