Дарожная карта для Беларусі

Канферэнцыя «Дарожная карта для Беларусі» прайшла 31 сакавіка ў Бруселі па ініцыятыве трох фракцый Еўрапарламента. Сярод тэм заяўленых дакладаў — перамены ў Беларусі з кастрычніка 2008 года і перспектывы развіцця адносінаў ЕС з Беларуссю.

Канферэнцыя «Дарожная карта для Беларусі» прайшла 31 сакавіка ў Бруселі па ініцыятыве трох фракцый Еўрапарламента. Сярод тэм заяўленых дакладаў — перамены ў Беларусі з кастрычніка 2008 года і перспектывы развіцця адносінаў ЕС з Беларуссю.

У канферэнцыі прынялі ўдзел кіраўнік фракцыі Еўрапейскай народнай партыі Джозэф Дол, сацыял-дэмакратычнай — Марцін Шульц і ліберальнай — Грэхем Уотсан, старшыня Еўрапарламента Ганс-Герт Петэрынг і кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Яцэк Пратасевіч. А таксама прадстаўнікі структур ЕС, старшыня БАЖ Жанна Літвіна, незалежны эксперт Ірына Віданава, лідэры АГП Анатоль Лябедзька і Руху «За свабоду Аляксандр Мілінкевіч, пасол Беларусі ў Бельгіі Уладзімір Сянько.

«Дарожная карта» — гэта схема паступовага развіцця адносінаў ЕС з Беларуссю. Восенню 2008 года ЕС з 12 рэкамендацый Беларусі выдзеліў пяць прыярытэтных: адсутнасць у краіне палітзняволеных; дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства; забеспячэнне роўных умоў работы СМІ; стварэнне ўмоў для нармальнай дзейнасці палітычных партый і НДА; выключэнне з Крымінальнага кодэкса артыкулаў, якія тычацца крымінальнага пераследу за грамадскую і палітычную дзейнасць.

Удзельнікі канферэнцыі «Дарожная карта для Беларусі» станоўча ацанілі развіццё дыялогу паміж Беларуссю і Еўрасаюзам і заявілі пра неабходнасць яго працягу. Асобна адзначалася неабходнасць уключэння ў дыялог апазіцыі.

Як паведамляе прэс-служба Аляксандра Мілінкевіча, у сваіх выступах прадстаўнікі беларускай дэлегацыі казалі, што калі ёсць пэўныя пазітыўныя змены ў Беларусі, то яны на дадзены момант павярхоўныя і недастатковыя. Самае галоўнае — зрабіць зараз так, каб быў спынены палітычна матываваны пераслед. Людзі і іх абарона павінны быць на першым месцы. Выступоўцы казалі пра неабходнасць зменаў у крымінальнае заканадаўства, якое мае палітычныя артыкулы. Усе таксама выказваліся за неабходнасць удзелу Беларусі у праграме «Усходняга партнёрства».

Лідэр Руху «За Свабоду» актыўна выступаў за спрашчэнне для беларусаў працэсу атрымання шэнгенскіх віз і іх большую даступнасць. Паводле агучаных у дакладзе Віданавай дадзеных рэспубліканскага апытання сацыялагічнай лабараторыі “Новак (снежань 2008), 67 працэнтаў дарослых беларусаў ніколі не былі ў краінах ЕС — нават у Польшчы ці Літве; 51 працэнт — ніколі не размаўлялі з прадстаўніком Еўразвязу. «Мы мусім зрабіць усё, каб візы былі таннейшымі і з часам бясплатнымі, каб сапраўды адкрыць Еўропу для беларусаў», — адзначыў Мілінкевіч.

Паводле БелаПАН і прэс-службы Руху «За свабоду»

Каментаваць