Давядзецца думаць, перш чым казаць

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей з цяжкасцю прызвычайваецца да сваіх новых абавязкаў. Крыху недакладна выказаўшыся, ён ледзь не стаў прычынай міжнароднага скандалу, а можа нават атрымаў па шапцы ад Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ раз пацвердзілася: тое, што можна сказаць кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта, не дазволена міністру замежных спраў.



На брыфінгу ў Мінску 30 кастрычніка Макей неасцярожна зазначыў, што пазіцыя Беларусі па пытанні прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі «можа змяніцца ў будучыні». СМІ расцанілі гэтыя словы як магчымасць прызнання гэтых дзвюх тэрыторый, якія Грузія лічыць сваімі, але акупаванымі расійскімі войскамі. Расія ж лічыць гэтыя тэрыторыі «незалежнымі дзяржавамі пад сваім пратэктаратам».

Дагэтуль Абхазію і Паўднёвую Асецію прызналі толькі шэсць дзяржаў, што з’яўляюцца сябрамі ААН. Акрамя Расіі, у гэты пералік уваходзяць Венесуэла і Нікарагуа, а таксама карлікавыя дзяржавы ціхаакіянскага басейна Вануату, Науру, Тувалу.

Лукашэнка неаднаразова выказваў падтрымку Расіі ў гэтым пытанні, але свае словы потым забіраў назад. Адразу пасля ўказа Дзмітрыя Мядз­ведзева аб прызнанні незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі ў 2008 годзе Лукашэнка выказаў падтрымку Мядзведзеву і накіраваў яму ліст, у якім адзначыў, што ў дадзенай сітуацыі ў Расіі не было іншага маральнага выбару. Сам Лукашэнка не стаў разглядаць пытанне аб прызнанні рэспублік у 2008 годзе, заявіўшы, што гэтае пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі парламента, які, аднак, і дагэтуль не прыняў рашэння па гэтай праблеме. Пазней Аляксандр Рыгоравіч зазначыў, што ў непрызнанні Беларуссю новых рэспублік вінаватая сама Расія. Паводле слоў беларускага лідара, механізм прызнання ўжо быў даведзены да ведама Еўрасаюза, але пачалася атака на Беларусь у расійскіх СМІ. «У цэнтральных СМІ Расіі нас пачалі проста цкаваць: «Ён не прызнае, таму што яму 500 мільёнаў долараў не далі» (тады якраз ішлі перамовы па чарговым крэдыце з боку Расіі). Як быццам я за грошы павінен прызнаць гэтыя рэспублікі!», — распавёў Лукашэнка.

Пасля выказвання Уладзіміра Макея тэма грошай узнікла зноў. Справа ў тым, што Масква прапанавала Мінску кампенсаваць расійскаму бюджэту страты ад «растваральнага» бізнэсу, якія ацэньваюцца прыкладна ў 1,5 мільярда долараў. І нібыта ў адказ на «спісанне» гэтых грошай Макей і закінуў вуду: вы спісваеце доўг, а мы прызнаём грузінскія землі вашымі.

Гэта версія таксама мае права на існаванне. Напачатку месяца ў інтэрв’ю міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што мае намер ініцыяваць вяртанне Грузіі ў склад краін — удзель­ніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў: «Мне здаецца, што ў наступным годзе саміт СНД, хутчэй за ўсё, збярэцца ў Мінску. Таму я ўсяляк буду ініцыяваць вяртанне Грузіі ў СНД, гэта ўжо мая будзе функцыя (калі Мінск стане месцам правядзення саміта)».

Адначасовае вяртанне Грузіі ў СНД і прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі несумяшчальныя, як несумяшчальныя два більярдныя шары. Бо менавіта з-за анексіі гэтых тэрыторый Грузія выйшла са складу СНД і наўрад ці будзе ўдзельнічаць у аб’яднанні, сябрам якога з’яўляецца Расія. Дарэчы, пакуль што Беларусь мае больш выгодаў ад сяброўства з Грузіяй — адзін толькі бязвізавы рэжым з гэтай краінай шмат чаго варты. Да таго ж, у адрозненне ад Расіі, у нас не забароненыя «Баржомі» і грузінскія віны. Так што тут Макей вельмі паспяшаўся. Магчыма, нават атрымаў па шапцы ад Аляксандра Лукашэнкі. А можа, і не атрымаў, бо на мінулым тыдні Лукашэнка займаўся разглядам спраў у спартовай сферы. Як вядома, самая спартыўная дзяржава атрымала на Алімпійскіх гульнях у Лондане адмоўны вынік. І галоўны спартсмен краіны не мог пакінуць гэта без увагі.

На Алімпійскім сходзе 26 кастрычніка Лукашэнка прааналізаваў становішча ў спорце і паставіў новыя алімпійскія мэты. На нарадзе згадвалася пра «несумленныя паводзіны асобных спартыўных дзеячаў», якія найперш імкнуліся да атрымання ўласнай выгады. Лукашэнка даручыў «дасканала праверыць такія факты і прыняць неабходныя меры». Ён адз­начыў, што, рыхтуючыся да гэтага мерапрыемства, даручыў Камітэту дзяржаўнага кантролю і іншым структурам праверыць, як вялася падрыхтоўка да галоўных стартаў чатырохгоддзя. «Вынікі несуцяшальныя. Аказалася, што з-за бяздзеяння службовых асоб Мінспорту частка востра неабходнага інвентару была закуплена зусім напярэдадні, падчас і нават пасля Алімпіяды», — сказаў ён. Лукашэнка узгадаў і пра ўжыванне допінгу: «Трэба спыніць балбатню аб гэтым допінгу. Галоўнае — гэта праца. Трэба працаваць, вось і ўвесь допінг. Нам трэба вырашыць пытанне так, як у кітайцаў, еўрапейцаў і амерыканцаў. Трэба ўвесці крымінальную адказ­насць за прымяненне допінгу».

Улічваючы, што некаторых за допінг пазбаўляюць узнагарод аж праз восем гадоў пасля перамогі, нашы турмы маюць шанец ператварыцца ў элітныя палацы спорту, дзе будуць рыхтавацца найлепшыя алімпійскія кадры. Для гэтага можна параіць разам са спартсменамі саджаць і іх трэнераў. На думку Лукашэнкі, кожны трэнер павінен падрыхтаваць хаця б аднаго вялікага спартсмена, інакш, можа, і трэнеры не патрэбны.

Сапраўды, калі асобныя спартоўцы апынуцца ў турме, гэта дапаможа не толькі спорту. Які плюс атрымае пенітэнцыярная сістэма! У турмах з’явяцца басейны, лядовыя палацы, тэнісныя корты, футбольныя палі, нарэшце з’явіцца і нармальнае харчаванне (не будзеш жа спартсменаў карміць так, як зараз зэкаў кормяць, — камбікормам). Ды нашы турмы праз пяць гадоў дадуць фору ўсім еўрапейскім! Дэпартаменту пакаранняў МУС я б прапанаваў пачынаць лабіраваць гэту ідэю. Бо інакш, каб зменшыць выдаткі, могуць абнесці лядовыя палацы і стадыёны калючым дротам, і ўсё — да пабачэння, мары пра еўрарамонт «на зоне».

А пакуль што Беларусь развітваецца са сваім мінулым. Уладальнікі старых тэлевізараў, да якіх пультам дыстанцыйнага кіравання служылі пасатыжы і якія (каб лепш працавалі) можна было стукнуць па крышцы, хутка зробяцца мільянерамі, здаўшы іх у антыкварыят. Холдынг «Гарызонт» у кастрычніку гэтага года спыніў вытворчасць аналагавых тэлевізараў. А з сярэдзіны 2015 года ў Беларусі спыніцца і аналагавае тэлевізійнае вяшчанне.

Больш за ўсё шкада кацянят. З пераходам вытворчасці на «плазму» і «лічбу» яны канчаткова страцяць адно цёплае месца ў доме. Шмат каму падабалася назіраць, як коткі грэюцца на тэлевізары, звесіўшы хвост на экран. Плоскія тэлевізары такога не дазваляюць.
 

Каментаваць