Дэмарш на роўным месцы

Гэтага не маглі дамагчыся ані беларуская апазіцыя, ані розныя лабісты ў Еўропе, ані ўся беларуская эміграцыя. Дамагчыся буйнога дыпламатычнага скандалу на практычна роўным месцы — для гэтага трэба мець вялікі талент, вялікі энтузіязм і поўную адсутнасць вытрымкі…



Гэтага не маглі дамагчыся ані беларуская апазіцыя, ані розныя лабісты ў Еўропе, ані ўся беларуская эміграцыя. Дамагчыся буйнога дыпламатычнага скандалу на практычна роўным месцы — для гэтага трэба мець вялікі талент, вялікі энтузіязм і поўную адсутнасць вытрымкі…

27 лютага на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін ЕС у Брусэлі ў так званы чорны спіс быў уключаны яшчэ 21 беларускі чыноўнік — прадстаўнікі судовай сістэмы і праваахоўных органаў. Трэба заўважыць, што гэта рашэнне не тычылася санкцый супраць беларускіх бізнэсмэнаў, прадпрыемстваў і хоць колькі значных беларускіх чыноўнікаў.

Тым не менш, афіцыйны Мінск узарваўся. Кіраўніку прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майры Моры і паслу Польшчы Лешаку Шарэпку было прапанавана “выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці націску і санкцый. Такую пазіцыю агучыў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных. У Мінск для кансультацый адкліканы пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Еўрасаюзе Андрэй Еўдачэнка і пасол Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак. Афіцыйны Мінск таксама закрые ўезд тым асобам з краін Еўрасаюза, якія садзейнічалі ўвядзенню абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі.

Адказ не прымусіў сабе чакаць. Сваіх паслоў для кансультацый адклікалі ўсе краіны Еўрасаюза. Такога дыпламатычнага дэмаршу не было з 1998 года, калі здарыўся знакаміты “канфлікт у Драздах. Тады Лукашэнка для абсталявання сваёй рэзідэнцыі вытурыў паслоў Еўропы і ЗША з іх рэзідэнцый, а яны пакінулі краіну.

Ну і каму ад гэтага дэмаршу стала лепш? Савет міністраў замежных спраў Еўрасаюза першапачаткова планаваў увесці санкцыі супраць 135 службовых асобаў. Абмежаваліся 21, і тое не канчаткова — поўны спіс беларускіх прадпрыемстваў і бізнэсмэнаў, да якіх могуць быць прымененыя санкцыі ЕС, будзе разгледжаны ў сакавіку. У сувязі з дыпламатычным скандалам можа быць усё па максімуму.

Не відаць нам, як сваіх вушэй без люстэрка, еўрапейскіх крэдытаў, “Усходняга партнёрства. Пад вялікі сумнеў падпадае галоўная “фішка Лукашэнкі — Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай у 2014 годзе.

Моцны ўдар пад дых атрымала і Славенія, якая фактычна заблакавала “беларускае пытанне на пасяджэнні міністраў замежных спраў ЕС 27 лютага. Калі не будзе ЧС па хакеі ў Мінску — любімая цацка Славеніі і Чыжа, гатэль “Кемпінскі, застанецца без пастаяльцаў.

І самы адэкватны адказ на свае ініцыятывы атрымалі тыя, хто не так даўно, напачатку лютага, уздымаў галасы за тое, каб скасаваць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. Усе іхныя ініцыятывы і дыскусіі скасавалі адным рашэннем беларускія ўлады.

А беларускаму МЗС усё няймецца. Паездка паслоў ЕС у вызначаным кантэксце можа спрыяць вяртанню сітуацыі ў рэчышча канструктыўнага дыялогу — заявіў Савіных, каментуючы рашэнне аб адклiканнi амбасадараў краін Еўрасаюза ў сталіцы іх краін для кансультацый.

“Калі паслы ў ходзе кансультацый здолеюць растлумачыць у сваіх сталіцах бесперспектыўнасць палітыкі санкцый і ціску, то гэта будзе насіць пазітыўны характар. У гэтым кантэксце іх паездка можа спрыяць вяртанню сітуацыі ў рэчышча канструктыўнага дыялогу, што і прапануе беларускі бок, — сказаў Савіных.

Цікава, няўжо ў беларускім МЗС распыляюць амфетамін па дыванах і чырвоных дарожках? Гэта ж трэба дадумацца — назваць дэмарш паслоў “пазітыўным характарам і “вяртаннем сітуацыі ў рэчышча канструктыўнага дыялогу!

І невядома, ці не пацерпяць ад гэтага кроку беларускія грамадзяне. Калі раней вытурылі пасла ЗША і па патрабаванні беларускага боку скарацілі штат пасольства, то консульства ЗША прапанавала ездзіць па візы ў Маскву ды Кіеў. Калі зараз прыпыняць выдачу віз Польшча і Літва — гэта будзе швах. Ужо зараз пачаў хадзіць анекдот: “У цябе шэнгенская віза ёсць? — Не, няма. — І не будзе!

І вельмі нервова беларускія ніжэйшыя чыноўнікі адрэагавалі на такую сітуацыю. Яны сталі заспакойваць самі сябе.

Беларуская сталіца не панясе фінансавых страт, калі Чэмпіянат свету па хакеі 2014 года, які павінен адбыцца ў Мінску, усё ж будзе адменены. Пра гэта 29 лютага заявіў начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінгарвыканкама Аляксей Пракаповіч на прэс-канферэнцыі, прысвечанай падрыхтоўцы да першынства.

Начальнік упраўлення таксама адзначыў, што на чэмпіянат свету чакаецца каля 20 тысяч турыстаў у Мінск. Паводле яго слоў, такую колькасць гасцей удасца без праблем размясціць у беларускай сталіцы ў гатэлях і інтэрнатах розных катэгорый. “Мы жалезна можам размясціць 20 тысяч і яшчэ ў нас ёсць рэзерв прыкладна ў 5 тысяч месцаў, — сказаў Пракаповіч.

А навошта тады нам “Кемпінскі? З-за чаго сыр-бор?

А тым часам кансалідуецца паціху і беларуская апазіцыя. Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька звярнуўся да структур беларускай палітычнай эміграцыі з заклікам “да паразумення і сумеснай работы. Лябедзька адзначае, што беларускія дэмакратычныя прадстаўніцтвы за мяжой — “такі ж факт, як і адсутнасць офісаў па рабоце з грамадзянамі краіны ў большасці рэгіёнаў Беларусі. “Прыйшоў час пазнаёміцца і паспрабаваць зразумець адзін аднаго і, магчыма, скаардынаваць сумесную работу. Бо мэты мы заяўляем адны і тыя ж, — падкрэслівае Лябедзька.

А Аргкамітэт святкавання Дня Волі 25 сакавіка і “Малады фронт дамовіліся аб агульным зборы ўдзель­нікаў акцыі.

Што з гэтага атрымаецца — паглядзім.

Каментаваць