Дармаеды, прэкарыяты і заможныя швейцарцы

Напачатку 1990-х была папулярная ідэя зрабіць з Беларусі «ўсходнееўрапейскую Швейцарыю». Але пакуль нашыя ўлады шукаюць, з каго б яшчэ стрэсці грошы, швейцарскія — плануюць падзяліцца з народам прыбыткам.



Кіраўніцтву краіны вельмі падабаецца, калі прыезджыя знакамітасці перад тэлекамерамі называюць Беларусь «усходнееўрапейскай Швейцарыяй». Гучыць усё гэта настолькі прывабна, што абывацель і сам ужо гатовы паверыць, што жыве ў настолькі дабрадайным краі. Але што ж на самай справе?

Швейцарыя: дзяржава дзеліцца прыбыткамі

Нядаўна ў Швейцарыі прайшоў збор подпісаў у падтрымку новага закона — пра так званы «безумоўны асноўны прыбытак» (БАП). І, калі меркаваць па настроях у грамадстве, закон гэты будзе хуткім часам прыняты. Сутнасць яго ў тым, што кожны дарослы грамадзянін Канфедэрацыі штомесяц, незалежна ад свайго матэрыяльнага становішча і занятасці, будзе атрымліваць нейкую гарантаваную суму. Зараз гаворка ідзе пра 2500 франкаў (прыкладна 2000 еўра).

Гэта не дапамога па беспрацоўі (той, хто працуе, таксама атрымае гэтыя грошы) і не сацыяльная дапамога (мільянеры будуць атрымліваць грошы нароўні з астатнімі). Гэта грошы, якія дзяржава выплачвае сваім грамадзянам, дзелячыся з імі сваімі прыбыткамі. І, што самае цікавае, швейцарцы ўпэўненыя, што гэтыя выплаты зусім не будуць стымуляваць бяздзейнасць, а, наадварот, апынуцца карыснымі для грамадства.

Па іх меркаванні, гарантаваныя мінімальныя выплаты не пазбавяць людзей жадання працаваць. Хутчэй, наадварот: матэрыяльная забяспечанасць дазволіць працаваць па-сучаснаму. Прадуктыўнасць працы вырасце, паколькі ўсе будуць займацца тым, што ім сапраўды па душы. Пры гэтым ніхто не будзе баяцца змяняць працу і эксперыментаваць. Аўтары законапраекта зыходзяць з таго, што большасць іх суграмадзян працуюць, паколькі бачаць у сваёй працы сэнс і адчуваюць яе ўхвалу грамадствам. Затое, з іншага боку, пры наяўнасці гарантаванага прыбытку кожны чалавек зможа больш часу прысвячаць выхаванню дзяцей і дагляду за хворымі сваякамі.

Для выплаты БАП у памеры 2500 франкаў для дарослых і 625 франкаў для дзяцей неабходныя 200 мільярдаў франкаў у год.

Цяпер выдаткі дзяржавы на сацыяльныя выплаты складаюць 70 мільярдаў — і гэта без уліку выдаткаў на бюракратычны апарат, які вырашае, каму належыць сацыяльная дапамога, а каму — не. БАП зробіць бюракратыю ў гэтым пытанні непатрэбнай. Грошы будуць атрымліваць усе.

Ідэя ўвесці БАП імгненна знайшла сваіх прыхільнікаў — патрэбныя 100 тысяч подпісаў былі сабраныя хутчэй, чым за любую іншую ініцыятыву ў гісторыі краіны. 4 кастрычніка 126 тысяч завераных подпісаў былі перададзеныя ў федэральную канцылярыю. Цяпер ва ўрада ёсць максімум 5,5 гадоў, каб вынесці праект закона аб «безумоўным асноўным прыбытку» на рэферэндум. Але, відаць, галасаванне адбудзецца ўжо ў наступным годзе.

Беларусь: дзяржава палюе на грамадзян

Апошнія прыкладна паўтара года ў Беларусі прайшлі пад сцягам гучнага змагання з дармаедамі. Наўрад ці гэта выклікана толькі жаданнем папоўніць бюджэт. Справа тут не ў грошах. Больш верагодна, што прэзідэнцкія аналітыкі з Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра (ІАЦ) канстатавалі: у краіне хутка з’явіцца крытычная маса людзей, якія эканамічна не залежаць ад дзяржавы. І галоўнае — не жадаюць ад яе залежаць, разлічваюць на ўласныя сілы і ставяцца да чыноўнікаў з кепска прыхаванай пагардай.

У выніку як «дармаедаў» улада стала пазіцыянаваць людзей, якія на самай справе працуюць — проста працуюць на сябе і не гараць жаданнем аддаваць дзяржаве ільвіную долю заробленага. Каб зразумець, хто стаў зараз «сацыяльнымі ворагамі», досыць паглядзець на паведамленне Міністэрства па падатках і зборах ад 16 студзеня гэтага года. Паводле яго, нелегальным рэпетытарам і цырульнікам (і не толькі ім, гэта толькі прыклад) давядзецца выплаціць адзіны падатак у пяцікратным памеры. Новаўвядзенне датычыць напрамкаў дзейнасці, што пералічаныя ў арт. 295 і 296 Падатковага кодэкса. Гэта значыць, сюды таксама патрапляюць, напрыклад, паслугі хатніх прыслужніц, салонаў прыгажосці, музычнае абслугоўванне і правядзенне ўрачыстых мерапрыемстваў (вяселляў, юбілеяў і г.д.), гадоўля і продаж кацянят і шчанюкоў і шмат што яшчэ.

Па сутнасці, беларускія ўлады свядома знішчаюць тых, з каго мог бы сфармавацца сярэдні клас — аснова росквіту той жа Швейцарыі — і жадаюць замяніць яго новым сацыяльным класам, паняцце аб якім з’явілася ў палітычных навуках зусім нядаўна. Яго ў 2011 годзе ўвёў у абарачэнне брытанскі даследчык Гай Стэндынг. Гэты новы клас, народжаны капіталізмам ва ўмовах постіндустрыяльнай эканомікі, завецца «прэкарыяты». Гэта працаўнікі, якім становяцца недаступныя раней гарантаваныя працоўныя адносіны. І якія змушаныя існаваць коштам такіх відаў занятасці, як падрадная праца, працоўны кантракт на абмежаваны тэрмін, занятасць на няпоўны працоўны час пры малых або наогул адсутнічаючых сацыяльных гарантыях, самастойная праца, праца па выкліку і г. д. Сюды ж адносіцца так званая пазыковая праца (аўтстафінг, лізінг персанала) — калі камерцыйная фірма наймае ў свой штат працаўнікоў, часавых або сталых, выключна для выканання замоваў на паслугі гэтых працаўнікоў.

«Прэкарыяты» — гэта цэлы клас людзей, пазбаўленых большай часткі сацыяльных правоў. Гай Стэндынг піша пра гэта так: «Лічылася, акрамя ўсяго іншага, што варта падвысіць гнуткасць рынка працы, а гэта значыла перакласці цяжар рызык (паніжэння прыбыткаў, беспрацоўя) на плечы працаўнікоў і іх сем’яў, робячы іх яшчэ больш уразлівымі, у прыватнасці, перад крызісамі, перад беспрацоўем, магчымай непрацаздольнасцю, старасцю». Менавіта з-за такога падыходу, як лічыць Стэндынг, у Еўропе і паўстаў новы клас — «прэкарыяты», якому ўласцівыя тры характэрныя асаблівасці. Па-першае, адсутнасць гарантый занятасці. Па-другое, адсутнасць гарантый пенсій, дапамогі па беспрацоўі, медыцынскай страхоўкі. Па-трэцяе, звужэнне, а часта і адсутнасць грамадзянскіх, палітычных і эканамічных правоў.

Але ці разумеюць беларускія чыноўнікі, што менавіта яны цяпер робяць? Наўрад ці. Гэтыя службоўцы раслі і выхоўваліся на дактрынах марксізму-ленінізму. Яны памятаюць, што сацыяльная структура краін класічнага капіталізму ўключае з аднаго боку — капіталістаў, з іншага — пралетарыят. А паміж імі малаважныя прамежкавыя пласты: дробная буржуазія, сялянства, духавенства, дзяржслужачыя і людзі вольных прафесій. Працоўны клас пры гэтым з’яўляецца большасцю.

Але такі расклад быў характэрны для канца XIX і першых двух трацін ХХ стагоддзяў. То бок для індустрыяльнага грамадства. Аднак для развітога свету ўжо даўно характэрная наступная стадыя развіцця — постіндустрыяльная. Але яе нашы ідэолагі не прызнаюць — бо ў іх падручніках аб ёй нічога не было сказана. Тым не менш, ужо і беларуская эканамічная, сацыяльная мадэль усё ў большай ступені становіцца постіндустрыяльнай. З усімі спадарожнымі праблемамі. Бо постіндустрыяльная эпоха тым і адрозніваецца ад індустрыяльнай, што ў ёй колькасць пралетарыяту рэзка падае, а яго грамадская роля — зніжаецца.

У дачыненні да Беларусі клас прэкарыятаў можа стаць адной з крыніцаў сацыяльнай нестабільнасці. Сёння дзяржава адкрыла на самазанятых людзей сезон палявання — іх фактычна пазбавілі шанцу атрымліваць пенсіі, іх выводзяць за межы прававога поля і пачынаюць даіць. Адбываецца вось што: людзей, якія рухаюцца ў бок фармавання сярэдняга класа, ператварэння сябе ў прадстаўнікоў гэтага самага сярэдняга класа, дзяржава — у тым ліку прэзідэнцкім дэкрэтам «Аб дармаедах» — «выціскае» зусім у іншы клас — у прэкарыяты.

У Беларусі, калі верыць кіраўніку дзяржавы, цяпер мінімум паўмільёна чалавек не плацяць падаткі. Але колькі сярод іх тых, якія насамрэч апусціліся на «дно», — асацыяльных элементаў? Думаю, меншасць. Большая ж частка — людзі, якія працу­юць без падпісання працоўнай дамовы або наогул займаюцца самазабеспячэннем, выжываюць коштам агародаў. Калі яны працуюць, то яны бяспраўныя ў адносінах са сваімі працадаўцамі; калі не працуюць, то не атрымліваюць ніякай дапамогі і не маюць афіцыйнага працоўнага стажу, а значыць, пазбаўляюцца права на пенсію. Пакуль яны карыстаюцца паслугамі бясплатнай медыцыны, але пытанне аб праве гэтых людзей на медыцыну ўжо задаецца на вышэйшых узроўнях улады.

Што будзе далей? Калі цяперашняя палітыка працягнецца, прэкарыятамі стануць тыя самыя нелегальныя рэпетытары і цырульнікі, якіх гатова адлоўліваць наша Міністэрства па падатках і зборах. І ўжо згаданыя хатнія прыслужніцы, супрацоўніцы салонаў прыгажосці, вясельныя музыкі, заводчыкі кацянят і шчанюкоў… Журналісты-фрылансеры і праграмісты-адзіночкі, якія працуюць на замежных заказчыкаў. Шабашнікі, якія рамантуюць кватэры і будуюць катэджы. Нелегальныя таксісты, якія працуюць па начах на свой страх і рызыку. Ашмянскія цётачкі-кантрабандысткі, якія цягаюць у Вільнюс гарэлку і цыгарэты, а з Вільнюса — шырспажыў. Гэта, на самай справе, велізарная колькасць людзей, — нашмат больш, чым агучаныя 500 тысяч.

Каментаваць