Дарогу, па якой хадзіў Якуб Колас, хочуць унесці ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі

Грамадскасць будзе ініцыяваць унясенне старадаўняга брукаванага шляху, па якому хадзіў Якуб Колас, у Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Увогуле беларускія брукаванкі патрабуюць пільнай увагі грамадства і дзяржавы. Да такой высновы прыйшлі прадстаўнікі грамадскасці — удзельнікі прэс-туру, што адбыўся 7 красавіка ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці.



Арганізатарамі прэс-туру выступілі ініцыятары кампаніі #brukavanka. Гэта — аргкамітэт грамадскага аб’яднання “Мінскае гарадское таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага”, грамадская ініцыятыва “Еўраперспектыва” і Міжнароднае грамадскае аб’яднанне эколагаў. 

Паміж горадам Стоўбцы і вёскай Новы Свержань пралягае гістарычная брукаванка з прыгожымі прысадамі са старых таполяў. Напрыканцы 2014 года на ўчастку брукаванкі працягласцю 1,4 км па загаду раённых уладаў дарожнікі пачалі выразаць прысады, што ўстрывожыла мясцовых жыхароў. Яны дазналіся ад чынавенства пра намер пашырыць брукаванку, заасфальтаваць яе і зрабіць часткай аб’язной дарогі вакол Стоўбцаў. Аднак гараджане з такімі планамі не пагадзіліся, бо не бачаць у іх аніякага сацыяльна-эканамічнага сэнсу.

Эколаг, публіцыст і краязнаўца Валер Дранчук, які нарадзіўся на Стаўбцоўшчыне, праз інтэрнэт заклікаў грамадскасць бараніць брукаванку, якая памятае народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. На гэты заклік адгукнуліся структуры грамадзянскай супольнасці, якія дзеля захавання гістарычнай дарогі распачалі кампанію #brukavanka.

Падчас яе мясцовыя жыхары назбіралі 350 подпісаў супраць руйнавання дарогі, ініцыятары кампаніі падалі заяўку на правядзенне 3 красавіка ў цэнтры Стоўбцаў пікету ў абарону брукаванкі, накіравалі ў Стаўбцоўскі райвыканкам зварот больш чым 50 грамадзян з просьбай захаваць гістарычны шлях, стварыць камісію з удзелам мясцовых жыхароў і экспертаў для ўсебаковага разгляду сітуацыі і выпрацоўкі кампраміснага варыянту.

Аднак старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама Юры Горлаў адмовіў заяўнікам ў пікеце і паведаміў, што на ўчастку брукаванкі выконваюцца работы “па добраўпарадкаванню прыдарожнай паласы, якія ўключаюць ў сябе: прыборку старых дуплаватых дрэваў і тых, у якія трапіла маланка, высяканне кустоўя на прылеглых да дарогі сельскагаспадарчых угоддзях, прарэджванне і навядзенне парадку ўздоўж чыгункі” (дарэчы, як сведчаць актывісты кампаніі, пад выглядам вырубкі аварыйна небяспечных дрэваў былі зніштожаныя магутныя таполі, якія перажылі, у тым ліку, моцныя ўраганы 1983 і 1996 гадоў, калі пяцідзесяцігадовы лес у ваколіцах горада стыхія ламала, як запалкі). Разам з тым, старшыня райвыканкаму зазначыў, што “на 2015 год іншых мерапрыемстваў па выйшэйназванаму ўчастку дарогі не прадугледжана” і не задаволіў просьбу заяўнікаў пра стварэнне адмысловай камісіі.    

Як распавёў мясцовы краязнаўца Алесь Гутоўскі, брукаванка Стоўбцы-Новы Свержань была пабудаваная за палякамі яшчэ ў 1934 годзе на трасе былога шляху, які застаўся ў памяці старажылаў як Кацярынінскі гасцінец. Само будаўніцтва дарогі спрыяла больш эфектыўнаму землекарыстанню, бо кожны гаспадар абавязаны быў сабраць з палёў некалькі вазоў камення, а тыя, хто прыязджаў у горад, павінны былі прывезці з сабою і скласці ў крушні не менш за 20 камянёў. Прычым брукаванка мела адпаведны дугападобны профіль, які забяспечваў вадасцёк, цэнтр дарогі быў выкладзены меншым, а краі — большым каменнем.  

Мясцовы краязнаўца Міхась Кутас расказаў пра свае асабістыя высілкі ў абарону брукаванкі і адзначыў, што гістарычны шлях трэба не толькі захаваць, але і ўзнавіць яго аўтэнтычны профіль, а таксама аднавіць былыя прысады. Менавіта пра гэта спадар Міхась рыхтуе адпаведны ліст у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.  

Дарэчы, у Беларусі ёсць прыклады беражлівых адносінаў мясцовых уладаў да гістарычных брукаванак — плёну ручной карпатлівай працы і вялікіх чалавечых намаганняў не аднаго пакалення беларусаў. Так, у цэнтры Баранавічаў на частцы вуліцы Савецкай старую брукаванку не толькі захавалі, але і адрэстаўравалі.    

Паводле словаў Валеры Дранчука, паколькі брукаванка Стоўбцы-Новы Свержань мае 80-гадовае мінулае, яна з’яўляецца не толькі ўзорам экалагічнага гаспадарання, бо ў адрозненне ад асфальту не забруджвае навакольнае асяроддзе, але і часткай нацыянальнай гістарычна-культурнай спадчыны — брук быў традыцыйным будаўнічым матэрыялам беларусаў. Нельга дапусціць, каб частка гэтай шыкоўнай брукаванкі, якая трымае цудоўны мясцовы краявід, была пахаваная пад асфальт, лічыць спадар Валер. Ён нагадаў, што гэта эстэтычная вышыванка каменнем на ландшафце, якая вядзе ў Нясвіж і Мір, прылягае да Нёмана, ягонай поймы і Стаўбцоў, з’яўляецца часткай зялёнай зоны вакол горада. Вось чаму грамадскасць будзе да канца красавіка ініцыяваць унясенне старадаўняга шляху, па якому хадзіў Якуб Колас, у Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, падкрэсліў Валер Дранчук.

Гэтую ідэю падтрымаў і колішні старшыня райвыканкама Іван Ліхач, які прыехаў працаваць у Стоўбцах ў 1960-я гады, калі ўвесь горад ляжаў у бруку. Дык няхай брукаванка Стоўбцы-Новы Свержань будзе помнікам былому, цалкам брукаванаму гораду, заявіў Іван Ліхач.   

Старшыня аргкамітэту “Мінскага гарадскога таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага” Віктар Яўмененка выказаў падзяку ўсім актывістам кампаніі, у першую чаргу каардынатару “Еўраперспектывы” Дзянісу Кобрусеву. Спадар Віктар зазначыў, што ініцыятары кампаніі разам з краязнаўцамі будуць рупіцца айчыннымі брукаванкамі, каб захаваць іх для Бацькаўшчыны.

Каментаваць