Дэмакратычная грамадскасць апелюе да Канстытуцыйнага суда

У Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь 24 кастрычніка перададзены зварот дваццаці грамадскіх арганізацый і рухаў, якія падпісаліся пад дакументам, звязаным з прынятымі абедзвюма палатамі Нацыянальнага сходу папраўкамі ў шэраг законаў, а таксама Крымінальны кодэкс і  Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях.

У Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь 24 кастрычніка перададзены зварот дваццаці грамадскіх арганізацый і рухаў, якія падпісаліся пад дакументам, звязаным з прынятымі абедзвюма палатамі Нацыянальнага сходу папраўкамі ў шэраг законаў, а таксама Крымінальны кодэкс і  Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях.

Папраўкі ў законы аб масавых мерапрыемствах, аб палітычных партыях, аб грамадскіх аб’яднаннях, а таксама аб органах дзяржаўнай бяспекі былі ўхвалены верхняй палатай парламента пры канцы мінулага тыдня. Падпісанты звароту спадзяюцца, што Канстытуцыйны суд не прызнае прынятыя папраўкі адпаведнымі Асноўнаму закону краіны.

Па словах старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК) Алега Гулака, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам рашэнне Канстытуцыйнага суда мусіць быць такім, як просяць аўтары звароту. “Наколькі Канстытуцыйны суд у стане прыняць такое рашэнне, паглядзім. Але тыя спасылкі службовых асоб, што гэтыя законы з’яўляюцца яшчэ больш дэмакратычнымі, чым у Еўропе, мякка кажучы, не вытрымліваюць ніякай крытыкі, — адзначае праваабаронца. — Гэтыя папраўкі нават выходзяць за рамкі тых абмежаванняў, якія дапушчальна ўстанаўліваць адпаведна Канстытуцыі і паводле міжнародных стандартаў, што вельмі важна, бо і міжнародныя стандарты з’яўляюцца нормамі прамога дзеяння. Абмежаванні на свабоду сходаў, на свабоду выказванняў і іншыя правы грамадзян выходзяць далёка за межы тых абмежаванняў, якія магчыма ўводзіць адпаведна Канстытуцыі. Пры гэтым ніхто не тлумачыць неабходнасць прыняцця менавіта такіх паправак, то бок, мы нават не бачым аналізу таго, наколькі такіх паправак вымагае сённяшні час. Таму мне як юрысту падаецца, што такія змяненні не ўкладваюцца ні ў якія канстытуцыйныя межы і рамкі.

Як паведаміў Алег Гулак, Канстытуцыйны суд у пяцідзённы тэрмін пасля прыняцця законаў Саветам Рэспублікі ў парадку папярэдняга канстытуцыйнага кантролю павінен разгледзець прыняты парламентам закон перад тым, як яго будзе падпісваць прэзідэнт.

Сярод арганізацый, якія падпісаліся пад зваротам, — БХК, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, Рух “За свабоду, Праваабарончы цэнтр “Вясна, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Праваабарончы альянс, Цэнтр прававой трансфармацыі, Рада беларускай інтэлігенцыі ды іншыя структуры дэмакратычнага накірунку.
 

Каментаваць