Дэлегацыя ПАСЕ заклікае ўлады Беларусі працягнуць удасканаленне сітуацыі з правамі чалавека

У заяве па выніках свайго візіту ў Беларусь дэлегацыя Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) заклікала ўлады працягнуць удасканаленне сітуацыі з правамі чалавека. Візіт дэлегацыі ПАСЕ завяршаецца 10 верасня. Ён быў арганізаваны з мэтай ацэнкі перадвыбарчай кампаніі і палітычнага клімату перад прэзідэнцкімі выбарамі.

 



На працягу трох дзён прадстаўнікі ПАСЕ сустрэліся са спікерамі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі, міністрам замежных спраў, старшынёй ЦВК, кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі, прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта Беларусі і іх прадстаўнікамі, а таксама з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і СМІ, міжнароднай супольнасці і кіраўніком назіральнай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ.

У выніковай заявы дэлегацыя вітае адкрытасць беларускіх уладаў, якія запрасілі прадстаўнікоў ПАСЕ ў краіну ўпершыню за апошнія 14 гадоў.

Члены дэлегацыі таксама вітаюць запрашэнне беларускім бокам пашыранай групы міжнародных арганізацый для назірання за прэзідэнцкімі выбарамі, уключаючы доўгатэрміновых назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ, без якіх-небудзь абмежаванняў іх працы. Гэта, як падкрэсліваецца ў заяве, адпавядае міжнародным абавязкам Беларусі.

Акрамя таго, ПАСЕ вітае вызваленне шасцярых палітвязняў, у тым ліку былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча.

"Дэлегацыя ПАСЕ вітае гэта пазітыўнае паляпшэнне і заклікае ўлады працягнуць ўдасканаленне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, што з'яўляецца асноўнай умовай доўгатэрміновай дэмакратычнай стабільнасці ў краіне", — гаворыцца ў заяве.

Прадстаўнікі ПАСЕ паведамляюць, што ЦВК праінфармаваў іх аб розных этапах падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў, у тым ліку аб працэдуры збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, у камісію не паступіла ніводнай скаргі.

Прадстаўнікі беларускіх уладаў запэўнілі дэлегацыю ПАСЕ ў тым, што ў Беларусі будуць прыняты ўсе неабходныя меры для арганізацыі празрыстага выбарчага працэсу, уключаючы працэдуру галасавання і падліку галасоў, гаворыцца ў заяве.

Члены дэлегацыі адзначаюць, што вялікая колькасць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і апазіцыі ў гутарцы з імі падкрэслівалі важнасць роўных магчымасцяў для кандыдатаў у прэзідэнты ў працэсе збору подпісаў, а таксама прадухілення выкарыстання адміністрацыйных рэсурсаў на карысць дзеючага прэзідэнта.

Прадстаўнікі апазіцыі праінфармавалі дэлегацыю аб незбалансаваным складзе тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій, гаворыцца ў заяве. Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі могуць вылучаць мінімум трэць членаў гэтых камісій, адзначае дэлегацыя ПАСЕ, але, па інфармацыі апазіцыі, сярод 69 тысяч членаў выбарчых камісій ўсяго 40 іх прадстаўнікоў.

У заяве таксама падкрэсліваецца, што публічнае тэле- і радыёвяшчанне абавязана забяспечыць роўны доступ да эфіру ўсім кандыдатам ў прэзідэнты, не аддаючы перавагі дзеючаму прэзідэнту.

Прадстаўнікі ПАСЕ заклікалі ўсіх кандыдатаў прыняць удзел у запланаваных на 3 кастрычніка тэледэбатах, якія, на думку дэлегацыі, дапамогуць развіваць культуру палітычных дэбатаў у Беларусі і дадуць электарату магчымасць зрабіць усвядомлены выбар.

Парламенцкая асамблея Савета Еўропы адправіць у Беларусь дэлегацыю з 11 чалавек для назірання за прэзідэнцкімі выбарамі, якія пройдуць 11 кастрычніка, гаворыцца ў заяве.

Паводле: БалаПАН

Каментаваць