Датэрміновы парламент?

Парламенцкія выбары ўсё бліжэй і бліжэй. Нават нягледзячы на тое, што да іх застаецца амаль год. Тэму падрыхтоўкі да парламенцкіх выбараў абмеркавалі 28 лістапада Аляксандр Лукашэнка і старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Рубінаў.

 

Парламенцкія выбары ўсё бліжэй і бліжэй. Нават нягледзячы на тое, што да іх застаецца амаль год. Тэму падрыхтоўкі да парламенцкіх выбараў абмеркавалі 28 лістапада Аляксандр Лукашэнка і старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Рубінаў.

“Гаворка ішла пра тое, што кандыдатамі ў дэпутаты павінны стаць найбольш актыўныя грамадзяне, хто добра ведае сітуацыю на месцах, умее смела адстойваць сваю пазіцыю, вылучаць прапановы, ініцыятывы, хто сапраўды клапоціцца пра выгаду народа. Парламенцкія выбары павінны прайсці на высокім узроўні, і павінен быць сфарміраваны дзеяздольны парламент, які будзе працаваць на карысць нашага грамадства і дзяржавы, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта.

Што гэта азначае? Можа, сапраўды тое, што да выбараў застаецца менш года? Не так даўно расійская газета “Коммерсант вылучыла версію, што парламенцкія выбары ў Беларусі будуць перасунутыя з восені на вясну 2012 года. Афіцыйныя структуры гэтую версію абверглі. Але ўся логіка падзеяў кажа пра тое, што да выбараў рыхтавацца трэба ўжо вясной.

Інакш навошта сустракацца з Рубінавым?

Здаецца, гэта асэнсоўваюць і самі прадстаўнікі парламента. “Пройдзены шлях пераканаўча даказвае, што беларускі парламент годна выконвае ўскладзеную на яго місію, — заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, выступаючы 28 лістапада ў парламенце з нагоды 15-годдзя стварэння ніжняй палаты. 

Андрэйчанка асабліва адзначыў, што каля вытокаў сучаснага беларускага парламентарызму стаяў Аляксандр Лукашэнка, які “аб’яднаў і накіраваў намаганні ўсіх галін улады на рэалізацыю волі народа, увасобленай у рашэннях усебеларускіх народных сходаў.

Спікер Палаты прадстаўнікоў сказаў, што на працягу 15-гадовага перыяду “дэпутаты былі ў гушчы падзей, удзельнічалі ў вырашэнні праблем, якія стаяць перад краінай. “Вядома, нашу працу нельга вымераць арыфметычна, але лічбы гавораць самі за сябе. За 15 гадоў прынята больш за паўтары тысячы законаў. Праведзена практычна поўная кадыфікацыя нацыянальнага заканадаўства: прынята 26 кодэксаў. Сфармаваная заканадаўчая база ахоплівае ўсе бакі жыцця беларускага грамадства і дзяржавы, — сказаў ён.

Андрэйчанка таксама заявіў, што, “прасоўваючы інтарэсы Беларусі на міжнароднай арэне, фармуючы пазітыўны імідж краіны ў вачах замежных палітыкаў і міжнароднай грамадскасці, парламентарыі ўносяць сваю лепту ў стварэнне спрыяльных знешніх умоў для стабільнага развіцця беларускай дзяржавы.

Хутчэй за ўсё, гэта своеасаблівая “эпітафія сённяшняму складу парламента. Па ідэі, для парламента засталося яшчэ адно скліканне — увесну 2012 года. Але тое, што спікер парламента ўжо кажа пра вынікі, паказальна. Значыць, новага склікання можа і не быць.

А тым часам Беларусь працягвае падаць у фінансавую дзіру. Не паспелі ўзрадавацца, што нам газ будзе па ніжэйшым кошце, дык Расія ахало­дзіла “гарачыя галовы. Да канца гэтага года Беларусь і Расія не дамовяцца аб прэміі на нафту, заявіў пасол РФ у Мінску Аляксандр Сурыкаў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 30 лістапада.

Паводле яго слоў, у перамовах па гэтым пытанні бакі знаходзяцца кожны на сваёй пазіцыі. Адна з прычын у тым, што выдаткі нафтавых кампаній Расіі ў частцы здабычы нафты надзвычай высокія, адзначыў пасол. “Расійскія кампаніі здабываюць нафту, можа быць, нават у больш складаных умовах, чым у Беларусі, — сказаў Сурыкаў. У сувязі з гэтым, дадаў ён, частку сваіх затрат яны перадаюць беларускаму боку — “каб ураўнаважыць бізнэс.

Зараз беларускія кампаніі за адну тону імпартаванай нафты плацяць расійскім прэмію ў 45 долараў. Беларускі бок настойвае на зніжэнні прэміі прыкладна да 20 долараў.

Сурыкаў, збольшага, як дыпламат, умоўчвае адно. Тое, колькі здабываюць нафты расійскія кампаніі, і колькі здабываецца нафты ў Беларусі.

Сурыкаў нават не выключае ўзнікнення спрэчак паміж краінамі пры фарміраванні Еўразійскага саюза.

“Не выключаю спрэчак, таму што там вельмі далікатныя пытанні будуць закранутыя, бо гэта перадача часткі суверэнітэту кожнай краіны, — сказаў дыпламат. Пры гэтым ён падкрэсліў, што любыя супярэчнасці і рознагалоссі павінны вырашацца “дыпламатычным шляхам, без выхаду ў прамыя эфіры.

Адказваючы на пытанне журналістаў, ці не пагоршацца ў будучыні расійска-беларускія адносіны, якія цяпер перажываюць уздым, ён адказаў: “Не магу сказаць, што ў нас усё закончылася вялікай любоўю (пасля правядзення Вышэйшага дзяржсавета і падпісання шэрагу пагадненняў). Мы проста робім абсалютна прагматычна і спрабуем аднавіць большую частку савецкага рынку, — сказаў Сурыкаў.

А пакуль “абсалютна прагматычна рэагуе Расія на падзеі ў Беларусі, Польшча рэагуе на іх не прагматычна, а згодна з сумленнем. 

“Польшча возьме ўдзел у кампенсацыі арыштаванай маёмасці беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, — заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі 29 лістапада на Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў Познані (Польшча). Так ён пракаментаваў чуткі аб тым, што польскае пасольства ў Мінску нібыта адмовілася браць удзел у выплаце кампенсацыі.

Нагадаем, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра “Вясна Алесь Бяляцкі прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Такое рашэнне абвясціў 24 лістапада суддзя суда Першамайскага раёна Мінска Сяргей Бандарэнка. Праваабаронца прызнаны вінаватым на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). 

На прэс-канферэнцыі ў Познані Сікорскі паведаміў, што нядаўна размаўляў з жонкай Алеся Бяляцкага, і Польшча спрабуе дапамагчы яго сям’і — але так, каб не нашкодзіць праваабаронцы і яго блізкім. Паводле слоў кіраўніка МЗС, Польшча асуджае прысуд, вынесены Бяляцкаму. Еўрасаюз, падкрэсліў ён, можа пашырыць спіс неўязных, уключыўшы ў яго адказных за крымінальны пераслед беларускага праваабаронца.

Каментаваць