Дэнамінацыі не будзе?

На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму магчымай дэнамінацыі ў Беларусі. Па ягоных словах, новыя грошы, «прыгожыя, падобныя да еўра» ўжо аддрукаваныя, але для іх уводу патрэбныя «момант, час, каб эканоміка працавала, каб была стабільнасць». Між тым, стабільнасці пакуль няма.



Апошняя дэнамінацыя праводзілася ў 2000 годзе. Тады з беларускіх купюраў зніклі тры нулі. Зараз незалежныя эканамісты, прынамсі, Леанід Заіка, выказваюць меркаванне, што з заменай грошаў трэба крыху пачакаць, — да тае пары, пакуль долар не будзе каштаваць 10 тысяч рублёў. Тады можна будзе зрабіць курс рубля да долара альбо адзін да аднаго, альбо 1:10. Улічваючы, сённяшні курс рубля, такі час настане даволі хутка.

Але «кратнасць нулёў» — гэта не адзіны фактар для дэнамінацыі. Самы асноўны паказчык, па меркаванні былога старшыні Нацбанка Беларусі Станіслава Багданкевіча — інфляцыя. Дэнамінацыю варта праводзіць толькі тады, калі інфляцыя складае 7–8% (а лепш — 3–5%) на год, і яна стабільна трымаецца ў гэтых межах. Інакш і з новымі грашыма будзе тое ж, што і са старымі: яны пачнуць імкліва «назапашваць» нулі.

А вось з інфляцыяй у нас усё складана. Пры планаваным паказчыку інфляцыі ў 12% за 2013 год насамрэч яна склала, па афіцыйных дадзеных Белстата, 16,5%. Варта адзначыць, што гэты паказчык блізкі да прагнозаў Міжнароднага валютнага фонду, які ў красавіку 2013 года прадказваў інфляцыю ў 16,8%. У тым жа прагнозе МВФ закладваў і інфляцыю на 2014 год — 15,5%. Сусветны банк прагназуе інфляцыю ў Беларусі ў 2014 годзе на ўзроўні 16%.

Беларускі ўрад разлічваў, што ў гэтым годзе інфляцыя складзе 11%. Але за першыя тры месяцы яна дасягнула 3,6% — траціну гадавога прагнозу. У сувязі з гэтым ва ўладных установах бродзіць думка, каб скарэктаваць паказчык гадавой інфляцыі да «сусветных прагнозаў» у 16–17%.

Інфляцыя апераджае прагнозы, а значыць, сапраўды няма стабільнасці і няма ўмоваў для дэнамінацыі.

Эканамічнае становішча краіны дыктуе і іншыя неабходнасці. За два месяцы гэтага года складскія запасы на прадпрыемствах Беларусі выраслі на 480 мільёнаў долараў, і на 1 сакавіка склалі 80,8% ад сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці. То бок, наша прадукцыя ствараецца, але не прадаецца. Зразумела, ствараецца яна за грошы, якія потым, у выніку няпродажу, мы не атрымліваем. Грошы ж трэба аднекуль узяць, і мы бярэм іх «з тумбачкі» — імкліва скарачаюцца золатавалютныя рэзервы краіны.

ЗВР Беларусі скараціліся на 428,5 мільёна долараў у сакавіку, і на 1 красавіка 2014 года склалі 5 715,1 мільёна долараў. За тры месяцы скарачэнне золатавалютных рэзерваў склала 935,76 мільёна долараў. То бок, «крытычную рысу» ЗВР у 8 мільёна долараў мы даўно ўжо перасягнулі.

Як разгрузіць склады так, каб прадаць нашу прадукцыю за мяжу, адначасова атрымаўшы валюту? Радыкальнае выйсце для гэтага — знізіць кошт прадукцыі ў валюце, а значыць, правесці дэвальвацыю.

Наш народ, навучаны горкім досведам 2011-га года, вельмі балюча ўспрыме чарговы абвал рубля, асабліва напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Адзінае выйсце з гэтага — заняць яго нечым іншым, каб ён гэтую дэвальвацыю збольшага не заўважыў. Гэта магчыма: у мінулы годзе рубель «плаўна дэвальваваўся» да долара аж на 12%, і ні ў каго і думак не ўзнікла, што ідзе нейкі анамальны працэс.

Калі, насуперак чаканням эканамістаў, сумясціць дэвальвацыю з дэнамінацыяй, грамадзяне збольшага будуць заклапочаныя тым, каб пераводзіць грошы ў гаманцы ды цэннікі ў крамах са «старых» у «новыя» грошы, ды наадварот. Прыкладам, пасля дэнамінацыі долар стане каштаваць не 10 «новых» рублёў, а 15 альбо 20: ці заўважыць гэта «шараговы працоўны», асабліва калі не будзе ведаць, колькі ж у краме каштуе пляшка «пладова-выгаднага»?

Такі сцэнар, па меркаванні эканаміста Барыса Жалібы, выглядае даволі фантастычна. Проста таму, што нашай эканоміцы не дапамогуць ані дэвальвацыя, ані дэнамінацыя. «Тэза аб тым, што «дэвальвацыя дапамагае разгрузіць склады» грунтуецца на факце з падручнікаў: чым слабей нацыянальная валюта, тым лягчэй ідзе экспарт. Але насамрэч гэта не азначае, што такое абавязкова адбываецца, і экспарт аўтаматычна «падыме галаву». Зараз некаторым прадпрыемствам дазволена прадаваць прадукцыю па сабекошце, а тое і ніжэй — гэта значна больш моцны крок для іх, чым дэвальвацыя. А эфекту — нуль», — адзначае Жаліба.

Рэзкую ж дэвальвацыю, па меркаванні эканаміста, не замаскіруеш ані дэнамінацыяй, ані нечым іншым. Бо дэвальвацыя справакуе, найперш, адток рублёвых укладаў у банках і перавод іх у валюту, што выкліча чэргі ў абменніках, і, у сваю чаргу, рэзкае скарачэнне і без таго малых ЗВР. То бок, «банкаўскай паніцы» ўсё роўна, колькі нулёў на цэнніках у крамах. «Таму я лічу цалкам слушнай палітыку Нацбанка па ўтрыманні курса беларускага рубля», — зазначыў Жаліба.

Што ж тычыцца дэнамінацыі і «новых грошаў», то тут эксперт раіць Аляксандру Рыгоравічу разабрацца ў паняццях. «Дэнамінацыя — гэта тэхнічнае мерапрыемства, якое праводзіцца для большага камфорту: у банках «зрушваюцца» на некалькі нулёў сумы, знікае колькасць нулёў на паперах… Але афармленне банкнотаў пры гэтым не мяняецца. Калі Лукашэнка заявіў пра «прыгожыя грошы, падобныя на еўра», то гэта ўжо не дэнамінацыя, а «нулефікацыя», і грашовая рэформа», — тлумачыць Жаліба.

На ягоную думку, калі ўжо праводзіць такую рэформу, трэба «сціраць» не тры, а чатыры нулі, бо інакш «праз пяць год мы зноў атрымаем новыя «тысячныя» купюры». «Калі зняць чатыры нулі, то заробак будзе не чатыры мільёны, напрыклад, а 400 рублёў, як у СССР. Гэта нармальна, і гэта дае магчымасць увесці манеты, як ва ўсіх суседніх краінах», — мяркуе эканаміст.

Каментаваць