Дэльфіны, якія не дачакаюцца шоў

23 ліпеня — Сусветны дзень кітоў і дэльфінаў. Чаму дасюль гэтых цудоўных жывёлін знішчаюць? Для каго кіты — ежа? Ці варта трымаць дэльфінарыі? На гэтыя патанні спрабуе даць адказ "Беларускі Зялёны партал".



Мараторый і квоты

Міжнародная кітабойная камісія (International Whaling Commission — IWC) 23 ліпеня 1982 года прагаласавала за поўную забарону камерцыйнай здабычы кітоў (мараторый) пачынаючы з сезону 1985/1986. 23 ліпеня лічыцца днём абароны марскіх млекакормячых.

Але тым не менш кітабойны промысел працягваецца сёння: Японія карыстаецца квотамі для навуковых мэтаў. Паводле японскіх рыбалоўных арганізацый, у іх краіне вылаўліваецца штогод каля 900 кітоў, і часам яны трапляюць на стол.

Гэта ж тычыцца і дэльфінаў: ёсць квота на адлоў дэльфінаў-бутэльканосаў з асяродку пражывання, нават у запаведніках (напрыклад, так адбываецца ў нацпарку Тайдзі). Іх бяруць для пастаўкі ў дэльфінарыі і эксперыментаў, нават калі тыя будуць з лятальным сыходам.

Закон не забараняе ў выпадку лятальнага сыходу камерцыйнае выкарыстанне парэшткаў, калі яны адпавядаюць саннормам. Таму з вылаўленых дэльфінаў у дэльфінарыі адсартоўваюцца лепшыя і прадаюцца коштам да 150 000 даляраў, а астатнія выкідваюцца назад і часам гінуць, альбо ідуць на ежу.

З 2006 году камерцыйны кітабойны промысел вядзе Ісландыя, якая да 1992 году, як і Японія, вяла навуковы. Адзіная краіна, якая зарэгістравала пратэст супраць мараторыя — Нарвегія. З 1993 году яна мае квоту на прамысловы лоў. У Бергене на рыбным кірмашы гандляры-паліглоты ледзь не на вашай роднай мове прапануюць пакаштаваць мірыяды відаў рыбы, і цёмнае мяса кіта сярод іх. Таксама адловам кітоў займаюцца на Фарэрскіх выспах, на Ісландыі.

Берагоў няма, а дэльфіны ёсць

Нягледзячы на ўкраіна-расійскі перападзел тэрыторый, Беларусь так і не здабыла берагоў. Кітоў у нашых рэках таксама няма. А вось дэльфіны ёсць у сталіцы, і, напэўна, мала мінчукоў не бачылі рэкламу дэльфінарыя “NEMO”. Ён адчыніўся 10 снежня 2011 году на тэрыторыі заапарку ў Чыжоўцы. Дэльфінарый належыць да аднайменнай сеткі, дэльфінаў для якой набываюць у Японіі.

У дэльфінарыі жывуць 4 ціхаакіянскія дэльфіны, 1 марскі патагонскі леў і 2 марскія коцікі, якія выступаюць 18 разоў на тыдзень, па тры выступы на дзень. Звычайна ў прыродзе дэльфіны жывуць да 70 год, у няволі — 3-5. У прыродзе дэльфіны праплываюць на дзень каля 100 кіламетраў так жа, як людзі проста ходзяць па горадзе. У дэльфінарыі яны маюць толькі прастору басейна, і вымушаныя актыўна перасоўвацца па ёй, а іх сківіцы не дазваляюць не “усміхацца”.

Летам нам пашчасціла наведаць …скі дэльфінарый, — піша наведніца аднаго з форумаў. - Гэта такія эмоцыі! Але ўсе дэльфіны выглядалі больш чым добра: плавалі, забаўляліся. Не маглі дачакацца пачатку прадстаўлення, усё забаўлялі гледачоў”.

Такая рэакцыя тыповая ў людзей, што бачаць гэтых рухавых жывёл, якія па ўзроўню інтэлекта прызнаныя аднолькавымі з чалавекам, маюць сваю сацыяльную сістэму і розныя мовы.

Дэльфінарыі ў некаторых краінах па-за законам (напрыклад, у Індыі і Коста-Рыке). А ў Фінляндыі дэпутаты горада Тамперэ прагаласавалі за закрыццё дэльфінарыя пасля смерці апошняга дэльфіна.

Ганна Валынец

Крыніца фота ru.wikipedia.org, www.holiday.by.

Каментаваць