Даверлівыя і наіўныя

Чым больш жыву, тым больш здзіўляюся даверлівасці і наіўнасці еўрапейскіх чыноўнікаў. Здаецца мне, яны рэгулярна наступаюць на адны і тыя ж граблі ў адносінах з Беларуссю, і робяць тое, што ніколі б не зрабілі ва ўласным жыцці. Прыкладам, пазычылі вы камусьці грошы, а чалавек вам не толькі іх не аддае, дый не мае намеру аддаваць, але і просіць яшчэ. Пазычыце яму яшчэ раз? Наўрад ці. Але гэта еўрапейцаў не тычыцца.



Чым больш жыву, тым больш здзіўляюся даверлівасці і наіўнасці еўрапейскіх чыноўнікаў. Здаецца мне, яны рэгулярна наступаюць на адны і тыя ж граблі ў адносінах з Беларуссю, і робяць тое, што ніколі б не зрабілі ва ўласным жыцці. Прыкладам, пазычылі вы камусьці грошы, а чалавек вам не толькі іх не аддае, дый не мае намеру аддаваць, але і просіць яшчэ. Пазычыце яму яшчэ раз? Наўрад ці. Але гэта еўрапейцаў не тычыцца.

У Мінску сустрэчу з міністрамі замежных спраў ФРГ і Польшчы Гіда Вестэрвеле і Радаславам Сікорскім правеў Аляксандр Лукашэнка. На ёй ён у чарговы раз заявіў, што цяперашнія выбары пройдуць «яшчэ больш адкрыта і дэмакратычна, чым усе папярэднія».

«Ніколі ў нашай краіне не было, каб парламент і прэзідэнта выбіралі недэмакратычна, — запэўніў ён. — Гэтыя выбары будуць дэмакратычнымі, таму што вы гэтага хочаце. Калі Еўропа паставіла пад сумненне нашы выбары, то я ўжо адкрыта сказаў: заплюшчыце вочы на ўсе парушэнні з боку апазіцыі, а пасля выбараў я вам усё раскажу».

Паводле слоў Лукашэнкі, Германія і Польшча робяць вельмі шмат для таго, каб былі добрыя адносіны як у Беларусі з гэтымі краінамі, так і ў Беларусі з Еўрасаюзам.

«Патэнцыял нашых магчымасцяў велізарны, але нерэалізаваных магчымасцяў у нас значна больш», — перакананы прэзідэнт. «І тыя крокі, якія робяцца Еўрасаюзам, напрыклад санкцыі і іншыя абмежаванні, не спрыяюць паляпшэнню адносін», — дадаў ён.

Лукашэнку таксама турбуе, што ініцыятыва ЕС «Усходняе партнёрства» «топчацца на месцы». «Было шмат надзей, але пакуль яны не рэалізаваныя. У нас ёсць што прапанаваць Еўрасаюзу, і спадзяюся, што сённяшняя сустрэча актывізуе нашы адносіны», — заявіў прэзідэнт.

У сваю чаргу, Сікорскі адзначыў: Польшча, як сусед Беларусі і сябар ЕС, зацікаўлена ў тым, каб Беларусь «прытрымлівалася еўрапейскіх каштоўнасцяў». Паводле яго слоў, Польшча падтрымлівае такія мэты і задачы «Усходняга партнёрства», як эканамічная інтэграцыя і спрашчэнне візавага рэжыму. У якасці прыкладу ён паведаміў, што Малдова неўзабаве атрымае 2 мільярда еўра ў межах «Усходняга партнёрства».

«Прэзідэнт Беларусі нам клятвенна абяцаў, што выбары будуць сумленнымі, а правы нацыянальных меншасцяў у Беларусі будуць захоўвацца. Мы будзем лавіць яго на слове», — дадаў ён.

Ну, злавіў Сікорскі на слове, і што? Пакуль што Лукашэнка сам гаспадар свайго слова: захацеў — даў, захацеў — забраў. Свабодных і дэмакратычных выбараў яшчэ не назіраецца. Праблемы з Саюзам палякаў дагэтуль не вырашаныя. Але аванс Лукашэнку ўжо выдадзены. І які аванс!

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі адклікаў сваё вета на магчымасць удзелу Беларусі ў праграме Еўрасаюза «Паўночнае вымярэнне». Сікорскі падкрэсліў, што гэта палітычнае рашэнне, якое «бу­дзе мець і фінансавыя наступствы». Ён адзначыў, што зараз у Беларусі ёсць «ўнікальны шанец»: у выпадку правядзення справядлівых выбараў краіна зможа «выкарыстаць усе перавагі добрых адносін з Еўрасаюзам». «Падкрэслю, што я кажу пра якасць выбараў, а не пра іх вынік, таму што вынік выбараў — гэта рашэнне беларускага народа», — сказаў кіраўнік польскага МЗС.

Ну, як дзеці… Абяцанка — цацанка, а дурню радасць.

А між тым, апазіцыя ўжо зараз цвердзіць пра непразрыстасць выбарчай кампаніі. Кампанія «За справядлівыя выбары», якую праводзяць больш як дзесяць апазіцыйных палітычных партый і грамадскіх арганізацый, вылучыла ва ўчастковыя камісіі больш як 1100 сваіх прадстаўнікоў. Як заявіў адзін з каардынатараў кампаніі лідэр Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, гаварыць пра вынікі фарміравання камісій пакуль рана. «Паводле папярэдніх звестак, у Мінску ў склад участковых камісій уключана 30–40 нашых прадстаўнікоў, у Магілёве — ні аднаго. Але агульная тэндэнцыя такая, што ва ўчастковыя камісіі наўрад ці трапяць больш як 15% нашых прадстаўнікоў», — сказаў Калякін.

Ён упэўнены, што ўлады не зацікаўлены ў правядзенні празрыстых і свабодных выбараў. «Як правіла, у камісіі ўключаюць апазіцыйных прадстаўнікоў, якія не маюць вялікага вопыту ўдзелу ў выбарчых кампаніях. І, наадварот, людзей з вялікім вопытам, юрыдычнай адукацыяй не ўключаюць», — заўважыў палітык.

Тое ж кажуць і прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». У Мазыры ў камісіі трапілі толькі 4 апазіцыянера. Фармаванне ўчастковых камісій па Гродзенскім раёне (усяго іх 40) на пасяджэнні райвыканкаму заняло толькі 7 хвілін. Па ўжо звыклай завядзёнцы, спісы персанальнага складу не зачытваліся, а прапанаваныя кандыдатуры не абмяркоўваліся. Ва ўсіх 40 участковых камісіях Гродзенскага раёна будуць працаваць толькі «надзейныя кадры». На пасяджэнні выканкама адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля 2 лістапада былі ўтвораны ўчастковыя камісіі. Пасяджэнне доўжылася 14 хвілін, за якія і была сфарміравана 51 участковая камісія. Збольшага, зноў жа — «правераныя кадры».

І ў той жа час у Мінску пачала працу аглядная місія Міжнароднага валютнага фонду (МВФ). Эксперты будуць знаходзіцца ў Беларусі да 16 лістапада.

Як паведамілі ў прадстаўніцтве МВФ у Мінску, гэта штогадовая місія, мэты якой заключаюцца ў аглядзе эканамічнай палітыкі за мінулы год і абмеркаванні з уладамі палітыкі на наступны год і сярэднетэрміновую перспектыву. Бакі абмяркуюць пытанні грашова-крэдытнай, падаткова-бюджэтнай палітыкі і палітыкі валютнага курсу. Апрача таго, будуць разгледжаны пытанні структурных пераўтварэнняў і планы ўлад адносна структурных пераўтварэнняў на найбліжэйшыя тры-пяць гадоў.

Пры гэтым у прадстаўніцтве МВФ зазначаюць, што пытанне наконт новай праграме крэдытавання stand-by падчас працы місіі абмяркоўваць не плануецца.

Нагадаем, у 2009–2010 гадах Беларусь атрымала пяць траншаў крэдыту МВФ па праграме stand-by. Агульная сума сродкаў, выдзеленых фондам у межах стабілізацыйнай праграмы, склала прыкладна 3,46 мільярда долараў.
 

Каментаваць