«Дажынкі» прыносяць цывілізацыю?

Напярэдадні «Дажынак–2012» група энтузіястаў пры «Лятучым універсітэце» прэзентавала вынікі свайго незвычайнага даследавання — паўгода эксперыментатары аналізавалі, як фестываль «Дажынкі» ўплывае на ідэнтычнасць гарадоў.
 

Пачынаючы з 1996 года «свята ўраджаю» праводзілася ў 15-ці беларускіх гарадах. Праўда, праз абмежаваную колькасць удзельнікаў, даследчыкі асабіста наведалі толькі 6 гарадоў (па адным з вобласці) — гэта Кобрын, Бабруйск, Ворша, Ваўкавыск, Маладзечна ды Мазыр. Інфармацыю пра іншыя «дажынкавыя» гарады энтузіясты атрымалі з мясцовай прэсы — аналізавалі ўсе публікацыі, прысвечаныя фестывалю і надрукаваныя ў год «Дажынак».

Вынікамі сваіх назіранняў даследчыкі падзяліліся падчас адмысловага круглага стала, які прайшоў у адной са сталічных кавярняў. Цікавай заўвагай стала тое, што насуперак распаўсюджанаму меркаванню — маўляў, «Дажынкі» былі задуманыя для аднаўлення ўсходняй Беларусі, — фестываль распачаўся на захадзе краіны. Даследчыкі выдзелілі «дажынкавыя колы», якіх ужо прайшло два, і цяпер адбываецца трэцяе: Брэсцкая вобласць — Гродзенская — Мінская — Магілёўская — Гомельская — Віцебская. Гэтым годам «Дажынкі» пройдуць у Горках (Магілёўская вобласць), а ў 2013 годзе камбайнераў, чакаецца, прыме Гомель.

Эксперыментатары вызначылі «дажынкавы» набор шчасця — тыя аб’екты, якія былі ці збудаваныя, ці адноўленыя падчас «Дажынак» ва ўсіх гарадах. Гэты набор ахоплівае амфітэатр, пешую зону (вуліцы), спартовы палац, набярэжную ды фантан. Найвялікшым шчасцем апытаныя людзі назвалі, на дзіва, не шырока рэкламаваныя спартовыя комплексы, а новую вулічную плітку. Гістарычныя пабудовы не ўвайшлі ў пералік найбольш каштоўнага для грамадзян. Мажліва, гэта і сталася прычынай слабага пратэсту людзей супраць разбурэння гістарычнай забудовы — адвечнай праблемы «Дажынак». Удзельнік экспедыцыі Андрэй Ралёнак распавёў цікавостку — многія жыхары старых дамоў у цэнтры гораду, што быццам бы заміналі падрыхтоўцы да «Дажынак», выступалі супраць іх зносу. Аднак зусім не з матываў патрыятызму — камусьці не хацелася пераязджаць у спальныя раёны, кагосьці не задавальняў метраж новых прапанаваных кватэр.

Госць круглага стала мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі прапанаваў некалькі варыянтаў змяншэння шкоды, што наносяць гістарычнай спадчыне «Дажынкі»: «Па-першае, трэба за некалькі год папярэджваць, у якіх гарадах адбудзецца гэты фестываль. Каб людзі не былі вымушаныя за пару месяцаў на гарачую руку нешта ўтварыць у сваім гарадку, а маглі загадзя распрацаваць план, размеркаваць бюджэт, у тым ліку і на аднаўленне гістарычных пабудоваў. Па-другое, шмат вызначаюць мясцовыя кіраўнікі. Калі начальства паходзіць з гэтай мясціны, мае карані адсюль, наўрад ці яно будзе знішчаць гісторыю свайго мястэчка. Ну і, па-трэцяе, часам гарады папросту не здольны асвойваць усе тыя грошы, якія ім паступаюць. Меншы бюджэт — меншы негатыў. Калі рашэнні прадуманыя, то ад іх ёсць карысць — як мы бачым, напрыклад, у Воршы менавіта дзякуючы «Дажынкам» адбудавалі цудоўны кляштар у цэнтры гораду, які раней выступаў у якасці прытона для п’янтосаў і наркаманаў».

У адказ на іранічнае пытанне «Новага Часу» пра мэтазгоднасць падобнага аналізу — маўляў, «Дажынкі» ўспрымаюцца грамадствам несур’ёзна, выключна як аб’ект для анекдотаў — кіраўнік даследчай групы, гісторык Сцяпан Стурэйка назваў такое меркаванне стэрэатыпам: «Так лічаць толькі ў Мінску. У невялікіх гарадках людзі нават адказваць на нашыя пытанні не вельмі хацелі — у іх складалася адчуванне, што мы сваімі роспытамі можам неяк нашкодзіць, азмрочыць іх светлыя ўражанні ад «Дажынак».

Паводле спадара Стурэйкі, гэты фестываль нельга ацэньваць адназначна: «Дажынкі» прыводзяць хоць да якой-ніякой цывілізацыі. Ці ж гэта кепска, што гатэль, дзе была адна прыбіральня на паверх, наблізіўся да еўрапейскага ўзроўню? Ці кепска, калі паклалі плітку там, дзе раней не тое, што пліткі, нават асфальту ніколі не было? Бясплатна паставілі шклопакеты ў панельных дамах — для людзей гэта шчасце! Канешне, азмрочвае гэтыя пазітыўныя моманты стаўленне да спадчыны. Дакладней, гэтага стаўлення зусім няма. Гістарычныя будынкі не ўспрымаюцца мясцовымі ўладамі як спадчына, але як звычайная нерухомасць. І калі, на думку чыноўнікаў, гэтую нерухомасць трэба пафарбаваць ці патынкаваць — яе фарбуюць ды тынкуюць, калі яна замінае будаўніцтву новай дарогі — яе руйнуюць…»

Здолеў знайсці пазітыўны складнік у «Дажынках» і Сяргей Харэўскі: «Цьмяныя траты дзяржаўных грошаў, разбурэнне гістарычных пабудоваў, ідэалагізаванасць — так, гэта ўсё прысутнічае. Але ж беларусы ўзгадалі сваё старадаўняе свята, якое было забыта ў часіны камуністаў. Спадзяюся, з часам з ідэалагічнага дзяржаўнага мерапрыемства «Дажынкі» пераўтворацца ў сапраўднае сялянскае свята ўраджаю».
 

Каментаваць