Ідэалогіі не патрэбны прыватныя ініцыятывы?

Мінгарвыканкам вырашыў спыніць правядзенне культурных мерапрыемстваў дзяржустановамі ў супрацы з прыватнымі ініцыятывамі.

(На здымку: Сяргей Міхаленка)



Мінгарвыканкам вырашыў спыніць правядзенне культурных мерапрыемстваў дзяржустановамі ў супрацы з прыватнымі ініцыятывамі.

(На здымку: Сяргей Міхаленка)


Прынамсі такія высновы напрошваюцца пасля таго, як сталічны кінатэатр «Цэнтральны» спыніў супрацоўніцтва з прыватнай фотагалерэяй «ZНЯТА». Падстава — рэкамендацыя УП «Кінавідэапракат» ад Мінгарвыканкама, паводле якой практыка правядзення культурных мерапрыемстваў з прыватнай ініцыятывай мусіць быць спыненая. Цяпер прыватная ініцыятыва да лепшых часоў пазбаўленая пляцоўкі для экспазіцый, а жыхары сталіцы могуць паглядзець працы маладых фатографаў хіба што ў віртуальнай прасторы.

Камусьці не спадабалася

Кіраўнік фотагалерэі «ZНЯТА» Сяргей Міхаленка сказаў, што не ўяўляе, якая канкрэтна экспазіцыя магла паўплываць на такое рашэнне. «Хутчэй за ўсё, камусьці не спадабалася наша агульная дзейнасць. Чыноўнікі папросту не разумеюць, як можна праводзіць нешта на прыватнай аснове. Усе нашы выставы былі творчыя, мы нічога не прапагандавалі, не займаліся дэманстрацыяй нейкіх палітычных ці ідэйных поглядаў, — падкрэслівае Міхаленка. — Нашай мэтай было даць мажлівасць маладым аўтарам выставіцца, бо ўсе вялікія пляцоўкі занятыя, там вялікія чэргі і збольшага выстаўляюцца мастакі».

Першую выставу ў кінатэатры «Цэнтральны» фотагалерэя зладзіла ў чэрвені 2007 года. За гэты час было прадстаўлена больш за 40 праектаў рознага фармату. У іх ліку персанальныя і калектыўныя выставы, тэматычныя і эксперыментальныя. Апроч кінатэатра «Цэнтральны» ў праектах удзельнічаў і «Цэнтр Відэа» ў гандлёвым цэнтры «Сталіца». Стваральнік ініцыятывы «ZНЯТА» гаворыць, што выставачныя праекты неаднаразова хвалілі і творчыя аб’яднанні краіны, і прадстаўнікі дыпламатычных місій, розных міністэрстваў рэспублікі, а дзяржаўныя тэлеканалы запрашалі аўтараў у студыі навін і на тэматычныя перадачы.

«ZНЯТА» не з’яўляецца камерцыйнай ініцыятывай. То бок за арэнду памяшкання кінатэатрам грошы не плаціліся. Зрэшты, і фатографы выдаткоўвалі свае сродкі толькі на друк фотаздымкаў. «ZНЯТА», калі можна так сказаць, праект стратны, усё рабілася за наш кошт і кошт аўтараў, — зазначае Міхаленка. — Некалькі разоў мы выстаўляліся ў аўтацэнтры КІА. Магчыма, працягнем з ім супрацоўніцтва, але, зразумела, што наведвальнасць экспазіцый будзе меншая, бо ён знаходзіцца не ў цэнтры горада. У кінатэатры дарога нам цяпер закрытая. Будзем шукаць новую пляцоўку, але калі гэта адбудзецца — невядома».

Восенню галерэя планавала рэалізаваць некалькі міжнародных праектаў, правесці шэраг творчых сустрэч з беларускімі і замежнымі аўтарамі, абнавіць выставачнае абсталяванне. Да слова, за апошні год таксама спынілі выставачную дзейнасць фотагалерэя «NOVA» і «Свет фота».

Калі няма канкурэнцыі

У Мінску, які насяляе каля двух мільёнаў жыхароў, колькасць прыватных галерэй можна палічыць на пальцах адной рукі. Іх збольшага можна ахарактарызаваць як салоны па продажу твораў мастацтва. Напрыканцы мінулага года з’явілася галерэя «Ў», якая аб’яднала ў сабе выставачную залю, кнігарню і кавярню — спроба стварыць не проста пляцоўку, дзе можна выстаўляць творы мастацтва, але і прастору для камунікацый. Арт-дырэктар галерэі «Ў» Ганна Чыстасердава гаворыць, што іх дзейнасць пакуль не цікавіла чыноўнікаў з нейкай забараняльнай мэтай. «Для мяне прыватныя ініцыятывы мусяць быць, тым больш у сферы культуры. На жаль, у нашым горадзе бракуе добрых пляцовак, куды можна было б пайсці маладым людзям, зацікаўленым сучасным мастацтвам, і мы імкнемся запоўніць гэтую прастору, — разважае арт-дырэктар прыватнай галерэі. — З боку дзяржавы да нас як да галерэі негатыўных пытанняў ніколі не было, бо ёсць разуменне, што наша справа ўплывае на імідж горада. Мы намагаемся развіваць беларускую мову, культуру, на мерапрыемствы, якія мы праводзім, вольны ўваход для наведвальнікаў. Спадзяюся, што да нашай працы папросту не мусіць быць прэтэнзій. Больш таго, магу сказаць што сёлета як прыватная пляцоўка будзем удзельнічаць у фестывалі Беларускіх мастацтваў, арганізаваным Міністэрствам культуры. Восенню ў нас плануецца выстава добрага беларускага мастака, які жыве па-за межамі краіны. Я спадзяюся, што ў Мінску будзе развівацца прыватная справа ў культурным асяродку, будзе больш галерэй, кнігарняў, пляцовак для творчасці. Бо ўсё ж непрыемна чуць, калі гавораць, што ў нас няма канкурэнцыі. Для мяне гэта мінус, бо канкурэнцыя спараджае рух наперад, прымушае развівацца».

Ганна Чыстасердава


«Я ні ў якім разе не бачу ў мерапрыемствах, якія праводзяцца на нашай пляцоўцы, таго, што магло б зацікавіць гарвыканкам ці іншыя дзяржструктуры так, каб мець да нас прэтэнзіі. Хаця мы і разумеем, што так ці інакш залежым ад рашэнняў зверху», — рэзюмуе Ганна Чыстасердава.

Клубная цэнзура

Не так даўно пра прыпыненне канцэртнай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі паведаміў кіраўнік прыватнага агенцтва «Bo Promo», якое курыруе вядомыя беларускія альтэрнатыўныя праекты, Аляксандр Багданаў. Падставы — камерцыйная стратнасць. Аляксандр, разважаючы пра асаблівасці ўспрыняцця ў Беларусі прыватных культурных ініцыятыў, зазначае, што з боку дзяржавы яны не падтрымліваюцца, але і не спыняюцца. «Калі ініцыятыва не звязаная з палітычнымі ідэямі, то дзяржава не перашкаджае, але альтэрнатыўныя накірункі, не поп-культура, не падтрымліваюцца, — тлумачыць кіраўнік «Bo Promo». — Да таго ж існуе некалькі пунктаў у заканадаўстве, якія абмяжоўваюць дзейнасць. Напрыклад, ні ў Еўропе, ні ў Расіі я не сустракаў такога моманту, як рэгістрацыя канцэрта ў выканкаме. У нас мусіць быць узгодненая афіша, праграма. То бок існуе момант цэнзуры. Да таго ж арганізатары канцэртаў сутыкаюцца з валакітай з афармленнем дакументаў, продажам білетаў. Гэта тармозіць і правядзенне мерапрыемстваў, і развіццё клубнай культуры».

Аляксандр Багданаў


Аднак жа ў арганізацыі музычных імпрэзаў часта ўдзельнічаюць і прыватныя пляцоўкі, начныя клубы. Праўда, Аляксандр Багданаў адносна статусу апошні хнастроены скептычна. «У Мінску няма панятку «клуб». Ёсць канцэртныя пляцоўкі, яны здаюць у арэнду плошчы, а не вядуць сваю культурную палітыку. У суседніх краінах клубная палітыка цалкам адладжаная. Клуб працуе з бара, а музыканты атрымліваюць ганарар цалкам. Бо ўладальнік клуба разумее, што калі ў яго выступае калектыў, то прыйдуць 200 чалавек і замовяць 200 куфляў піва. Калі не будзе напаўнення, то прыйдзе дзесяць чалавек. Існуе арт-дырэктар, які будуе палітыку клуба, запаўняе канцэртны час, кожны клуб мае сваё абсталяванне. Нам да гэтага яшчэ далёка», — зазначае Багданаў.

Агенцтва «Bo Promo», па словах Аляксандра Багданава, не сутыкалася з фактамі, калі ў правядзенні канцэртаў адмаўлялі з-за ідэйных прычын, але таму, што арганізатары вельмі асцярожна падыходзяць да сваёй працы. «Я першапачаткова падтрымліваю меркаванне, што культура і палітыка не мусяць быць звязаныя. Таму ўсе гурты, з якімі мы працуем, усе мерапрыемствы, якія праводзім, ніяк не завязаныя на тыя ці іншыя палітычныя ідэі. Мы займаемся музыкай, а не прапагандай», — удакладняе Аляксандр Багданаў.
 

Каментаваць