Дашкевічу прысудзілі 12 сутак арышту

Арыштаваны за нядзельную акцыю ў падтрымку Украіны Сяргей Фінькевіч атрымаў 10 сутак. Суд над Яўгенам Ціханавым працягваецца.



Зміцер і Наста Дашкевічы ля суду. Фота Нашай Нівы


Судовыя працэсы над Змітром Дашкевічам, Сяргеем Фінькевічам ды  Яўгенам Ціханавым адбываюцца сёння ў судзе Цэнтральнага раёна. Затрыманым актывістам прысуджаюць адміністрацыйныя арышты па абвінавачанні ў парушэнні арт. 23.4 (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) Адміністрацыйнага кодэкса. На Яўгена Ціханава быў складзены і другі пратакол - за дробная хуліганства.

Сустаршыня "Маладога Фронту" Зьміцер Дашкевіч у судзе паведаміў, што ў дарозе ад ізалятара часовага ўтрымання да суду яго збілі супрацоўнікі міліцыі. Паводле словаў Дашкевіча, калі ён адмовіўся сядаць на задняе сядзенне міліцэйскай машыны, дзе знаходзіліся аўтамабільныя шыны і месца для людзей не засталося, супрацоўнік міліцыі Чарняўскі кінуў яго на зямлю, пачаў біць нагою, разбіў акуляры. Пасля гэтага Дашкевічу надзелі кайданкі.З гэтай нагоды былы палітвязень падаў тэрміновую скаргу ў Следчы камітэт.

Нагадаем, учора за пікет ля амбасады Расіі ў Мінску былі затрыманя 23 ўдзельнікі акцыі і ля 10 журналістаў. Усіх затрыманых, акрамя Змітра Дашкевіча, Сяргея Фінькевіча і Яўгена Ціханава, вызвалілі. На грамадскую актывістку Ніну Багінскую склалі адміністрацыйны пратакол, але адпусцілі да суду дамоў.

Каментаваць