“Дажынкі” ў топе культурніцкіх мерапрыемстваў

За апошні год больш за 50 % насельніцтва Беларусі не наведалі ніводнага культурнага мерапрыемства.



За апошні год больш за 50 % насельніцтва Беларусі не наведалі ніводнага культурнага мерапрыемства.

 
Увесну 2012 года Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі! і лабараторыя “Новак правяла даследаванне, прысвечанае пытанням папулярнасці культурных мерапрыемстваў, вядомасці беларускіх “зорак, 75-працэнтнай квоце на беларускую музыку ў эфіры і так званаму“чорнаму спісу, якога не існуе.
 
За апошні год 62 % беларусаў ніводнага разу не былі нават у кінатэатры, 74 % не наведалі ніводнай выставы, 69 % не схадзілі ў тэатр і 59 % не былі на канцэрце. Больш за 50 % насельніцтва нашай краіны за год не наведалі наогул ніводнага культурнага мерапрыемства.
 
Пры гэтым на просьбу назваць самае яркае культурнае мерапрыемства, якое яны наведалі, 64 % дарослых беларусаў не знайшлі што адказаць. Другім па папулярнасці стаў адказ “канцэрты (9 %), далей ідуць “Дажынкі (3,8 %), замыкае гэтую тройку адказ “тэатр (3,3 %).
 
Чым выкліканае такое бязрадаснае становішча з наведваннем культурных мерапрыемстваў і іх ацэнкай? На просьбу назваць прычыны, з якіх яны не наведваюць тэатраў, галерэяў, выставаў і г.д., 30 % апытаных спаслаліся на тое, што ў іх не хапае грошай, 36 % сказалі, што не маюць дастаткова часу, а 9 % паведамілі, што культурныя мерапрыемствы не выклікаюць ніякай цікавасці.
 
Аднак пры ўсім гэтым, калі рэспандэнтам задалі пытанне “У якіх грамадскіх акцыях вы б хацелі ўзяць удзел? большасць рэспандэнтаў (43 %) адказалі “культурных. За гэтым адказам з вялікім адрывам ідуць мерапрыемствы “па абароне правоў спажыўцоў (21 %) і “сацыяльныя (19,5 %).
 
На пытанне “У якіх мерапрыемствах вы хацелі б браць удзел і ці хацелі б, каб іх было больш? 54 % назвалі канцэрты, 35 % — фестывалі, а 27,5 % —фільмы пра гісторыю краіны.
 
З уведзенай квотай у 75 % беларускай музыкі 22 % рэспандэнтаў пагадзіліся, а 54 % сказалі, што мяркуюць іначай.
 
Што да іншых “дзяржаўных захадаў, дык пра знакамітыя “чорныя спісы выступоўцаў, якіх афіцыйна не існуе, чуў толькі 21% беларусаў, астатнія знаходзяцца ў няведанні.
 
Адносна папулярызацыі беларускай культуры толькі 17,6 % беларусаў лічаць, што дзяржава робіць дастаткова ў гэтай галіне, 39,2 % лічаць, што хутчэй дастаткова, 26,4 % — хутчэй недастаткова і 7,4 % — зусім недастаткова.
 
Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі! праводзіць шмат мерапрыемстваў па ўсёй краіне з удзелам музычных гуртоў, бардаў, пісьменнікаў. Таму ў даследаванні апыталі беларусаў на веданне людзей, што сёння ствараюць незалежную беларускую культуру. Выявілася, што вядомасць гэтых людзей не такая малая, нягледзячы на тое, што пра іх не пішуць дзяржаўныя СМІ. Так, Лявона Вольскага ведае амаль 23 % беларусаў, Уладзіміра Пугача — 15 %, Змітра Вайцюшкевіча — 10,4 %. Сярод гуртоў найбольш вядомыя “Ляпіс Трубяцкой — 68 %, J:Морс — 45 % і “Крамбамбуля — 37 %, “Без білета — 31,5 %. Адносна пісьменнікаў: Рыгора Барадуліна ведае 63 % беларусаў, Ніла Гілевіча — 60 %, а Уладзіміра Някляева — 45,5 %.
 
За дваццаць гадоў існавання незалежнай беларускай дзяржавы нашыя культурныя дзеячы стварылі цікавыя і адметныя культурныя прадукты, сучасныя і разнапланавыя. Аднак доступ да гэтай культуры мае толькі невялікі адсотак нашых суграмадзянаў, якім даводзіцца прыкладаць намаганні, каб пазнаёміцца з ёй: вышукваць у афішах рэдкія канцэрты ў асноўным на прыватных пляцоўках, шукаць у інтэрнэце кнігі. На думку кампаніі “Будзьма беларусамі! гэта звязана перш-наперш з дзяржаўнай палітыкай па папулярызацыі сучаснага нацыянальнага культурнага прадукту. Большасць творчых здабыткаў музыкаў, пісьменнікаў, мастакоў папросту ігнаруюцца тымі, хто мусіў бы рупіцца пра іх папулярызацыю, перавага ж аддаецца калектывам і творцам, чыя эстэтыка засталася ў васьмідзясятых гадах мінулага стагоддзя, — адзначаюць арганізатары “Будзьма беларусамі!.

Каментаваць