Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Давыдзька: “Дзяржаве аб’яўлена інфармацыйная вайна”

Чарговы выпуск “Клуба рэдактараў” на тэлеканале “Беларусь—1” быў у тым ліку прысвечаны матэрыялам на сайце “Нашай Нівы”.



“Нашай дзяржаве канкрэтна аб’яўлена інфармацыйная вайна. Нядаўна ажыццяўлялася атака на міліцыю, пасля на членаў урада, а цяпер на журналістаў, перайшлі на асобы. Гэта не крытыка, а менавіта атака, — пачаў свой маналог старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. — На сайце “Нашай Нівы” апублікаваная нататка, дзе нехта незадаволены нейкім сюжэтам і паносіць вядучых у сацыяльных сетках. Апроч тыповага ў такіх выпадках валу абразаў, мне падалося дзіўным, што імёны “абуранай грамадскасці” былі замазаныя. Сталі глядзець, каму гэта чорна-белая газета — у сэнсе, без паўтонаў, — дае слова на сваім сайце. Вось партфоліа аднаго з абураных — любаванне фашыстамі, эсэсаўская форма, свастыка, нацысцкае вітанне, сэлфі са зброяй, з двайніком Гітлера. Словам, вось хто адлюстроўвае “абураную грамадскасць”. Чаму іх імёны замазалі?”

Рэдактар “Советской Белоруссии” Павел Якубовіч адказаў Давыдзьку, што, на яго думку, у грамадстве павінна быць шмат меркаванняў. Ён супраць таго, каб затыкаць рты і лічыць частку прэсы сумленнай, а частку несумленнай.

Якубовіч нагадаў, што заклікае рэдактараў недзяржаўных СМІ да ўдзелу ў тэлеперадачы. На што Давыдзька заявіў, што “запрашалі, яны адмаўляюцца”. Адзначым, што нікога з рэдакцыі “Нашай Нівы” ў эфір ніколі не запрашалі.

Давыдзька запэўніў, што чакае, пакуль да яго дойдзе ліст, дасланы рэдактарамі недзяржаўных СМІ. “Мы пачнём супрацоўнічаць, толькі не пераходзячы на асобы, — паабяцаў ён і працягнуў. — Інсінуацыі, абразы, завуяліраваныя і яўныя заклікі да пратэстаў, а на форумах нават да пагромаў — гэта практычная сутнасць усіх антыдзяржаўных СМІ. Яны працуюць на развал дзяржавы”, — грымеў Давыдзька.

Паводле: Наша Ніва

Каментаваць